Спачатку трохі перадгісторыі.
Раіса Антонаўна гадавала сына адна. Муж проста збег, не вытрымаў яе камандзірскіх замашак, і яна за гэта помсціла, як толькі магла: адмовілася ад аліментаў, не брала ні грошай, ні падарункаў, а галоўнае — не падпускала да малога ні самога бацьку, ні яго радню...Праўда, уся гэтая «халодная вайна» аказалася марнай: Віталь падрос і сам наладзіў усе кантакты. Маці, бедная, як не звар’яцела... А ўжо «адцягнулася», прычым напоўніцу, тады, калі сын ажаніўся.
Апісваць усе прыдзіркі свекрыві да нявесткі Веры сэнсу не мае. Тут, як кажуць, класіка жанру. Добра, што Віталь ізноў не спасаваў, не стаў танцаваць пад матуліну дудку: з нараджэннем уласнага сына перавёз сям’ю ў інтэрнат. Цесна жылі ды пацешна, можа, таму і час маланкай ляцеў?
Азірнуцца не паспелі, а спраўляюць вяселле сыну, Вера здымае фату з акуратнай прычоскі сваёй нявесткі і ў думках дае сабе клятву ніколі, ні пры якіх абставінах не быць такой, як Раіса Антонаўна....Маладыя пачалі сямейнае жыццё асобна, у сваёй аднапакаёвай кватэры, на якую стрэслі грошы бацькі з абодвух бакоў, і спачатку выглядалі шчаслівымі. Аднак на другім годзе сямейнага жыцця Лёшка ўсё часцей стаў выглядаць стомленым і нейкім неахайным. Вера з Віталем ведалі, што сын вучыцца завочна, хоча атрымаць яшчэ адзін дыплом, што ён многа працуе. Яны ж бачылі, з якім апетытам той налягае на матуліны баршчы, катлеты і дранікі, з якой неахвотай (і тое пасля жончынага званка) збіраецца дадому. Што ж там не так?
Маці здагадвалася — сын ёй наўрад ці нешта раскажа. Мужа падбіла на шчырую размову і такім чынам даведалася, што нявестка есці амаль не гатуе, што пасля работы любіць «патусіць» з сяброўкамі, у выхадныя — паспаць ды пахадзіць па крамах.«Умешвацца, лезці са сваімі парадамі, — думала Вера, — значыць, толькі нашкодзіць». Таму вырашыла пайсці на хітрасць: пакарміўшы і адправіўшы сына дамоў, падыходзіла да тэлефона (мабільных яшчэ не было), набірала Лёшаў нумар. «Лерачка! Добры вечар, мая харошая! — лапатала ў слухаўку. — Пакліч, калі ласка, Алёшу». А потым пасля збянтэжанага Лерынага: «А хіба ён не ў вас?», рабіла выгляд, што сумелася: «А-а... Быў, заязджаў... Як жа, як жа... Я пазней пазваню».
У розных варыяцыях так працягвалася месяцы са два, і такім чынам мэта была дасягнутая: у адзін з вечароў да Веры з плачам прымчалася Лера: дапамажыце, маўляў, у Лёшы, мусіць, завялася каханка.
І тут свякроў ужо не маўчала: запэўніла нявестку, што цалкам на яе баку, што гатовая «трупам легчы», толькі б захаваць сям’ю... А яшчэ стала даводзіць гаротнай, што нельга пароць гарачку і тым самым падштурхоўваць Лёшу да рашучага кроку: сыдзе, крый бог, да іншай — пішы прапала...Чым утрымаць? Ды ласкай і клопатам, смачнай ежай, утульнасцю, у выхадныя — паездкамі на прыроду, паходамі ў кіно і ў госці, куды заўгодна абы толькі разам... Пра дзіцятка таксама пара падумаць...
У выніку Вера забіла двух зайцоў: і нявестка да яе душой прыкіпела, і сын па-людску жыве. Ён, дарэчы, дагэтуль не ведае, ад чаго так змяніліся паводзіны жонкі.Правільная тактыка — вялікая справа!
Алена НЕСЦЯРОНАК
г. Докшыцы