Top.Mail.Ru

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва — эфектыўны фактар беларуска-расійскай інтэграцыі

Супрацоўніцтва і сувязі паміж рэгіянальнымі суб’ектамі Саюзнай дзяржавы — тое, што дапамагае дзвюм краінам паспяхова пераадольваць усе выклікі апошняга часу. Аб гэтым неаднойчы гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Самая вялікая каштоўнасць — найтанчэйшыя капіляры чалавечых адносін, агульная гісторыя, культура, менталітэт, традыцыйны погляд на сям’ю, шанаванне старэйшых, вялізныя перспектывы і падтрымка моладзі. Таму нават у самыя цяжкія для Беларусі і Расіі часы кантакты на ўзроўні рэгіёнаў актыўна развіваліся. Гэта дапамагло нам выстаяць ва ўмовах развалу дзяржаўнасці і разрыву ўстояных эканамічных сувязяў пасля распаду вялікай краіны», — сказаў беларускі лідар у відэазвароце да ўдзельнікаў Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся ва Уфе ў 2023 годзе. Сяброўства і супрацоўніцтва рэгіёнаў нашых краін актыўна развіваецца. Штогод падчас Форуму рэгіёнаў (сёлета ён будзе праходзіць у Ніжнім Ноўгарадзе, летась яго прымала Віцебшчына) заключаюцца мільённыя кантракты, наладжваюцца ўзаемавыгадныя сувязі. Але і па-за межамі гэтага важнага мерапрыемства рэгіёны шукаюць і знаходзяць важныя пункты судакранання. Бо найтанчэйшыя капіляры чалавечых адносін сілкуюць адзін аднаго заўсёды.


Баранавічы, Обнінск, Кузнецк... і іншыя

Даўно і плённа супрацоўнічаюць Баранавічы з многімі рэгіёнамі Расіі. Паўтара года таму было падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж Баранавічамі і Обнінскам. 

Як паведамілі ў гарвыканкаме, бакі намецілі шляхі для супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў ў галіне эканомікі, прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, ЖКГ. Цяпер ідзе работа па ўвасабленні асобных планаў у жыццё.

Обнінск — другі па велічыні горад у Калужскай вобласці, як і Баранавічы — у Брэсцкай. Падабенства гарадоў назіраецца і па колькасці насельніцтва, і па структуры эканомікі. Обнінск — горад навуковых цэнтраў, навукова-даследчых інстытутаў, горад энергетыкаў і фізікаў. Падчас візіту ў Баранавічы расійскія партнёры праявілі цікавасць да індустрыяльнага парка, што ствараецца ў горадзе. Работа па ўзвядзенні першага корпуса індустрыяльнага парка «Бурштын», які з’яўляецца філіялам Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка, завяршаецца. З’явіліся першыя рэзідэнты. Цалкам верагодна, што ў перспектыве спіс рэзідэнтаў папоўніцца прадпрыемствамі з горада-пабраціма.
Гэта пытанне ўздымалася на расійска-беларускім форуме, які арганізавала Обнінская гандлёва-прамысловая палата мінулай восенню. Асаблівая ўвага на мерапрыемстве была ўдзелена дзейнасці індустрыяльных паркаў.

Асобным раздзелам у справе супрацоўніцтва гарадоў ідзе сумесная работа ў сацыяльнай сферы і культурны абмен.

— Цяпер у Баранавічаў каля двух дзясяткаў гарадоў-пабрацімаў, у тым ліку 9 з Расіі, — сказаў карэспандэнту газеты старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета Віктар КАЛАСОЎСКІ. — Нярэдка сяброўскія сувязі завязваюцца падчас форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі, затым працягваюцца абменамі дэлегацый, падпісаннем пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Скажам, з Кузнецкам Пензенскай вобласці пабрацімскія сувязі былі аформлены тры гады таму. Члены дэлегацыі Кузнецка адразу паставілі пытанне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і спорту, турызму, гуманітарнага супрацоўніцтва. Мэр горада Кузнецка выказаў асаблівую падзяку жыхарам нашай вобласці за шанаванне памяці іх земляка, ураджэнца Пензенскай вобласці, начальніка Брэсцкай пагранзаставы Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава — аднаго з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці, які загінуў у чэрвені 1941 года. Турыстычныя групы з Кузнецка рэгулярна наведваюць Брэсцкую крэпасць.

На гэтым тыдні чакаецца візіт дэлегацыі Пензенскай вобласці на Брэстчыну. Супрацоўніцтва працягваецца.

Новыя вытворчасці — новыя магчымасці

Па выніках ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі 47 суб’ектамі гаспадарання Віцебскай вобласці было падпісана 394 камерцыйныя кантракты. Сума экспартных кантрактаў за студзень — ліпень 2024 года склала 59,3 мільярда расійскіх рублёў і звыш 338 тысяч долараў. У дні правядзення форуму васьмю суб’ектамі гаспадарання паўночнага рэгіёна было падпісана 11 кантрактаў на суму 174,9 мільёна расійскіх рублёў 
і 28,14 мільёна долараў.

Акрамя камерцыйных дакументаў, Віцебскі аблвыканкам падпісаў 13 дакументаў аб супрацоўніцтве, у іх ліку — урадавы план мерапрыемстваў з Адміністрацыяй Валгаградскай вобласці, пагадненні аб супрацоўніцтве з урадамі Ніжагародскай і Арэнбургскай абласцей.

Пагадненні падпісалі Віцебск і Сімферопаль, Полацк і Кстова Ніжагародскай вобласці; Пастаўскі і Верхнядзвінскі раёны з Хвалынскім раёнам Саратаўскай вобласці, Аршанскі раён і Балашоўскі раён Саратаўскай вобласці, Наваполацк і Феадосія.

Супрацоўніцтва Віцебшчыны ажыццяўляецца з усімі Федэральнымі акругамі Расійскай Федэрацыі — а гэта 80 рэгіёнаў. Сыход заходніх пастаўшчыкоў і вытворцаў дазволіў у першую чаргу значна павялічыць прысутнасць віцебскіх вытворцаў на расійскім рынку. Наменклатура прадукцыі, якая адгружаецца ў рамках кааперацыйных паставак арганізацыямі вобласці, налічвае звыш 100 найменняў: гэта гандлёвае абсталяванне, ветэрынарныя прэпараты, кандытарскія вырабы, камплектавальныя для абутку і сельскагаспадарчай тэхнікі і інш.

На тэрыторыі вобласці рэалізоўваецца шэраг буйных інвестыцыйных праектаў, у якіх задзейнічаны расійскі капітал. Сярод іх — развіццё абутковай вытворчасці на «Белвест», развіццё вытворчасці маналітных кандэнсатараў на ААТ «Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт», стварэнне вытворчасці гатовых металаканструкцый на Наваполацкім заводзе тэхналагічных металаканструкцый, стварэнне вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў на «Вік — здароўе жывёл», развіццё вытворчасці аптычнага кабелю ў «Саюз кабель», развіццё вытворчасці кампрэсійных фіцінгаў з поліпрапілену, стварэнне вытворчасці металаапрацоўчых станкоў на плошчах завода «ВІЗАС».

Слаўгарад — Арзамас: захаванне агульнай памяці

Пачатак адносін паміж беларускім райцэнтрам і расійскім горадам Ніжагародскай вобласці быў пакладзены ў 2009 годзе, у аснову іх лягла патрыятычна-выхаваўчая дзейнасць. Сёння гарады асабліва цесна супрацоўнічаюць у пошукавым руху. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Слаўгарадскім раёне ваявалі байцы 137-й стралковай дывізіі, сфарміраванай у Горкаўскай на той момант вобласці. У 624-ы стралковы полк гэтай дывізіі ўваходзілі выключна арзамасцы.25 чэрвеня 1941 года дывізія адправілася на абарону Беларусі. Яна павінна была спыніць наступленне танкавых часцей Гударыяна. На жаль, з-за розных неспрыяльных абставін, якія склаліся ў першыя дні вайны, дывізія высаджвалася разрознена. Штаб спрабаваў сабраць падраздзяленні, але безвынікова. У першыя баі яны ўступілі паасобку. З 14 тысяч чалавек, якія адправіліся на фронт у складзе гэтай дывізіі, 30 кастрычніка 1941 года засталося ўсяго толькі 860 чалавек. Лічы, уся дывізія палегла на беларускай зямлі. Яна дафарміроўвалася двойчы, удзельнічала ў вызваленні Беларусі, з баямі дайшла да Германіі. У 1944-м пры вызваленні Беларусі атрымала статус Бабруйскай.

— Сёлета да нас зноў плануюць прыехаць арзамаскія пошукавікі, — кажа старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — У складзе іх будуць і школьнікі з ліку членаў маладзёжнага ваенна-патрыятычнага клуба. Яны сустрэнуцца з нашымі падлеткамі з ваенна-патрыятычных клубаў, якія існуюць пры сярэдніх школах №№ 1 і 2. Гэта сустрэча прадугледжана планам, што агаворваўся падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Дэлегацыя з Арзамаса дэкларавала на ім важнасць патрыятычна-выхаваўчай работы. І мы падтрымалі іх гатоўнасць працягнуць яе. Летась прадстаўнікі Арзамаса наведалі наш раён на чале з намеснікам кіраўніка адміністрацыі гарадской акругі Раманам Шаршаковым. Былі абмеркаваны планы, якія паступова рэалізоўваюцца. Наша моладзь сумесна ўдзельнічае ў захаванні памяці аб продках, якія разам абаранялі радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта дапамагае ёй зразумець гісторыю і фарміраваць праўдзівае ўяўленне аб вайне. Сёлета ўдзельнікі клубаў на канкрэтнай рабоце будуць працягваць вывучаць хроніку вайны. Разам з настаўнікамі гісторыі пабываюць на месцы раскопак у Слаўгарадскім раёне і паназіраюць за сумеснай работай беларускіх і расійскіх пошукавікаў з удзелам 52-га асобнага пошукавага батальёна Мінабароны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю