На Магілёўшчыне поўным ходам ідзе сяўба кукурузы, грэчкі і проса

Аўтар: Нэлi Зігуля
07.05.2025 | 12:36

Пасеяць, падкарміць, абараніць...


Таксама працягваецца падсеў траў, перазалужэнне лугапашавых угоддзяў, уцягванне ў абарот меліяраваных зямель, якія былі ўведзены летась.
— Кукуруза на 6 мая была пасеяна болей чым на палове плошчаў — 51%, — расказвае начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская. — Лідзіруюць Кіраўскі, Горацкі, Бялыніцкі раёны. Пачалася сяўба грэчкі. На 6 мая яе было пасеяна 300 гектараў (6%) з 4600. Сёлета мы паменшылі яе пасевы, паколькі ёсць запасы. Пакуль усё, што было намечана па структуры пасяўных плошчаў, выконваецца. 

 У завяршальную фазу ўступіла сяўба яравых культур. На раніцу аўторка імі было засеяна болей чым 237 тысяч гектараў — 72% ад запланаванага. Працягваецца пасадка бульбы. Сёлета аб’ёмы плошчаў гэтай культуры павялічыліся амаль удвая. Калі летась пад бульбу адводзілася 1800 гектараў, то сёлета ў сувязі з павышанай запатрабаванасцю — 3500. Гародніны таксама высаджваецца больш. Летась абмяжоўваліся 870 гектарамі, а сёлета плануецца высадзіць амаль 1800. Базавыя гаспадаркі па гародніне на Магілёўшчыне — бабруйскае ТАА «Веом», глускія фермеры, ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», «Фірма «Кадзіна» Магілёўскага раёна — працягваюць пасадку буракоў, морквы і іншых культур. 

 Магілёўскія аграрыі шмат увагі аддаюць унясенню арганікі, падкормцы яравых збожжавых. Працягваецца абарона рапсу ад шкоднікаў, а таксама лёну, усходы якога ўжо з’явіліся, вядзецца яго падкормка мікраэлементамі. Некаторыя гаспадаркі прыступілі да ўборкі палосных азімых, якія былі пасеяны на кармавыя мэты. Убрана 489 гектараў з 26 тысяч.

 Кіраўскі раён лідзіруе па сяўбе кукурузы — на 6 мая тут было ўжо засеяна 66% плошчаў. 

 — Акрамя гэтага, саджаем бульбу і гародніну, займаемся доглядам культур, падкормкай, вывозім арганіку, — пералічвае вясновыя работы першы намеснік дырэктара ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна Аляксандр Жылінскі. — З гародніны акцэнт робім на цыбулю, моркву і буракі. Пасля 9 мая будзем высаджваць у поле капусту. Расада ўжо гатовая, але пакуль знаходзіцца ў цяпліцы. 

 Па словах першага намесніка дырэктара, сёлета гаспадарка дадала ў пасевах да леташняга 15 гектараў цыбулі і 5 гектараў капусты. 

 Крыху ўскладняе палявыя работы надвор’е, якое сёлета асабліва пераменлівае. Калі было холадна, у садзе акурвалі пладовыя дрэвы, якія ўжо пачалі цвісці. Задымленне, кажа спецыяліст, крыху змякчае мароз. Іншага спосабу абараніць дрэўцы няма. Плошчы вялікія, усё не накрыеш. 
Цікаўлюся, ці можна падстрахавацца і абараніць сябе на выпадак неўраджаю адной культуры іншай?

 — Мы не сеем непрыдатныя для нашага клімату культуры, — кажа Аляксандр Жылінскі. —Азімы ячмень, канешне, адчувальны да холаду, але апошнія гады не падводзіў. Уносім мікраэлементы, гумінавыя кіслоты, амінакіслоты, каб зняць стрэс з раслін. Гэта дапамагае. 

Аляксандр Жылінскі прызнаецца, што сёння ў гаспадарцы работ асабліва шмат, і, каб усё трымаць пад кантролем, у дзень прыходзіцца намотваць на аўто 150-200 кіламетраў. Гэта ўлічваючы тыя 300 гектараў угоддзяў, якія знаходзяцца на адлегласці 30 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы. 

 Дзяржава падтрымлівае сельскія гаспадаркі. Дызпаліва, угнаенні — усё гэта яны набываюць з адтэрміноўкай плацяжу. За мінулы год ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» дапамога была аказана на тры мільёны рублёў. 

 Гаспадарка вядомая яшчэ і тым, што рэгулярна радуе жыхароў краіны смачнымі агуркамі і таматамі. 

 — Сёлета нашы агуркі з прылаўкаў нават не знікалі, — адзначае Аляксандр Жылінскі. — Мы прапанавалі спажыўцам святлолюбівы варыянт, які плоданосіць амаль цэлы год. А цяпер у рост пайшлі і таматы. Так што нашымі вітамінамі насельніцтва забяспечана.

 Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта rassvetorlovskogo.ibiz.by
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю