Top.Mail.Ru

Менш гуманітарыяў, больш тэхнароў: ВНУ Беларусі зацвердзілі план прыёму

У Міністэрстве адукацыі Беларусі вызначылі план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі на бягучы год. У адукацыйным ведамстве падкрэслілі, што набор у ВНУ колькасна будзе такі ж, як і летась. План прыёму ў каледжы на 2025 год таксама сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму 2024 года. Аб’ём і структура прыёму для падрыхтоўкі спецыялістаў па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях скарэкціраваны. Іншымі словамі, універсітэты стануць менш рыхтаваць лірыкаў — філосафаў, сацыёлагаў, філолагаў, псіхолагаў, дыпламатаў, бізнес-адміністратараў, эколагаў, гісторыкаў і іншых, а падрыхтоўку фізікаў — спецыялістаў па дакладных навуках — павялічаць.


Умовы роўныя і празрыстыя

— Уступная кампанія ў ВНУ праходзіць у адпаведнасці з правіламі прыёму, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 г. № 23, — тлумачыць першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. — Усе падыходы па прыёме абітурыентаў, якія добра зарэкамендавалі сябе летась, захаваны.

Ён запэўніў, што, як і раней, будуць забяспечаны роўныя празрыстыя ўмовы і створаны ўсе неабходныя магчымасці для паступлення адораных, таленавітых і матываваных абітурыентаў на запатрабаваныя эканомікай нашай краіны спецыяльнасці. Пры тым што набор у ВНУ захоўваецца на ўзроўні мінулага года, план на бюджэтную форму павялічаны на 400 чалавек, і складае ў цэлым 31,8 тысячы абітурыентаў.

— Улічваючы колькасць выпускнікоў гэтага года, мы стварылі ўсе ўмовы для паступлення найбольш падрыхтаваных выпускнікоў у ВНУ, — канстатаваў першы намеснік міністра адукацыі. — Вельмі важна, што практычна кожны чацвёрты абітурыент — будучы інжынер.

Аляксандр Бахановіч таксама дадаў, што ў 2025 годзе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 38,6 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 29,7 тысячы навучэнцаў, і прывёў наступны факт: «На платнай аснове ў каледжы плануецца прыняць 8,9 тысячы чалавек, у тым ліку на дзённую форму атрымання адукацыі — 6,2 тысячы, на завочную форму — 2,7 тысячы навучэнцаў, на вячэрнюю — 39, і на дыстанцыйную — 35 чалавек».

Пры гэтым, як заўважыў прадстаўнік Мінадукацыі, набор за кошт сродкаў бюджэту ў 2025 годзе павялічыцца на 779 чалавек, а набор на платнай аснове скарацца на 1,3 тысячы чалавек.

У сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 28 тысяч чалавек — і гэта на 1,2 тысячы чалавек больш, чым у 2024-м. Пераважная большасць — 22,1 тысячы чалавек — выпускнікі 9 класа, выпускнікі з атэстатам складаюць 4,3 тысячы чалавек, са спецыяльнай адукацыяй — 428 чалавек.

— У найбліжэйшы час будуць апублікаваны тэрміны правядзення прыёмнай кампаніі, — сказаў Аляксандр Бахановіч. — Але ўжо сёння магу сказаць: яны будуць тыя ж, што і летась.

Інжынерныя класы ідуць «у бой»

Адна з галоўных, цікавых і чаканых навацый уступнай кампаніі 2025 года — маштабны выпуск вучняў інжынерных класаў.

У Міністэрстве падкрэслілі, што тыя, хто мае па профільных прадметах бал не ніжэйшы за 8, а па ўсіх астатніх — не ніжэйшы за 7, змогуць паступіць у ВНУ Беларусі на шэраг запатрабаваных інжынерных спецыяльнасцяў без уступных выпрабаванняў.

— Стаць студэнтамі яны змогуць па сумоўі, якое пакажа ўзровень іх ведаў па праграме факультатыву «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію», — расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі міністэрства Сяргей Пішчоў. — Ужо сёння пытанні, якія будуць прапанаваны на сумоўі, размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі і на інфармацыйных рэсурсах ВНУ, якія будуць прымаць абітурыентаў па гэтай траекторыі.

Сяргей Пішчоў нагадаў, што акрамя вышэйпералічаных патрабаванняў такія абітурыенты павінны мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.

Ёсць «мэта» — менш перашкод

Па выніках прыёмнай кампаніі 2024 года на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўніверсітэты Беларусі залічана 4,6 тысячы чалавек, што на 1,1 тысячы больш, чым у 2023 годзе.

— Сёння Міністэрства адукацыі сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі фарміруе план прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, які будзе размешчаны на сайтах устаноў адукацыі да 1 мая, па педагагічных спецыяльнасцях — да 1 чэрвеня, — дзеліцца Аляксандр Бахановіч. — Дадзеная траекторыя паступлення карыстаецца павышанай цікавасцю ў абітурыентаў і арганізацый — заказчыкаў кадраў, і мы канстатуем штогадовы прырост такіх студэнтаў.

Разам з тым Аляксандр Генадзевіч адзначыў, што мэтавая падрыхтоўка — не самамэта.

— Мы разглядаем яе як механізм эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з арганізацыяй — заказчыкам кадраў, павышэння якасці і практыка-арыентаванасці падрыхтоўкі спецыялістаў, арганізацыі персаніфікаванай траекторыі навучання. Акрамя таго, гэта індыкатыўны паказчык узроўню падрыхтоўкі і матывацыі будучага работніка, — канстатаваў ён.

Прыём абітурыентаў у ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў 2025 годзе будзе праведзены з выкарыстаннем падыходаў, якія станоўча зарэкамендавалі сябе ў мінулыя гады. Гэта паступленне па конкурсе сярод асобных арганізацый-заказчыкаў, гэта ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі па шэрагу спецыяльнасцяў — не ніжэйшы за 7 (за выключэннем найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў), гэта ўключэнне ў склад экзаменацыйных камісій выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў школ.

— Колькасць мэтавых месцаў у параўнанні з 2024 годам не змянілася і складае да 80 % для медыцынскіх спецыяльнасцяў, да 70 % — для сельскагаспадарчых, да 60 % — для астатніх, — прывёў даныя першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, для мэтавікоў застаўся ранейшым і фармат правядзення ўступнай кампаніі: прыём дакументаў у асобныя тэрміны, здача аднаго ўнутранага выпрабавання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Тэрміны прыёмнай кампаніі вызначаны наступныя: падача дакументаў — з 27 чэрвеня да 2 ліпеня, правядзенне ўступнага іспыту — з 4 да 10 ліпеня, залічэнне — да 12 ліпеня.

Змены не закранулі і пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў — усяго 69 пазіцый.

Новыя спецыяльнасці: праектаванне беспілотнікаў і паглыбленае вывучэнне кітайскай

У 2025 годзе адкрыта падрыхтоўка па 10 новых спецыяльнасцях у сістэме вышэйшай адукацыі, 5 — сярэдняй спецыяльнай і па 4 кваліфікацыях — прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Упершыню на ўзроўні вышэйшай адукацыі будуць прымаць абітурыентаў на спецыяльнасці «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў», «Звышвысокачастотныя сістэмы», «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў», «Фізічная культура. Ваенна-патрыятычнае выхаванне», «Афрыканістыка», «Харчовая бяспека», «Міжнародная эканоміка і гандаль (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)» і іншыя. У каледжах — «Кузаўны рамонт транспартных сродкаў», «Выхаваўчая работа», «Дызайн гукавога асяроддзя».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю