Дзякуючы дзяржпраграмам па ліквідацыі наступстваў аварыі, жыццё на забруджаных землях аднаўляецца. У дзень гадавіны са дня трагедыі жыхары вобласці ўспаміналі герояў-ліквідатараў, тых, хто будаваў для перасяленцаў пасёлкі, дапамагаў аднаўляць забруджаныя тэрыторыі.
— Ліквідацыя катастрофы запатрабавала ад людзей вялізнай мабілізацыі сіл і сродкаў,— адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас мітынгу ў Касцюковічах. — Больш за 600 тысяч чалавек самааддана выконвалі свой грамадзянскі абавязак, ліквідуючы наступствы страшнай аварыі. Сярод іх было і шмат нашых землякоў — ваенных, ратавальнікаў, медыкаў і проста добраахвотнікаў. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту пацярпелыя рэгіёны не былі зачыненыя «на замак». Праводзілася планамернае, складанае вяртанне гэтых зямель — гектар за гектарам. За гэтыя гады праведзена вялікая работа па мінімізацыі наступстваў трагедыі. Мы навучыліся жыць і працаваць ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання, вырабляць чыстую прадукцыю.
У Магілёве мітынг-рэквіем па традыцыі адбыўся ў мемарыяльнага знака «Ахвярам Чарнобыля» ў Любужы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, дэпутаты, ліквідатары катастрофы, жыхары.
— Беларусы схіляюць галовы перад мужнасцю ліквідатараў аварыі, — адзначыў у сваёй прамове сенатар, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Подзвіг герояў-чарнобыльцаў скалануў свет. І справа нават не ў тым, што людзі працавалі на мяжы сваіх магчымасцяў і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць пагрозу. А ў тым, што яны ахвяравалі сабой ў імя жыцця іншых.
Са словамі ўдзячнасці да ліквідатараў звярнуўся мэр Магілёва Сяргей Чарткоў. Ён узгадаў, што сярод магіляўчан іх болей чым тры тысячы.
Да мемарыяльнага знака былі ўскладзены кветкі.
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby