Top.Mail.Ru

Магілёўскі спецыялізаваны Дом дзіцяці атрымаў ад грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд міру» партатыўны апарат ШВЛ

Аўтар:
Падарунак Дому дзіцяці ад Фонду міру

Гэты апарат вельмі патрэбны для аддзялення паліятыўнай дапамогі, дзе сёння на ўліку стаяць 10 дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці. 

— Добрыя справы аб’ядноўваюць, — адзначыў намеснік старшыні праўлення ТА «Беларусі фонд міру» Андрэй Балабін. — Дзяржава робіць сваю частку, бізнес — сваю, выплачваючы падаткі. Ёсць такое ёмістае паняцце, як чалавечнасць. Аддаваць заўсёды больш прыемна, чым атрымліваць. 

Абсталяванне перададзена ў рамках праекта «Дай пяць дабру», які праводзіцца вядомым сеткавіком «5 элемент» сумесна з Магілёўскім абласным аддзяленнем «Беларускага фонду міру». Праекту ўжо дзесяць гадоў, і ў ім удзельнічае шмат людзей. 

— Наш прынцып — спяшайся рабіць дабро сёння, бо тое, што будзе заўтра, невядома, — рэзюмуе Андрэй Балабін. 

Дабрачынная акцыя — гэта ілюстрацыя таго, якое насамрэч беларускае грамадства, лічыць старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Андрэй Нікіцін. 

— Мы сёння ўсе разам, адна каманда, — кажа ён. — Наша сацыяльна арыентаваная дзяржава забяспечвае высокі ўзровень аказання меддапамогі і, перш за ўсё, ахоплівае сваёй увагай дзяцей. Словы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, што чужых дзяцей ў Беларусі няма, мы не толькі ведаем — мы так жывём. 

Андрэй Нікіцін заўважыў, што без удзелу жыхароў Магілёўшчыны аказваць такую б важкую дапамогу было б немагчыма. І тое, што на працягу апошніх пяці гадоў Фонд міру накіроўвае ў Дом дзіцяці апараты ШВЛ, — гэта перш за ўсё заслуга грамадзян.

Удзел ва ўрачыстай падзеі прыняла памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. Пасля акцыі ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі жывыя кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяр генацыду па вуліцы Раўчакова і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю