Разыначкай фестывалю стане глыбокае знаёмства з кітайскай мультыплікацыяй. 30 верасня ў 11.00 у кінатэатры «Космас» запланавана творчая сустрэча з кітайскім рэжысёрам, аўтарам коміксаў, выкладчыкам пекінскай кінаакадэміі Чэнь Сі. Ён раскажа пра асаблівасці стварэння кітайскай анімацыі, пазнаёміць з лепшымі работамі маладых кітайскіх аніматараў, якія заваявалі ўзнагароды на сусветных фестывалях.
У чэрвені легендарная кінастудыя «Саюзмультфільм» адсвяткавала сваё 90-годдзе. За гэты перыяд тут была створана неверагодная колькасць запамінальных аніматарскіх работ. Пра гэта і не толькі раскажа 1 кастрычніка падчас сустрэчы ў кінатэатры «Радзіма» шэф-рэдактар кінастудыі Сяргей Капкоў. Падарожжа ў гісторыю і сучаснасць пад назвай «90 год кінастудыі „Саюзмультфільм“. Палёт нармальны» пачнецца ў 12.00. Сяргей Капкоў пазнаёміць з трэндамі сучаснай аўтарскай анімацыі і прапануе паглядзець на вялікім экране самабытныя работы маладых расійскіх рэжысёраў.
Бліжэй пазнаёміцца з мэтрамі беларускай мультыплікацыі Ігарам Волчакам і Аляксандрам Ленкінам можна будзе 2 кастрычніка ў 11.00. Вядомыя беларускія рэжысёры падзеляцца сакрэтамі стварэння нацыянальных мультфільмаў, раскажуць аб сучаснасці і будучыні айчыннай анімацыі, пазнаёмяць гледачоў са сваімі найлепшымі работамі. Сустрэча адбудзецца ў вялікай зале кінатэатра «Космас».
Для аматараў майстар-класаў, тым, каму цікавы працэс стварэння анімацыйных фільмаў, а, магчыма, нават ёсць жаданне звязаць сваё жыццё з гэтай творчай справай, будзе цікава пазнаёміцца з рэжысёрам, сцэнарыстам, стваральнікам мультыплікацыйных, караткаметражных і дакументальных фільмаў Сяргеем Струсоўскім. У рамках яго майстар-класа будзе магчымасць даведацца, чаму адны персанажы запамінаюцца на ўсё жыццё, а іншыя забываюцца праз хвіліну, і, як зрабіць свайго персанажа па-сапраўднаму жывым. Майстар чакае сваіх прыхільнікаў 30 верасня ў а палове адзінаццатай у кінатэатры «Космас». Яшчэ адна сустрэча з Сяргеем Струсоўскім адбудзецца 2 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма». Ён раскажа, як штучны інтэлект (ШІ) мяняе сучасную анімацыю. Прысутныя даведаюцца, якія задачы ШІ ужо ўмее выконваць і ў чым дапамагае аніматару, а дзе не можа замяніць творчае мысленне. Запланаваны і практычны складнік. Будзе магчымасць прайсці шлях ад ідэі да анімацыі і навучыцца ажыўляць сцэны ў дадатку Syntx AI.
Разам з вядомым беларускім рэжысёрам і педагогам Аленай Туравай акунемся ў сакрэты гукавога афармлення анімацыйнага кіно. 1 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма» пройдзе майстар-класс Алены Віктараўнеы, дзе яна раскажа, як ствараецца музычная атмасфера мультфільмаў і якімі прыёмы карыстаюцца кампазітары, каб зачапіць сваімі гукамі гледача.
Народны майстар Рэспублікі Беларусь па саломапляценні Ірына Кухціна на справе пакажа, як нараджаецца мастацтва. Яе майстар-клас па стварэнні славянскага сувеніра з саломы пройдзе 30 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма». Майстрыха раскажа, як лялька-берагіня абараняе сем’і ад нягод, прыносіць у хату гармонію і дабрабыт.
Атрымаць больш падрабязную інфармацыю і набыць білеты на «Анімаёўку-2026» можна на сайце mogilevkino.by і ў касах кінатэатраў.
Нагадаем таксама, што «Анімаёўка» гэта не толькі магчымасць паглядзець лепшыя аніматарскія навінкі і пазнаёміцца з майстрамі гэтага жанру, але і самім прадэманстраваць на што здольныя. У ходзе фестывалю будуць ўручаны дыпломы і раздадзеныя сімвалічныя вялікі і малы алоўкі ў намінацыях конкурсаў анімацыйнай і дзіцячай анімацыйнай творчасці. Дыпломы атрымаюць таксама пераможцы конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў трох узроставых намінацыях.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта mogilevkino.by