Яна адкрылася ў Магілёўскім абласным драмтэатры ў рамках тэматычнага тыдня, прысвечанага подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
За паўгадзіны да пачатку спектакля «А зоры тут ціхія» гледачы змаглі ўбачыць мастацкія работы прызнаных аўтараў і дзіцячыя малюнкі, зробленыя да III рэгіянальнага конкурсу работ выяўленчага мастацтва і фатаграфіі «Боль душы», прысвечанага памяці ахвяр генацыду беларускага народа і 85-й гадавіне абароны Магілёва. Уражанні ад работ узмацняла музыка ў выкананні ансамбля класічнай і сучаснай музыкі «Экспромт-Класіка-Квартэт».

— Мы шчыльна супрацоўнічаем з абласным драмтэатрам у рамках заключанага паміж намі пагаднення, — адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я. Р. Раманава Яўген Белавусаў. — У экспазіцыі «Вялікая вайна — Вялікая Перамога» прадстаўлены работы з фондавай калекцыі мастацкага музея імя П. Масленікава. Іх аўтары — вядомыя беларускія мастакі, а таксама ўдзельнікі міжнароднага пленэру па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». Тут ёсць і тэматычныя кампазіцыі, і пейзажныя, на некаторых карцінах можна ўбачыць мемарыялы і іншыя знакавыя аб’екты нашага рэгіёна.
На фоне прафесіянальных работ дзіцячыя выглядаюць вельмі кранальна. Узрост юных удзельнікаў выставы ад 6 да 18 гадоў.

— Сёлета на конкурс паступіла як ніколі шмат дзіцячых малюнкаў, — кажа дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Вольга Кузняцова. — Мы бачым яскравыя работы дзяцей, якія гавораць пра многае. Ніводная з іх не застанецца без увагі. Удзельнікі атрымаюць памятныя падарункі, дыпломы. Вялікі дзякуй іх педагогам, якія дапамагалі сваім вучням прасякнуцца тэмай. Гэтыя дзеці вырастуць добрымі людзьмі, яны будуць любіць сваю радзіму, паважаць старэйшых. Мяркуючы па выставе, можна сказаць, што наша будучыня ў надзейных руках.
Не менш удзельнікаў сёлета і ў V рэгіянальным конкурсе чытальнікаў.
— Летась іх было 130, сёлета яшчэ больш, — кажа Вольга Кузняцова. — Хлопцы і дзяўчаты чытаюць і на рускай, і на беларускай мовах. Падыходзяць да справы адказна, рыхтуюць да выступленняў касцюмы, рэквізіт. І наша кампетэнтнае журы, нашы артысты праглядаюць гэты матэрыял вельмі ўважліва. Тэма вайны, патрыятызму, любові да Радзімы раскрываецца настолькі, што цяжка стрымаць слёзы. Калі дзеці чытаюць вершы, у нас у тэатры поўная цішыня. Пасля гэтага разумееш, наколькі важна праводзіць падобныя конкурсы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара