Вопыт быў наглядна прадэманстраваны падчас семінара-практыкуму для гарадскіх і раённых кіраўнікоў прадстаўнічай улады, прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання. Месцам падзей стаў аграгарадок Капачы Мсціслаўскага раёна. Менавіта гэты сельсавет стаў найлепшым у вобласці па выніках работы за мінулы год сярод органаў мясцовага самакіравання.
Да мерапрыемства падрыхтаваўся ўвесь раён. Мсціслаў актыўна працуе над мэтамі ўстойлівага развіцця і кожны раз рапартуе пра свае дасягненні. І гэтым разам у цэнтральным парку Капачоў была разгорнутая вялікая выстаўка, дзе свае напрацоўкі паказвалі і навучальныя ўстановы, і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і культура. Захапіцца сапраўды было чым. Прадстаўлены былі і самыя цікавыя праекты дэпутацкага корпуса, ініцыятывы насельніцтва, брэндавыя мерапрыемствы, якія ахапілі кожны населены пункт Мсціслаўскага раёна. Адной з такіх стала ініцыятыва «Новае жыццё старых традыцый».
Старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова падчас экскурсіі па выстаўцы рабіла акцэнт менавіта на асноўных дамінантах і звяртала ўвагу на тое, што вельмі важна сфарміраваць каманду аднадумцаў.
— Усюды магчыма знайсці людзей, якія жывуць ідэямі, каб іх населены пункт быў не проста геаграфіяй, а часцінкай сэрца, — паведаміла яна.

Раён наглядна дэманстраваў, што ўсе вынікі дасягаюцца выключна сумеснымі намаганнямі. У семінары ўзялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады на чале са старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама Юрыем Блахіным. Як ён адзначыў, жыхары разам з дэпутатамі, мясцовай уладай, прадпрыемствамі, бізнесам працуюць на тое, каб прыцягнуць турыстаў. Мсціслаўскі раён у першую чаргу пазіцыянуе сябе як турыстычны, ганарыцца ўнікальнасцю сваёй тэрыторыі, прыродай, абрадамі, традыцыямі.
Старшыня Капачоўскага сельсавета Сяргей Фядосаў прызнаецца, што без дапамогі мясцовай улады і арганізацый цяжка было б рэалізаваць народныя ініцыятывы. Каб эфектыўна працаваць, тутэйшыя дэпутаты штогод скрупулёзна аналізуюць, што было зроблена і, адштурхоўваючыся ад гэтага, складаюць план работы на новы год.
— У нас сфарміравалася каманда з аднадумцаў, што дапамагае ў рэалізацыі праграмы, — дзеліцца сакрэтам зладжанай работы старшыня сельсавета. — І гэта згуртаванасць забяспечвае ўсе вынікі. З дапамогай арганізацый і прадпрыемстваў раёна абноўлены вуліцы, фасады будынкаў. У аграгарадку Капачы рэканструявана і ўстаноўлена больш за 400 метраў агароджы, цалкам адрамантавана вуліца Школьная.

Адным з урачыстых момантаў стала адкрыццё новага арт-аб’екта — схемы-карты, на якой размешчаны ўсе 26 населеных пунктаў сельскага Савета.
— Гэта была ініцыятыва нашага калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, — удакладніў Сяргей Фядосаў. — Частка прэміі, якую мы атрымалі за сваё лідарства ў вобласці, плюс наша работа дапамаглі рэалізаваць праект.
Дэпутаты ацанілі карысны досвед.
— Мсціслаўскі раён прываблівае сваім энтузіязмам, — падзяліўся ўражаннямі старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін. — Менавіта энтузіязм згуртоўвае людзей і настройвае працаваць на агульны вынік. На ім трымаецца ўся наша работа.
Дарэчы, менавіта зацікаўленасць мясцовых жыхароў у рабоце на карысць паляпшэння жыцця ў раёне і прываблівае сюды таленавітую моладзь. Не спяшаецца з’язджаць у Магілёў пасля адпрацоўкі супрацоўніца гісторыка-археалагічнага музея Яраслава Асіпцова, а Ульяна Фядосава, якая скончыла ў Мінску Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў і мела ўсе шанцы застацца ў сталіцы, папрасілася на адпрацоўку на радзіму. Да семінара яна падрыхтавала выстаўку карцін мсціслаўскіх пейзажаў. Родныя краявіды вельмі натхняюць юную мастачку.
Член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін ухваліў мсціслаўскі вопыт, адзначыўшы пры гэтым, што ў любым раёне Магілёўшчыны ёсць чаму павучыцца.

— Ідэя правядзення гэтага семінара вельмі простая і разам з тым важная, — аргументаваў старшыня аблсавета. — Прэзідэнт не аднойчы падкрэсліваў, што нам неабходна ісці ад жыцця, трэба захаваць вёску, каб не залежаць ні ад каго і рухацца наперад.
А вось хто і як можа сяло развіваць і ствараць там камфортныя ўмовы жыцця, мы якраз на такіх семінарах і разглядаем.
Аляксандр Гарошкін акцэнтаваў увагу на тым, што прадстаўнічая ўлада падзяляе тую вялікую адказнасць, якая ляжыць на мясцовай выканаўчай уладзе.
— Толькі ў цесным узаемадзеянні можна дасягнуць поспеху, — рэзюмаваў сенатар. — На падобных семінарах старшыні гар- і райсаветаў, кіраўнікі органаў мясцовага грамадскага самакіравання, старасты дзеляцца сваім досведам работы і кожны бярэ для сябе штосьці карыснае. І, як вынік, жыццё нашых сельскіх населеных пунктаў з кожным годам пакрысе паляпшацца.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара