Сёння, 26 чэрвеня, ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва адкрылася выстава расійскіх мастакоў-удзельнікаў пленэру «Магілёў на палотнах расійскіх мастакоў». Вечарам для магіляўчан і гасцей горада падрыхтавалі канцэрт з дыскатэкай каля Святога возера і сюрпрыз — адкрыццё музычнага фантана на рацэ Дубравенка.
На працягу дня ў суботу ў Камсамольскім скверы будзе працаваць выстава-кірмаш рамеснікаў «Магілёўскі сувенір» і разгорнецца выстаўка-прэзентацыя прадпрыемстваў горада. Тут жа пройдзе фестываль марожанага.
- Весела будзе і на пешаходнай вуліцы Ленінскай падчас свята настрою «Магілёў з густам». У гэты ж дзень у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы адбудзецца канцэрт Цэнтральнага пагранічнага ансамбля Федэральнай службы бяспекі Расіі. А на пляцоўцы каля Магілёўскага гарвыканкама адкрыюць стэлы, якія сімвалізуюць пабрацімскія адносіны паміж Магілёвам, Чэлябінскам і Екацярынбургам. У праграме таксама адкрыццё Яраслаўскага дворыка, канцэрт Магілёўскай гарадской капэлы і караоке пад аркестр у Тэатральным скверы, начны кінасеанс пад адкрытым небам у парку Падміколля і іншыя актыўнасці.
Непасрэдна ў Дзень горада, 28 чэрвеня, на «Плошчы Зорак» адкрыюць новую імянную «зорку». Прадоўжыцца выстаўка-кірмаш рамеснікаў у Камсамольскім скверы, а на пляцоўцы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу H2O пройдзе спартыўнае свята, дзе выберуць наймацнейшага магіляўчаніна.
Вечарам на набярэжнай ракі Дубравенка — маладзёжны медыяпікнік пад адкрытым небам, а ў скверы 40-годдзя Перамогі — вечар адпачынку пад духавы аркестр.
Нэлі ЗІГУЛЯ