На працягу двух дзён у Магілёве і Шклове працавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара кіраўнікоў музеяў «Эфектыўныя падыходы ў арганізацыі музейнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі». Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Міністэрства культуры, каардынатары музейнай дзейнасці, кіраўнікі музеяў з усіх рэгіёнаў краіны. Падчас пленарнага пасяджэння разглядаліся асаблівасці музейнай педагогікі, прыводзіліся прыклады станоўчага вопыту музейнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. Была магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй музейна-патрыятычнай прасторы ў Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі, якое наведалі ўдзельнікі.
У якасці станоўчага прыкладу быў прадэманстраваны вопыт работы народнага гісторыка-краязнаўчага музея Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна. Больш падрабязна пра тое, як можна выкарыстоўваць школьны музей у мэтах грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, расказала дырэктар Александрыйскай школы Кацярына Пятроўская. У фармаце круглага стала абмяркоўваліся эфектыўныя практыкі арганізацыі музейнай работы, выкарыстанне штучнага інтэлекту. Вопытам работы падзяліліся кіраўнікі школьных музеяў з Баранавіч і Рэчыцкага раёна.
— Музей — гэта элемент адукацыйнай сістэмы, дзе грамадзянска-патрыятычнае выхаванне з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі і рэалізуецца праз перадачу гісторыка-культурнага вопыту, — падсумавала вынікі работы семінара намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова. — Музейная педагогіка разглядаецца як эфектыўны інструмент далучэння да традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, фарміравання гістарычнай памяці. А прадстаўленыя падчас семінара разнастайныя музейна-адукацыйныя праграмы, іх запатрабаванасць і эфектыўнасць сталі яскравым таму пацвярджэннем.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці