Top.Mail.Ru

На Бабруйшчыне адкрылі сучасны МТК

У Бабруйскім раёне запрацаваў малочнатаварны комплекс філіяла «Варатынь» ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» на 756 галоў дойнага статка. Рашэнне аб яго будаўніцтве было прынятае на ўзроўні Міністэрства прамысловасці і старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Будаўніцтва было распачатае летась.



Удзел у адкрыцці аб’екта прыняў міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Кузняцоў. Як ён адзначыў, такія аб’екты вельмі неабходныя для таго, каб забяспечваць харчовую бяспеку, развіваць прамысловасць, умацоўваць эканоміку краіны. 

— Ферма ва ўсіх адносінах перадавая, — падкрэсліў ён. — Яе будзе абслугоўваць усяго 27 чалавек, а не 70, як гэта было на старых. Тут усё аўтаматызаванае. На гэтай ферме плануецца на чвэрць павялічыць надоі малака, палепшыць яго якасць. А гэта тыя самыя грошы, якія пойдуць на развіццё сельскай гаспадаркі. Калі правільна расстаўляць акцэнты і выконваць тэхналогіі, сельская гаспадарка будзе прыносіць толькі гарантаваны прыбытак. 

Па словах першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Савіцкага, на Магілёўшчыне сёння ў працэсе будаўніцтва знаходзіцца 17 МТК.


— Да канца года мы ўвядзём як мінімум пяць малочнатаварных комплексаў, — паведаміў ён. — Гэта ў Быхаўскім, Глускім і Слаўгарадскім раёнах, дзе аб’екты будуюцца за кошт мясцовага бюджэту, а таксама ў Бабруйскім і Клічаўскім раёнах — з удзелам мінскага бюджэту.

Дырэктар ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» Ігар Фацееў лічыць, што запуск новага МТК дазволіць нарасціць валавы аб’ём малака, не павялічваючы пагалоўе. Гэта адбудзецца за кошт павышэння культуры вытворчасці і паляпшэння ўмоў кармлення.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю