Top.Mail.Ru

Міліцыянеры Магілёўшчыны адправіліся на дапамогу аграрыям

Сёння з мехдвара ААТ «Аграпрамналадка» ў Буйнічах на жніво адправіўся зводны мехатрад з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Нагадаем, што два тыдні таму тут праводзілі на ўборку збожжа зводны атрад МНС. Жніво набірае абароты, і гаспадаркам патрэбны дадатковая тэхніка і працоўныя рукі. 


Часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Раман Цюльманкоў паведаміў, што мехатрад створаны па даручэнні міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.


— Супрацоўнікі прайшлі першапачатковую падрыхтоўку і камандзіруюцца ў гаспадаркі Магілёўскай вобласці для аказання дапамогі ва ўборачнай кампаніі, — падкрэсліў ён. — Аналагічныя мерапрыемствы праводзіліся па даручэнні міністра і летась. Сёлета мы зноў вырашылі не застацца ўбаку. Для міліцыянера важна не толькі грамадская і дарожная бяспека, але і харчовая.


Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс» Ігар Казаноўскі, зводны атрад МНС, які стартаваў два тыдні таму, сёння плённа працуе ў Асіповіцкім і Глускім раёнах. А мехатрад з сямі экіпажаў, укамплектаваных супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і двух — ад кіруючай кампаніі адправіліся ў Бялыніцкі, Дрыбінскі і Касцюковіцкі раёны.

Ігар Казаноўскі ўдакладніў, што мехатрады кіруючай кампаніі холдынга выконваюць практычна ўвесь шлейф сельгасработ, пачынаючы ад узорвання, унясення ўгнаенняў і заканчваючы ўборкай збожжавых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю