У рамках акцыі «Нашы дзеці» аддзяленню паліятыўнай медыцынскай дапамогі спецыялізаванай установы перададзены два новых апарата ШВЛ. Падарунак ад Беларускага фонду міру ўручылі старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання Андрэй Нікіцін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка.
— Дзяржаўная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у нашай краіне шматгранная, — адзначыў Валерый Малашка. — Гэта і фінансавая дапамога, і медыцынская рэабілітацыя, і стварэнне такіх вось цэнтраў паліятыўнай дапамогі для цяжка хворых дзяцей. Паталогія ў некаторых з іх настолькі цяжкая, што нават органы дыхання не спраўляюцца са сваімі функцыянальнымі магчымасцямі — ім патрэбна механічная рэспіраторная падтрымка. Сёння яе можна атрымаць не толькі ва ўстановах аховы здароўя, але і дома. Хворыя дзеці жывуць разам са сваімі бацькамі, якія навучаны карыстацца такой тэхнікай. У нас дастаткова працяглы вопыты вядзення такіх дзяцей ў дамашніх умовах: пры паліятыўнай дапамозе гэта дапамога адпавядае ўсім міжнародным стандартам. І Магілёўскі спецыялізаваны Дом дзіцяці апошнім часам узяў на сябе важную місію суправаджаць такіх дзяцей і сем’і, у якіх яны жывуць. Тут назапашваецца адмысловае медыцынскае абсталяванне, якім медработнікі вучаць карыстацца бацькоў хворых дзяцей. Гэта дазваляе дзіцяці выжываць у складаных, а часам крытычных сітуацыях.
Агульны кошт апаратаў, перададзеных Дому дзіцяці, склаў болей чым 90 тысяч рублёў. Гэта дапамога стала магчыма дзякуючы людзям, якія сёння ахвяруюць грошы на добрыя справы. Беларускі фонд міру з’яўляецца адной з самых масавых грамадскіх арганізацый, у яго ахвяруюць сотні тысяч людзей.
На думку старшыні праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра Андрэя Нікіціна, мы ўсе разам можам зрабіць шмат чаго. І самае галоўнае — выратаваць жыццё чалавеку. Даражэй гэтай каштоўнасці нічога на свеце няма. Андрэй Нікіцін падзякаваў прадстаўнікам бізнесу, грамадзянам — усім тым, хто не шкадуе грошы на добрыя справы.
Як паведаміла галоўны ўрач Магілёўскага спецыялізаванага Дома дзіцяці Наталля Александровіч, сёння тут на ўліку знаходзіцца 155 дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці. Некаторыя з іх маюць патрэбу ў рэспіраторнай падтрымцы. Чацвёра з іх атрымліваюць такую дапамогу на доме.
Фота з сайта Тэлеграм-канала «Веснік Магілёва»