Top.Mail.Ru

Мой муж Аляксандр...І трошкі не мой?

...Пра Аркадзя, удзельніка першынства Расіі па следж-хакею (хакею на санях), я даведалася з інтэрнэта.


Гэтаму юнаку цяпер 15, а ў 11 ён застаўся без ног — пакінуў іх пад коламі таварняка.

Мяне, помню, настолькі ўразіла мужнасць — і сям’і, і самога хлопчыка, — што я падпісалася на тэлеграм-канал яго матулі і адтуль (апроч іншага) даведалася, што ў тую страшную ноч, на першым паверсе хірургічнага корпуса клінікі яны ўдваіх са следчым як ні «дзярбанілі» мабільнік Аркадзя — хацелі паведаміць пра бяду, але «хто ёсць хто» ў яго кантактах, зразумець не маглі, бо амаль усе аднакласнікі і сябры былі пазначаны як «бро», «чэл з восьмага бэ», «прыдурак» і да таго падобнае. «Гэта яшчэ нічога — дзіця, — даводзіў следчы Аркадзевай маме. — Найгорш, калі сярод пацярпелых жанчына гадоў трыццаці-сарака. У яе тэлефоне наогул нікога не знойдзеш: адны „кіскі“, „сонейкі“ ды „зайкі“... Ну, можа, яшчэ „каханы“ і тры сэрцайкі побач... За шчасце калі ёсць кантакты „мама“ ці „тата“. Прыходзіцца ім тэлефанаваць... Але ж і тут... Хацелася б звяртацца па-людску: па імені і па імені па бацьку...»

Маці Аркадзя пісала, што пасля той размовы ў сваёй тэлефоннай кнізе «перапісала» ўсіх. І так, як следчы параіў: па імёнах, з пазначэннем, хто ёй гэты чалавек.
...Ідэя (ну, каб ведалі, каму званіць) мне падалася слушнай, я захацела яе падтрымаць і хоць збольшага «навесці парадак» у сваім мабільным. У выніку «Лорачка» стала «дачкой Ларысай», «Валік» — «сынам Валянцінам», «Саша» — «мужам Аляксандрам»...

Згодна, недарэчна з ім атрымалася, і ён, мой Аляксандр, убачыўшы гэта, вельмі здзівіўся. «У цябе, — спытаў, — што, яшчэ нейкі ёсць?!»

Я паспрабавала ўсё патлумачыць, ён хіба пасмяяўся... А месяцаў праз пяць мы ўжо смяяліся разам.

Пачалося з таго, што я пасля «стагадовага» перапынку сустрэла Тамару, сваю і мужаву прыяцельку. Мы з ёй трохі пагаманілі, яна спытала Сашаў тэлефон, здзівілася, як цікава ён у мяне пазначаны, не даслухаўшы для чаго, захавала ў свае кантакты (акурат таксама), а праз пяць месяцаў... згубіла мабільнік.

Тэлефон (Тамары пашчасціла!) знайшоў чалавек сумленны: страту ён адразу ж хацеў вярнуць... Каму для гэтага пазваніць? Ну вядома ж: сярод кантактаў мала таго што «муж», дык яшчэ і «Аляксандр» (ведаеш, як звярнуцца).

Такім чынам на мабільны мужа паступіў званок — з мабільнага Тамары, але голас быў чамусьці мужчынскі:

— Аляксандр? — удакладніў суразмоўнік.

— Так. А вы хто?

— Мы знайшлі тэлефон — вось гэты. Цяпер шукаем гаспадыню.

— О, добра! — узрадаваўся мой Саша. — Гэта — мабільнік Тамары. Трэба з ёю звязацца... Але як? Яна ж без тэлефона?.. Пачакайце, я ў жонкі спытаю...Далей была доўгая паўза: суразмоўнік, падобна, не ведаў, ШТО думаць пра ўладальніцу тэлефона, а тым больш пра мужа яе — Аляксандра ды... іншых ягоных жонак.

Вырашыў, як мы потым дазналіся, што найлепей пазваніць не «мнагажэнцу» Аляксандру, а таму апошняму абаненту, з якім размаўляла Тамара. Кім гэты «чэл» жанчыне даводзіцца, у кантактах не пазначалася, але выбар аказаўся ўдалым: на званок адказала Тамарына пляменніца. Яна ж досыць хутка прыдумала, як звязацца з цёткай, і (ура!) тэлефон вярнуўся да гаспадыні.

У той жа вечар шчаслівая Тамара пазваніла, каб падзякаваць «мужу Аляксандру», а назаўтра яшчэ і паведаміць, што з ім... «развялася», што ў яе кантактах Саша цяпер пад сваім імем ды прозвішчам.

Я ў сваёй тэлефоннай «кнізе» нічога выпраўляць не стала: мой муж Аляксандр застаўся маім мужам Аляксандрам. Спадзяюся, што ні следчыя, ні дактары, ні хтось іншы з дрэннымі навінамі яго турбаваць не будуць.

Ніна Рыхцік, г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю