Вайна прыйшлася на маладосць таленавітага юнака з краснапольскай вёскі Высокі Барок, яму быў усяго 21 год, калі яна пачалася. Аляксей Пысін удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскім франтах, быў двойчы паранены, меў баявыя ўзнагароды, у тым ліку медаль «За адвагу». Пасля вайны пачынаў працоўную біяграфію ў рэдакцыі краснапольскай раённай газеты, быў рэдактарам чэрыкаўскай раёнкі, працаваў таксама ў абласной газеце «За Радзіму», якая потым памяняла назву на «Магілёўская праўда». Пэўны час узначальваў Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР.
Цікава, што Аляксей Пысін пачаў пісаць свае ваенныя вершы ўжо ў мірны час. Як ён сам пра сябе казаў: «На фронце ў мяне была адна зброя — руская трохлінейная вінтоўка».
— Аляксей Васільевіч быў частым госцем бібліятэкі, сустракаўся тут з чытачамі, — расказвае дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна. — «Пысінскія чытанні» — гэта наша даніна павагі земляку, франтавіку, паэту. А ўлічваючы, што сёлета мы адзначаем 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, расказваем не толькі пра Аляксея Пысіна, але і пра іншых магілёўскіх ураджэнцаў — пісьменнікаў, якія ваявалі і зброяй, і пяром. Наша мэта казаць маладым, што менавіта савецкі салдат вызваліў Еўропу і заваяваў Перамогу.
Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі родныя Аляксея Пысіна — дачка Любоў Аляксееўна Лукашкова, яго ўнукі і праўнукі. Праўнук Ілля — вучань другога класа. Але ўжо напісаў даследчую работу пра свайго знакамітага дзеда. Яго маці Марына, якая яму пры гэтым дапамагала, прызнаецца, што падчас работы над праектам шмат даведалася цікавай інфармацыі. Калі Ілля быў зусім маленькі, з цікавасцю слухаў вершы прадзеда, якія яму чытала бабуля Любоў Аляксееўна. Любімы твор у хлопчыка — паэма «Кавылёк», падзеі ў якой адбываюцца падчас вайны.
Сёлета, на жаль, сярод прысутных не было блізкага сябра Аляксея Пысіна — Віктара Арцем’ева. Летась восенню ён пайшоў з жыцця. Віктар Іванавіч быў біёграфам паэта, прысвяціў яму шмат сваіх успамінаў. Падчас «Пысінскіх чытанняў» была прэзентаваная апошняя кніга Віктара Арцем’ева «Як на споведзі ў храме». Яе рэдактарам і складальнікам стала вядучы бібліятэкар Могілёўскай абласной бібліятэкі Галіна Дзятлава.
— Гэта наша апошняя работа з Віктарам Іванавічам, — удакладніла яна. — Ён убачыў толькі сігнальны экземпляр. Кніга з’яўляецца своеасаблівай справаздачай творчасці аўтара. Выдадзена тыражом 50 экземпляраў за кошт сродкаў Віктара Іванавіча. Гэта падарунак яго блізкім, сябрам і бібліятэкам, з якімі ён цесна супрацоўнічаў.
Уцешна, што на чытаннях прысутнічала шмат моладзі, якая выступала яшчэ і ў якасці чытальнікаў. Дэлегацыя з Краснаполля прэзентавала рэгіянальнае свята паэзіі і прозы «Вянок Аляксею Пысіну». Не абышлося і без падарункаў. Галоўны рэдактар газеты «Магілёўскія ведамасці» Аляксандр Булай перадаў у дар бібліятэцы копіі дакументаў з асабістай справы Аляксея Пысіна, якая захоўваецца ў рэдакцыі. Тут паэт пэўны час працаваў. Сярод перададзеных дакументаў ёсць аўтабіяграфія, напісаная рукой Пысіна.
— У ёй ён апісаў свой жыццёвы шлях, дзе працаваў, вучыўся, — кажа Аляксандр Булай. — Знамянальна, што гэта цалкам аўтэнтычны дакумент, а не запісаны са слоў. Каштоўна і тое, што заява аб прыёме яго на работу падпісана легендарным рэдактарам — Іванам Паўлавічам Крыскаўцом, вядомым партызанам, які рэдагаваў газету «За радзіму» падчас вайны, калі яна падпольна стваралася ў Усакіенскіх лясах Клічаўскага раёна.
Фота аўтара