Беларуская чыгунка зноў паклапацілася аб тым, каб у дні міжнароднага форуму мастацтваў на яго мерапрыемствы можна было дабрацца хутка і з камфортам. Як справядліва адзначыў першы намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Канстанцін БАЯР, наша сталёвая магістраль з’яўляецца не толькі асноўным перавозчыкам, які дастаўляе людзей на знакаміты міжнародны фестываль, але і паўнавартаснай яго ўдзельніцай.
— Прычым вельмі актыўнай, — удакладняе ён. — Наш традыцыйны цягнік 644/643 Мінск — Віцебск — Мінск адправіцца ў свой першы «фестывальны» рэйс 14 ліпеня і ўсе астатнія дні будзе курсіраваць паміж двума гарадамі па раскладзе, які дакладна адпавядае раскладу «Славянскага базару». Дадатковы цягнік будзе адпраўляцца з Мінска ў 12.30 і прыбываць у Віцебск у 16.01.
Прыстойны запас часу чыгуначнікі «вылучылі» гасцям форуму для таго, каб яны змаглі адчуць святочную атмасферу, што пануе ў горадзе, наведаць сувенірныя крамы і знакавыя месцы, якіх у фестывальным Віцебску нямала. Назад цягнік адправіцца ў 01.30, пасля заканчэння мерапрыемстваў, і ў сталіцу прыедзе ў 5.30.
Звычайна за адзін фестывальны тыдзень дадатковы цягнік перавозіць10–11 тысяч пасажыраў. Па даных на 29 чэрвеня, па папярэднім продажы было рэалізавана 3 тысячы білетаў, паведаміў Канстанцін Мікалаевіч. Ён таксама расказаў, што састаў у Віцебск ідзе ў паскораным рэжыме, без прыпынкаў, таму дарога туды займае ўсяго 3 гадзіны. З Віцебска ў Мінск цягнік робіць толькі тэхнічныя прыпынкі.
Да «Славянскага базару ў Віцебску» застаецца яшчэ два тыдні. І мы, вядома, пацікавіліся ў Канстанціна Баяра, куды брэндаваныя вагоны адправяцца да пачатку, а затым і пасля фестывальных перавозак?
— Мы разглядаем гэтае пытанне, і, магчыма, частку з іх, з сімволікай «Славянскага базару ў Віцебску», пусцім у абласныя цэнтры.
А ў нас ёсць магчымасць загадзя разгледзець дэталі святочнага ўбору цягніка. Унутры і звонку ён упрыгожаны сімволікай фестывалю. На вокнах — адпаведныя выявы з васільком і матывуючымі надпісамі. Для камфорту пасажыраў традыцыйна прадугледжаны чай, кава, кандытарская прадукцыя і тэматычныя сувеніры. У кожным купэ ляжыць праграма фестывалю.
— На працягу ўсёй паездкі ў вагонах будзе гучаць музыка, — расказаў першы намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ. — У плэйлісце — кампазіцыі, якія гучалі на мінулых форумах. Пра гэта скажу так: успамінаючы пра добрае мінулае, госці свята паедуць у перспектыўную будучыню.
Да пачатку «Славянскага базару ў Віцебску» цягнік будуць абслугоўваць, дапаўняць сімволікай, сувенірнай прадукцыяй.
— Будзем удасканальваць не толькі сам састаў, — кажа Канстанцін Баяр. — Прыемныя ўражанні ад паездкі пасажырам будзе дадаваць цягніковая брыгада — усмешкамі і добрым настроем.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА