Top.Mail.Ru

На мемарыяле каля вёскі Гаі ўшанавалі памяць міліцыянераў-абаронцаў

Мемарыяльны комплекс «Батальён міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава» каля вёскі Гаі Магілёўскага раёна стаў наступнай кропкай на карце ідэалагічнага марафона, прымеркаванага да 110-годдзя беларускай міліцыі. 


Да брацкай магілы міліцыянераў, якія на подступах да горада цаной сваіх жыццяў затрымалі наступленне нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі ўскладзены кветкі, іх памяць ушанаваная хвілінай маўчання. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прыняў міністр МУС Іван Кубракоў. Ён адзначыў вялікае значэнне подзвігу байцоў пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава для сённяшняга пакалення супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

— 250 байцоў разумелі, што асуджаныя на смерць, але ніхто з іх не завагаўся, ніхто не стаў на калені, ніхто не здаўся ў палон, — паведаміў міністр. — Усе выканалі свой абавязак да канца. Сёння задача супрацоўнікаў міліцыі — зрабіць усё, каб над галавой нашых грамадзян было мірнае неба. А калі спатрэбіцца, мы возьмем у рукі зброю, каб абараніць сваю краіну.

У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён таксама высока ацаніў той вялікі ўклад міліцыянераў у Перамогу, якую яны набліжалі цаной свайго жыцця.

— Гэтае месца ўзведзена не толькі з каменя, а з мужнасці і неўміручасці, — падкрэсліў ён у сваёй прамове. — Байцы Чырвонай Арміі, супрацоўнікі міліцыі, апалчэнцы і мірныя жыхары развеялі міф аб непераможнасці фашысцкай Германіі. І сёння супрацоўнікі органаў унутраных спраў застаюцца годнымі спадкаемцамі герояў, самаадана служаць Айчыне і абараняюць мірнае жыццё грамадзян.

Пасля афіцыйнай цырымоніі адбыўся канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады і салістаў музычных калектываў Міністэрства ўнутраных спраў.

На прылеглай тэрыторыі працавалі лакацыі з выставамі сучаснай і рэтратэхнікі, узбраення, міліцэйскага форменнага абмундзіравання. Была магчымасць прадэгуставаць салдацкую кашу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта з тэлеграм-канала mogilevnewsby

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю