Міхаіл Антонавіч Цітоў сёлета адзначае сваё 100-годдзе. 16-гадовым хлопцам ён у кастрычніку 1943-га пайшоў у партызаны. У складзе дыверсійнай групы мініраваў чыгуначныя пуці, пускаў пад адхон варожыя цягнікі і машыны, выконваў заданні па мініраванні дарог.
Пасля злучэння партызанскага атрада з часцямі Чырвонай Арміі, Міхаіл Антонавіч з баямі прайшоў Усходнюю Прусію, на подступах да Кёнігсберга быў паранены і дзень Перамогі сустракаў у шпіталі. Ветэран мае баявыя ўзнагароды, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Магілёва. Напярэдадні Дня Перамогі прымаў віншаванні ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Пад вокнамі дома, дзе ён жыве, быў арганізаваны міні-парад. Кадэты і навучэнцы ваенна-патрыятычнага клуба «Брыгада» са школы № 12 пад гукі духавога аркестра прайшлі маршам, раўняючыся на ветэрана. Губернатар пагутарыў з Міхаілам Цітовым пра жыццё і пажадаў яму здароўя.

— На жаль, ветэранаў сёння ўсё меней, — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама ў размове з журналістамі. — Стасункі з імі напаўняюць жыццё дадатковым сэнсам, надаюць сіл і ўпэўненасці, жадання зрабіць як мага больш на карысць любімай краіны.
Міхаіл Цітоў, у сваю чаргу, пажадаў усім беларусам мірнага неба над галавой.
— Толькі ў мірны час чалавек жыве радасна, — падкрэсліў ён.
З Міхаілам Цітовым салідарны і ветэран Вялікай Айчыннай вайны са Слаўгарадскага раёна Рыгор Берднікаў, які прымаў віншаванні ад памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Сяргея Налівайкі.

Рыгор Фёдаравіч сустрэў госця ў парадным касцюме з добрым настроем.
— Сёння, як ніколі, важна карыстацца кожнай магчымасцю сказаць словы падзякі ветэранам вайны, ушаноўваць іх, пакуль яны яшчэ з намі, — падкрэсліў Сяргей Налівайка. — Гэтыя людзі — наша сапраўдная каштоўнасць. Калі ацэньваеш, што зрабіла тое пакаленне для нашчадкаў, прасякаешся да яго вялікай павагай. Менавіта на прыкладах іх дзейнасці павінна вучыцца наша моладзь. Пакуль мы памятаем, хто аднавіў краіну і абараніў мір, мы — непераможныя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта mogilevnewsby