Top.Mail.Ru

Міністр сельскай гаспадаркі Юрый Горлаў праінспектаваў ход жніва ў Магілёўскай вобласці

Міністр з рабочым візітам наведваў Быхаўскі, Кіраўскі і Бабруйскі раёны. Падчас знаходжання ў Быхаўскім раёне ён паназіраў за тэмпам ўборачнай кампаніі на палетках гаспадаркі СК «Дуброва» ААТ «Магілёўліфтмаша» і ўручыў Падзякі перадавікам — трактарыстам-машыністам Яўгену Нікітіну і Аляксандру Зычкову. 



Юрый Горлаў падзякаваў хлебаробам за самаадданую працу і адзначыў, што сёлета краіне пашчасціла вырасціць годны ўраджай. 

Тое, што ўраджай добры, пацвярджаюць і хлебаробы. Аляксандр Зычкоў прызнаўся, што ўпершыню намалаціў 1700 тон. Раней болей чым да 1300 не дацягваў. А яшчэ яму дапамагае тое, што ў якасці памочніка з ім сёлета ўпершыню працуе яго родны брат Арцём — кіроўца гаргаза. Разам яны як адно цэлае. 

У Быхаўскім раёне міністр ацаніў таксама якасць уборкі і застаўся задаволены.

— Мы не толькі вырасцілі добры ўраджай, але і ўбіраем яго без страт, — падкрэсліў ён. — Наша задача ў бліжэйшыя 10 дзён якасна завершыць уборачную кампанію. Магілёўская вобласць ужо перасягнула экватар, але разнявольвацца нельга. З наступнага тыдня падключаем тры вобласці — Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую — для таго, каб дапамагчы з уборкай віцебскім аграрыям. Мы працуем адзінай сям’ёй, падстаўляючы адзін аднаму плячо. 

Юрый Горлаў адзначыў, што дапамога будзе аказана усім раёнам, якія маюць у ёй патрэбу. Нагрузка на тэхніку вельмі вялікая. У тым жа Быхаўскім раёне на 1 зернеўборачны камбайн яна складае 500 гектар. 

З Кіраўска на дапамогу Мсціслаўскаму і Горацкаму раёнам адправіліся 8 камбайнаў з гаспадарак гэтага раёна, а таксама Бабруйскага і Глускага. Па дарозе да іх далучацца яшчэ 12.

— Шэраг гаспадарак Кіраўскага, Глускага раёнаў ужо завяршылі ўборку, некаторыя набліжаюцца да завяршэння, — адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі. — Каб больш аператыўна завяршыць уборачную кампанію, аблвыканкамам прыняў рашэнне 20 камбайнаў перакінуць у раёны, дзе больш нізкі працэнт уборкі. Сказаць, што нехта глабальна адстае, ці нехта там дрэнна спрацаваў, нельга. У пачатку ўборкі былі створаны мехатрады ААТ «Задняпроўскі межаграсэрвіс» і холдынгу «Аграмашсэрвіс», 18 камбайнаў якіх адразу ж былі накіраваныя ў гаспадаркі, якія патрабавалася ўзмацніць. Акрамя іх дапамогу на 19 камбайнах аказваюць супрацоўнікі МНС і МУС. 

Найбольш высокі працэнт прыбраных плошчаў — 80% у Кіраўскім раёне. У Горацкім і Мсціслаўскім раёнах, куды адправілася тэхніка з Кіраўска і іншых раёнаў, дзесьці каля 50%. Акрамя гэтага дапамога адправілася і ў Чавускі раён, дзе вялікая нагрузка на тэхніку. 

Па прынцыпе ўзаемадапамогі раёны Магілёўскай вобласці працуюць ужо не першы год. Як расказаў трактарыст-машыніст КСУП " Жылічы" Аляксандр Казека, трэці год запар, як толькі заканчваецца ўборка ў роднай гаспадарцы, ён адпраўляецца на дапамогу ў іншыя. Працаваў у Слаўгарадскім, Круглянскім, Чавускім раёнах. Прызнаецца, што робіць гэта з разуменнем справы і поўнай адказнасцю.

Хлеб — гэта ж справа агульная. 

Нэлі ЗІГУЛЯ,

Фота аўтара.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю