Пра гэта паведаміў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў падчас перапахавання астанкаў 398 чалавек каля памятнага знака ў гонар ахвяр генацыду па вуліцы Раўчакова ў Магілёве — месцы, дзе падчас вайны праводзіліся масавыя расстрэлы мірных грамадзян і ваеннапалонных. У народзе яно атрымала назву Казіміраўскі лес.
— Астанкі людзей у Казіміраўскім лесе былі знойдзены ў ходзе следчых дзеянняў, — удакладніў ён. — Наогул, за два гады пошукавых работ мы паднялі на гэтым месцы не менш як 702 чалавек. З іх звыш 350 — жанчыны. Увесь перыяд акупацыі з 1941 да 1944 года карнікі расстрэльвалі тут, труцілі газам у машынах-душагубках, падрывалі на мінах старых, жанчын, дзяцей, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага супраціўлення. І гэта не апошнія ахвяры, якія мы паднялі ў гэтым месцы. Работа будзе працягнутая.
Кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка нагадаў, што пошукавыя работы тут праводзіліся ў 1944, 2011, 2024 і 2025 гадах.
— Мясцовыя жыхары ведалі пра тыя жахі, якія тут адбываліся, а шырокая грамадскасць даведалася пра гэта ў 2009 годзе, калі ў прэсе выйшлі некалькі артыкулаў, — удакладніў ён. — Казіміраўскі лес стаў знакавым месцам, звязаным з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Магілёўскай вобласці. З гэтага ж часу мы вялі актыўны збор інфармацыі аб тым, што тут адбывалася: працавалі ў архівах, збіралі ўспаміны.
Удзел у жалобнай цырымоніі прыняў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргей Хмарук.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА