Баявыя медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі» — асаблівыя ўзнагароды. Падчас вайны іх уручалі за выключную храбрасць падчас бою. У рукі магілёўскіх пошукавікаў трапілі тры ўзнагароды, якія належалі Івану Наслюку, Іларыёну Кіркалаву, Сяргею Кунцэвічу. Ветэраны іх калісьці страцілі і пошукавікі прыклалі намаганні, каб устанавіць іх родных.
Васіль Мікалаевіч Кіркалаў прыбыў на сустрэчу разам са сваім пляменнікам. Калі яму перадавалі ўзнагароду, не змог стрымаць слёз.
— У майго дзядулі было 5 братоў, я нават помню гэтага Іларыёна, — расказвае Васіль Мікалаевіч. — Шмат часу прайшло, а памяць жыве. Замежнікі нам здзіўляюцца, чаму мы ўвесь час успамінаем пра вайну. Але як яе можа забыць?
Пляменнік Васіля Мікалаевіча Аляксандр Кіркалаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ў магілёўскай СШ № 46, цікавіцца гісторыяй, у тым ліку і свайго роду. Рыхтуе кнігу да 80-годдзя Перамогі, дзе будзе інфармацыя пра прадзедаў, якія ваявалі. У тым ліку і пра Іларыёна Кіркалава.
Вайна шмат прынесла гора беларусам, кожны год пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вікру» устанаўліваюць новыя факты злачынстваў гітлераўцаў. І «Магілёўскі пошукавы веснік» менавіта тое выданне, дзе яны даюць сваю справаздачу. Выданне — ўнікальнае, адзінае на постсавецкай прасторы. Мінулы год забраў некалькіх яркіх яго аўтараў. Гэта Пётр Хаванскі, Віктар Арцем’еў, Уладзімір Абрамаў. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі іх памяць.
Васемнаццаты выпуск ваенна-гістарычнага зборніка прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пад яго абгорткай сабраныя вынікі пошукавых экспедыцый, архіўныя матэрыялы, артыкулы розных аўтараў на тэму вайны — Мікалая Барысенкі, Людмілы Грышанавай, Аляксандра Халеева, Юрыя Абмоіна, Галіны Кажэўнікавай, Алы Казючыц і іншых. 300 старонак актуальнай інфармацыі. Асобая ўвага надаецца тэме генацыду беларускага народа ў гады вайны. Узрушэннем мінулага года сталі раскопкі ў Казіміраўскім лесе, дзе акупанты хавалі сляды сваіх злачынстваў — забітых імі мірных савецкіх грамадзян.
— Наш пошукавы клуб займаецца вывучэннем падзей на тэрыторыі вобласці, а дакладней Усходняй Беларусі, — адзначыў кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Мы працуем на памежжы Гомельскай, Віцебскай, Бранскай, Смаленскай абласцей. Паняцце «геаграфічныя межы» у нас вельмі размытае. Усе мы аб’яднаныя адной мэтай — аднавіць добрае імя салдата, знайсці як мага болей невядомых загінуўшых на той вайне.
«Магілёўскі пошукавы веснік» выдаецца з 2001 года, калі пошукавікі зразумелі, што толькі рыдлёўкай і расказамі мясцовых жыхароў многае не зробіш. Павінен быць навуковы падыход. Нягледзячы на тое, што сёння адкрываюцца архівы і пракуратура распачала справу па факце генацыду супраць мірных грамадзян, інфармацыі мала. Разам з пракуратурай пошукавікі збіраюцца налета выдаць кнігу, прысвечаную гэтай тэме.
— Усё, што можна знайсці дакументальнага — сведчанні відавочцаў, дакументы — усё трапіць у гэта выданне, — кажа Мікалай Барысенка. — Працягваем працаваць у Казіміраўскім лесе. І знойдзеныя там астанкі 300 чалавек, думаю, не ўсё. Хутка да нас прыязджае 52 асобны пошукавы батальён Мінабароны і прадоўжацца палявыя пошукавыя работы. У тым ліку і ў Казіміраўскім лесе. Тэма генацыду не вывучаная, ёй трэба шчыльна займацца. Мой артыкул у «Магілёўскім пошукавым весніку» па гэтай тэме заснаваны на дакументах і фактах, успамінах ацалелых сведак. Мяркую, што болей інфармацыі па Казіміраўскім лесе на сённяшні дзень наўрад дзе можна знайсці. Гэта месца стане самым знакамітым нямым сведкам усёй акупацыйнай палітыкі захопнікаў на Магілёўшчыне. Там запланавана стварэнне фундаментальнага памятнага мемарыяла, а лес, спадзяюся, таксама набудзе статус мемарыяльнага.
Фота аўтара