Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец прыняла ўдзел у Адзіным дні інфармавання, які прайшоў сёння на прадпрыемстве «Магілёўаблаўтатранс». Тэма размовы — забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў дарожнага руху.
У якасці спікера выступіў лектар Беларускага таварыства «Веды», дэкан факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ілья Макавецкі. Ён пабудаваў свой даклад на прыкладах з жыцця. Надзея Каткавец падчас свайго выступлення звярнула ўвагу на тое, што трэба праяўляць асцярожнасць ва ўсім, нагадала пра тэлефонных ашуканцаў, якія апошнім часам актывізаваліся. Яна таксама выслухала пытанні ад прысутных і ўзяла іх на заметку. У размове з журналістамі Надзея Мікалаеўна адзначыла, што ёй заўсёды было важна ведаць настрой калектыву, чым ён «дыхае».
— Тады значна прасцей і лепш вырашаюцца пытанні, — рэзюмавала яна. — Сустрэча з працоўным калектывам — гэта сапраўды магчымасць паглядзець людзям у твар і зразумець, ці камфортна ім працуецца ў гэтай арганізацыі?
Памочнік Прэзідэнта звярнула ўвагу на тое, што за шмат гадоў сваёй работы яна навучылася разумець, ці ўсё задавальняе людзей. Што датычыцца паўсядзённых пытанняў, то яны заўсёды былі і будуць. Гэта натуральны працэс.
— Канкрэтна на гэтым прадпрыемстве бачна, што кіраўніцтва і працоўны калектыў — гэта адно цэлае, — падкрэсліла Надзея Каткавец. — Прэзідэнт патрабуе, каб у першую чаргу былі створаны ўмовы для працы людзей, своечасова выплачвалася зарплата і былі ўмовы для яе павышэння. Людзі таксама павінны разумець: як яны спрацуюць, столькі і атрымаюць. Парадавала, што ў гэтым працоўным калектыве абстаноўка нармальная, спакойная, няма ніякай напружанасці.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара