У Мінску на гэтым тыдні ўшаноўвалі таленавітую моладзь. Месцам уручэння ўзнагарод выбралі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У Зале Перамогі сабраліся галоўныя віноўнікі ўрачыстасці — навучэнцы і студэнты — пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Гэта вельмі сімвалічна, што сённяшняе мерапрыемства праходзіць у святым для ўсіх нас месцы, — сказаў старшыня спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо. — Месцы, кожны сантыметр якога прасякнуты гісторыяй вялікага гора, вялікага гераізму і вялікай Перамогі нашага народа.
Ён падкрэсліў, што юнакі і дзяўчаты, дзеля якіх сёння сабраліся кіраўнікі ведамстваў, устаноў адукацыі і культуры, іх бацькі і блізкія людзі, таксама здзяйсняюць подзвіг, які дасць магчымасць рэалізаваць нашы планы і надзеі жыць на яшчэ больш высокім якасным узроўні.
Велізарную ролю ў поспехах адоранай моладзі іграюць іх настаўнікі, педагогі. Пра гэта сказаў міністр культуры Руслан Чарнецкі.
— Гэтыя людзі ставяцца да вучняў як да сваіх дзяцей, — падкрэсліў ён. — Настаўнікі з’яўляюцца другімі бацькамі, якія ўкладваюць у тале-навітую моладзь усіх сябе без астатку.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў: мы чарговы раз даказалі, што Беларусь з’яўляецца краінай інтэлектуальнай, адукаванай і вельмі багатай на таленавітую моладзь.
Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта ўжо практычна на працягу 30 гадоў больш чым 1,7 тысячы маладых хлопцаў і дзяўчат сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду, больш за 43 тысячы атрымалі падтрымку спецфонду.
— Кіраўнік дзяржавы кажа, што таленавітая, адораная, адукаваная моладзь — гэта стратэгічны рэсурс краіны, а наша задача — стварыць усе неабходныя ўмовы, каб маладыя грамадзяне Беларусі маглі не проста прадэманстраваць свае поспехі, а адбыліся ў наступным як прафесіяналы, прыйшлі ў навуку, у адукацыю, у сферу культуры, інавацый і тым самым унеслі свой уклад у развіццё Беларусі, — адзначыў міністр адукацыі.
У гэты дзень нагрудныя знакі «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва і студэнтаў» атрымалі 38 навучэнцаў і студэнтаў, якія сталі пераможцамі ў міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах, навукова-даследчых канферэнцыях.
Вадзіма Ігнаценку ўзнагародзілі адразу двума нагруднымі знакамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён атрымаў іх за перамогі ў дзвюх міжнародных геаграфічных алімпіядах — у Ірландыі і Інданезіі.
— Я родам з Віцебска, — расказвае хлопец. — Вучыўся ў гімназіі № 1 і ўдзячны лёсу за тое, што на маім шляху сустрэлася Людміла Ціханаўна Карніенка, мая настаўніца па геаграфіі. Менавіта яна прывіла мне любоў да прадмета, паказала, чаму геаграфія можа быць цікавая не толькі таму, хто захоплены рознымі прыродазнаўчымі навукамі, але і ўсім, хто любіць прыроду і ўсё, што з ёй звязана. У выніку я настолькі паглыбіўся і палюбіў гэты прадмет, што адчуў: я змагу годна прадставіць сваю гімназію, родны горад, краіну на міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе. Сапернікі былі сур’ёзныя, але ў мяне атрымалася.
Цяпер Вадзім вучыцца на другім курсе факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.
Андрэй Касцяной — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён ужо паспеў скончыць ВНУ і папрацаваць у адной з беларускіх кампаній. А цяпер праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у якасці афіцэра. Нагрудны знак лаўрэата ў маладога чалавека ўжо чацвёрты.
— Школьнікам, а затым і студэнтам удзельнічаў у міжнародных алімпіядах і чэмпіянатах рознага ўзроўню, — расказвае хлопец. — Усе спаборніцтвы — па інфарматыцы і праграмаванні.
У чэмпіёнскай скарбонцы Андрэя — залатыя і бронзавыя медалі, дыплом І ступені, іншыя ўзнагароды. Да прызыву ва УС наш лаўрэат працаваў у сферы беспілотнікаў, толькі не паветраных, а аўтамабільных. Яго каманда займалася планаваннем бяспекі руху аўтамабіляў. У планах юнака — прадоўжыць распрацоўкі ў гэтай сферы. А яшчэ — паступіць і скончыць магістратуру.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА