
Валянцін Губараў «Вясна надзей».
— Я бульбу пасадзіў! — хваліцца былы калега, чым вельмі здзіўляе, бо навошта, здавалася б, чалавеку без сям’і, без здароўя вось гэткі клопат?
— Дык ён жа наш, спрадвечны! — нясецца ў адказ. У нашай радзіне бульбу ўсе садзілі... Вось і я.
Усе мы з хат
Ёсць вуліцы цэнтральныя, высокія і важныя...
Гэта, хоць і сталічная, але не такая: адносна вузкая, ціхая. Нас яна вядзе ад трамвайнай лініі да Акадэміі навук, двух мужчын (няйначай акадэмікаў, бо ў белых кашулях, пры гальштуках, з адмысловымі партфелямі) — ад... Яны спаважна, памалу ідуць, мы таксама не спяшаемся.
— Я вядро «Маніфесту» пасадзіў, — чуем, параўняўшыся. — І вядро «Галы». Гэта новыя сарты...
— Старыя таксама нядрэнна родзяць, калі гною добрага даць.
...Зямляне.
Такія розныя мары
Алёна, можна сказаць, багацейка: у яе ў маленстве два дзяды былі, дзве бабулі.
Адна — найстарэйшая, вяскоўка — вельмі шмат што чула пра каларадскага жука і вельмі баялася, што памрэ, а яго не пабачыць. Другая — дзень пры дні глядзела серыял «Багатыя таксама плачуць», ва ўсіх пыталася, чым ён скончыцца, і тут жа прасіла, каб не казалі — хацела ўбачыць сама.
Алёніна мама (іх дачка і нявестка) у дзяцінстве марыла жыць пры камунізме і да сёння марыць убачыць трамвай, які (у газетах пісалі) «пусцяць» па іх праспекце...
У самой Алёны жаданні больш празаічныя: ёй хочацца ведаць, кім і якім стане сын, што вырасце з пястушкі-дачушкі.
...Многія мары, жаданні збываюцца, многія не: на «збычу» проста не хапае жыцця.
Чалавек мяркуе
Лёс зводзіць і лёс разводзіць. Некалі, у мінулым стагоддзі, мы разам працавалі, здаралася — «ганялі чаі»: нешта абмяркоўвалі, спрачаліся, на гадзіну-другую маглі затрымацца... Ніна — ніколі: ёй трэба было ехаць — у іншы канец горада, у садок (беларускамоўны), па хлопчыка.
Пра яго, тады, мы чулі амаль штодня. А таму не дзіва, што цяпер, выпадкова сустрэўшы матулю, адразу ж спыталі:
— Ну як жа хлопчык?
— Ды ўжо ж, — засмяялася жанчына, — дачушку гадуе.
— (?!)
—... Два гадочкі малой. Такая шчабятушка!
— А як жа шчабеча, — не маглі не спытаць — па-руску? Па-беларуску?
— Па-англійску: яны ў Канадзе жывуць.
...Чалавек мяркуе. Чалавек шукае, дзе лепш.
Бывае — знаходзіць. А бывае — не.
Цудоўны муж
У людзей сталага ўзросту небяспечна пытаць, як жыццё, — могуць пачаць з аналізаў. Зрэшты, у маладых таксама.
У Раечкі вось сто падстаў для гонару: свой бізнес, грошы, цудоўны муж, новая машына, кватэра...
З запалам, ва ўсіх падрабязнасцях расказвае, як першых гасцей прымалі, які яна стол накрыла, што прыгатавала...
Але ж, мусіць, стамілася, бо на «фінішы» вострым нажом паласнула па пальцы, кінулася ў ванны пакой да аптэчкі...
Па «дарозе» муж пераняў, сказаў: «Стой, дурная, а то ўвесь паркет мне загадзіш». Заціснуў рану, перавязаў...
І далей даслоўна: «Я ж кажу — цудоўны муж! Ён усё робіць добра. На пальцы вось толькі шрам застаўся і ўсё».
...На сэрцы, значыць, нічога.
Трэці — лішні
У вёсцы, як здавалася, пахаваннем ужо не здзівіш, але...
— Учора днём магілу капала, — паведамляе прыяцелька.
— ?!
— Невялікую — для бусла.
І далей распавядае, як раніцай у канцы гарода заўважыла нешта белае, як пайшла паглядзець, што, і там, непадалёк ад буслянкі, убачыла распластаную мёртвую птушку.
Спужалася — думала, што гэта нейкі з яе буслоў, аднак, узняўшы галаву, згледзела, што свае салодкай парачкай кружляюць над балотцам. Значыць, гэты бусел — чужы?
А далей — хіба здагадкі аб тым, што, застаўшыся без пары, ён (ці яна?), надумалі шукаць сабе іншую сям’ю ды іншую буслянку; што, «знайшоўшы», сталі ці не шчаміцца ў яе; што гаспадары (птушкі — не людзі), напэўна ж, бараніліся... Да апошняга.
Калі па часе гэта было (мо на досвітку? Ці справа імгненняў?), ніхто з вяскоўцаў не чуў і не бачыў, але ж здагадку выказаць можна?
На розных мовах
Мы з Тамарай ходзім парай... Найчасцей — пад абед, але ж не ў сталоўку.
— Нам, калі ласка, дзве кавы, — просім у бліжняй кавярні.
— Кавы «нет», — агарошвае чалавек пры... кава-машыне.
— А «кофе?» — з-за пляча ўдакладняе Тамара.
— «Кофе», — всегда пожалуйста!
І з чаем, як аказалася, без праблем.
А вось з гарбатай — горай, бо яе таксама «няма». А зрэшты...
— Вишневая вас устроит? — спытаў афіцыянт надоечы і, атрымаўшы згоду, прынёс нам па ладным кілішку... настойкі.
Калі б гэта вечарам, пасля працы і па цане гарбаты, можна было б «накаціць», а так...
Урок беларускай — не болей.
Узвышанае і зямное
З назіранняў бывалых: нішто не дапамагае па гаспадарцы больш, чым адключаны інтэрнэт, бо з уключаным...
Не вам казаць — як з малаком на пліце: і глядзець няма на што, і не адыдзешся, вока чапляецца то за адно, то за другое, за пятае-дзясятае... Во, неспадзеўкі: «Раніца пачынаецца не з кавы».
А прабачце, з чаго?!
У правым куточку рэкламнага банера, перад гэтым «адкрыццём» — зусім невялічкі... унітаз, пасля гэтых слоў — назва крамы па продажы сантэхнікі.
Усё лагічна.
Старасць не радасць
У адной маладой аўцючкі спыталі, чаму дзетак няма? Смехам адказала, што мужа, каласка свайго, ніяк цвярозым не зловіць.
У Ягораўны ён таксама п’яніцам быў, але ж яна цяжарала. І нават двойчы. Праўда, першае дзіцятка толькі дзень пажыло: па словах матулі, не ўмелі ў той час немаўлят ратаваць. І трагедый са смерці тады не рабілі: бог даваў дзяцей (ці не ўсім... Колькі хочаш...) — бог, здаралася, забіраў. Вось і яна: не адразу, але змірылася. Праз два гады нарадзіла дачку. Гадавала (як ні цяжка было), прыбірала, вучыла (ва ўніверсітэце!), вяселле спраўляла, унукаў няньчыла...
Хварэе цяпер — даўно і цяжка. То ў паліклініку трэба, то ў краму ці аптэку — сама, адна, ужо зусім нікуды...
Не, дачка з зяцем непадалёк жывуць і ёй ну ні ў чым не адмаўляюць! Ад слова прывязуць, адвязуць, купяць, зробяць... Але ж маці пры гэтым сто разоў уздыхне-падумае, што ім жа цяжка, што ім часу няма; сто разоў пашкадуе, што дачка — адна, а магло ж быць...
«Если бы молодость знала, если бы старость могла».
Валянціна ДОЎНАР