Top.Mail.Ru

Ісачанка: Цеснае ўзаемадзеянне перапрацоўшчыкаў з аграгаспадаркамі дае станоўчы эфект

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка расказаў журналістам, чым цікавіўся Прэзідэнт падчас яго даклада. Увага была нададзена развіццю сельскай гаспадаркі і рэгіёна ў цэлым, кадравай палітыцы, ходу вясенне-палявых работ. Прэзідэнта таксама цікавіла работа перапрацоўчых прадпрыемстваў і сыравінныя зоны для іх. 


— На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці чатыры малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы — «Бабуліна крынка», «Малочныя горкі», два прадпрыемствы ў Шклове — масларобны завод плюс прыватнае прадпрыемства, — падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі размовы Анатоль Ісачанка. — За кожным прадпрыемствам замацаваны сыравінныя зоны, па якіх яны выступаюць інтэгратарамі, развіваюць іх. Напрыклад, Горацкі раён цалкам забяспечвае малаком прадпрыемства «Малочныя горкі». У даверным кіраванні «Малочных горак» знаходзяцца дзве сельгасарганізацыі. На сённяшні дзень там будуюцца малочныя комплексы, укладваюцца грошы ў іх развіццё, павялічваюцца аб’ёмы малака. Таксама працуе і «Бабуліна крынка», якая мае сваю сыравінную зону, авансуе сельгаспрадпрыемствы, дапамагае ім у закупцы мінеральных угнаенняў.

Што датычыцца Шклоўскага раёна, то там вядзецца будаўніцтва новага перапрацоўчага завода з аб’ёмам 300 тон малака ў суткі — якраз столькі, колькі ён і вырабляе. 

Губернатар падкрэсліў, што цеснае ўзаемадзеянне перапрацоўшчыкаў з аграгаспадаркамі дае станоўчы эфект. 

— Рэгіён імкнецца да таго, каб як мага болей атрымліваць, перапрацоўваць і рэалізоўваць малака, бо гэта рэальныя грошы, — падкрэсліў ён. — Зараз вырабляем каля 780 тысяч тон малака за год і ставім перад сабой задачу да канца пяцігодкі выйсці на мільён тон. Мы зацвердзілі праграму развіцця аграрнага сектара нашага рэгіёна, дзе дакладна прапісана, колькі нам трэба атрымаць мяса, малака, збожжа, плюс забяспечыць жывёлагадоўлю травянымі кармамі. Нягледзячы на ўсе праблемы, мы сёння паказваем дынаміку па вытворчасці і малака, і мяса.

У сакавіку Прэзідэнт здзейсніў рабочую паездку ў Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці, падчас якой наведаў племянны завод па развядзенні буйной рагатай жывёлы герэфардскай пароды. Разам з іншымі даручэннямі кіраўнік дзяржавы выказаў прапанову аб пашырэнні раёна. 

— Дрыбінскі раён будзе ўзбуйнены за кошт прылеглых Магілёўскага, Шклоўскага і Горацкага раёнаў, — паведаміў Анатоль Ісачанка. — Мы не проста будзем далучаць землі ці ўзбуйняць, мы глядзім на тое, каб там былі дадаткова дзеючыя прадпрыемствы. Сёння ў нас у Дрыбінскім раёне тры сельгаспрадпрыемствы, у выніку рэарганізацыі будзе шэсць. Раён павялічыцца, калі казаць ужо чыста пра гектары, прыкладна на 10 тысяч. Гэта будзе сярэднестатыстычны раён Магілёўскай вобласці. 

Прэзідэнт асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце райаграсэрвісаў, яго цікавіла работа іх у цэлым і ў прыватнасці Шклоўскага прадпрыемства.

— На тэрыторыі Магілёўскай вобласці працуе пяць райаграсэрвісаў, — удакладніў губернатар. — Сёлета нашымі сельгастэхнікамі адрамантавана 70 энерганасычаных трактароў, каля 130 рухавікоў, плюс шэраг іншай тэхнікі. Магутнасці ў нас былі ўжо загружаныя і мы не паспявалі. Плячо падставіла прадпрыемства «Шклоўрайаграсэрвіс», якое возьме на сябе частку складаных рамонтаў. Гэта прадпрыемства ўжо пачало сваю работу, наша задача надаць яму імпульс. 

Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіла, як вырашаецца кадравая палітыка ў Магілёўскай вобласці на прыкладзе Шклоўскага раёна.

— Калі казаць пра Шклоўскі раён, то сёння ва ўсіх яго сельгаспрадпрыемствах ёсць кіраўнікі, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Гэта людзі з вопытам і ўжо паказваюць вынік. 

Прэзідэнту таксама было даложана, як ідзе пасяўная ў Магілёўскай вобласці.

— Пасяўная кампанія праходзіць у планавым рэжыме, — паведаміў губернатар. — Мы крыху пазней пачалі, але сёння адстаём дзесьці на 3-4 дні. Усе нашы паўднёвыя раёны сяўбу ўжо скончылі, паўночныя падцягваюцца. Плануем да 18 красавіка завяршыць пасяўную. Першая падкормка рапсу ўжо завершана, праводзім другую. Да канца тыдня скончым першую падкормку азімых культур, пачнём другую. Прыступілі да сяўбы цукровых буракоў, лёну, усіх астатніх культур. Палявыя работы ідуць ужо шырокім фронтам і поўнасцю знаходзяцца пад кантролем. Нявырашаных пытанняў на сённяшні дзень няма. Угнаенні ёсць — і вадкія, і грануляваныя. Тэхніка дазваляе нам працаваць з любымі відамі ўгнаенняў. Самае галоўнае, што людзі накіраваныя на вынік.

Анатоль Ісачанка таксама нагадаў, што, дзякуючы дзяржаўным праграмным дакументам, якія сёння існуюць, увесь час ідзе абнаўленне машынна-трактарнага парку. А яшчэ вельмі дапамагаюць у рабоце мехатрады.

— Напрыклад, яны вывезлі дзесьці 25 % усёй арганікі Магілёўскай вобласці, а гэта больш за 5 мільёнаў тон. Рабяты працуюць спецыялізавана, займаюцца адной справай. Я прыводзіў прыклад, што ў сярэднім у нас трактар за сезон узорвае 800 гектараў, а хлопцы з мехатрадаў па 2400. Выпрацоўка лепшая, якасць таксама, ну і, адпаведна, годная зарплата. Мы выкарыстоўваем розныя падыходы для таго, каб задзейнічаць тэхніку, увесь патэнцыял, які ў нас ёсць.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю