Перадапошні дзень свайго падарожжа ўдзельнікі міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» сустрэлі ў Пашкаўскай воінскай часці 72471.
Раніца для іх пачалася з зарадкі і навучання страявым прыёмам на пляцы. Юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у тактычнай гульні, дзе вучыліся карыстацца рацыяй, арыентацыі на мясцовасці, прыёмам маскіроўкі і выканання пастаўленых задач у палявых умовах.
Нагадаем, міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы»: даніна гераізму і сувязь пакаленняў» стартаваў 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» ў пяты раз. Яго ўдзельнікамі сталі маладыя людзі з усёй Магілёўскай вобласці і рэгіёнаў Расіі. Маршрут пралягаў праз Магілёў, Клічаў, Глуск, Бабруйск, Асіповічы, Кіраўск, Горкі, Шклоў, Чавусы. Кожны дзень быў напоўнены цікавымі падзеямі і сустрэчамі. Гэта былі працоўныя дэсанты, адкрытыя дыялогі з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дзеячаў спорту, культуры, навукі, палітыкі. У праграме заўсёды прысутнічаў патрыятычны складнік. Хлопцы і дзяўчаты ўскладалі кветкі да воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, удзельнічалі ў флэшмобах, наведвалі з экскурсіяй прадпрыемствы рэгіёна, прысутнічалі на канцэртных праграмах. Разам з рабятамі па Магілёўшчыне падарожнічала тэматычная перасоўная экспазіцыя, прысвечаная 85-годдзю са дня абароны Магілёва.
Яркай падзеяй дня стала сустрэча са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам у Музеі Славы Магілёўшчыны. Праект узнік і развіваецца пры актыўнай падтрымцы губернатара. Летась ён быў адзначаны спецыяльнай Прэзідэнцкай прэміяй у галіне культуры і мастацтва. За яго рэалізацыю высокай узнагароды ўдастоены Магілёўскі абкам БРСМ, тэлерадыёкампанія «Магілёў» і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава.
Анатоль Ісачанка адзначыў, што галоўная задача праекта застаецца нязменнай — аб’ядноўваць моладзь, захоўваць гістарычную памяць, расказваць пра подзвіг дзядоў і прадзедаў, знаёміць маладых людзей з гісторыяй роднага краю і яго традыцыямі. Праект, дарэчы, і ствараўся з мэтай умацаваць сувязь моладзі з мінулым, сучаснасцю і будучыняй.
— Жыццё паказала, што было прынятае абсалютна правільнае рашэнне, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — Сёння праект запатрабаваны моладдзю, ён набірае абароты, папулярнасць і становіцца больш глыбокім па змесце. Вельмі важна бачыць вашы эмоцыі, разумець, што вас уражвае і цікавіць. Гэта дапамагае напаўняць праграму новым сэнсам.
Заўтра, у апошні дзень праекта, рабяты стануць ганаровымі ўдзельнікамі святочных падзей, прымеркаваных да Дня Незалежнасці краіны.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby