Top.Mail.Ru

«Нам засталася спадчына...»

Горад, дом, пад’езд, на ўваходзе — дошка для аб’яў і ўжо там, сярод іншай рэкламы, кідкае, чырвонае «АДДАМ у добрыя рукі стол-кнігу (задарма)».Значыць, непатрэбны ўжо, а некалі ж...

Першымі ў тым пад’ездзе яе купілі сужэнцы В.

Нехта бачыў, як ім гэту рэч прывезлі, нехта чуў, як яна грукатала, пакуль па прыступках неслі на пяты паверх... Факт, што потым ці не ўвесь пад’езд хадзіў «стала пазычаць»: хто на ўлазіны, хто на хрысціны ці вяселле, на дні нараджэння... Завядзёнка была пры нагодзе збіраць гасцей, разам сядзець за доўгімі сталамі.

Цяпер, пасля пандэміі, нават памінальныя — модна замаўляць не дома.

А зрэшты... Аб’ява пра стол-кнігу знікла з дошкі ў той жа дзень: рэч забралі. Значыць, камусьці яшчэ патрэбна.

На талерачцы

...«Люблю калі нехта прыходзіць, а найбольш — калі ўжо сыходзіць», — з усмешкай прызнавалася Львоўна, выпраўляючы з хаты. І крыўдаваць на яе зусім не выпадала: 90-ы год.

Піліпаўна куды маладзейшая, а настрой — такі ж.

— У суботу, — уздыхае, — унучкі мае прыязджалі. Ад машыны яшчэ: «Бабуля, мы на клубніцы... Будзеш частаваць?» Я ім: «А як жа, мілыя! Наспела ягад, дожджык памыў... Можаце з градкі есці». — «Не, мы з градкі не любім, — кажуць яны мне. — Любім з талерачкі, з цукрам...» Я ім заўсёды так падавала. Штораз назбіраю, намыю, падсаладжу, — згадвае бабуля, — яшчэ і смятанкай зверху палью. Але ж гэта — некалі, тады, як яны малыя былі. Цяпер адной 17, другой 15, а ў гарод — каб нагой! Не тое што прапалоць, дагледзець тыя клубніцы, нават спелых у рот назбіраць...

«Ну чаму так?» — сама ў сябе пытае жанчына. І сама ж адказвае, што пакуль маладзейшая ды здаравейшая была, хацела папесціць унучак, не «грузіць» работай. Спадзявалася, што падрастуць і падменяць яе на градках, на кухні...

— Аж не, — ледзь не плача цяпер. — Прыехалі, прадукты ў халадзільнік згрузілі і насамі ў смартфоны: сядзяць 

(мы ж, маўляў, у гасцях), чакаюць, пакуль я на стол што збяру, пакуль ягад падам — на талерачцы... Нешта ўпускаем мы ў выхаванні нашых дзяцей.

...І як жа шкада, што разумеем гэта заднім розумам: калі нічога амаль ужо не зменіш.

Сіла слоў

«Ракі ўчора былі па пяць, але вельмі вялікія, — казаў гумарыст (голас да сёння ў вушах). — Па тры таксама былі, але малыя...»

Сёлета па тыя ж пяць (што ўжо не смешна) прадавалася бульба. І не сказаць, каб такая вялікая... Але ж многія спужаліся і пасадзілі — апалолі пазней, абагналі... Нават Сенька (першы вясковы п’яніца) выйшаў збіраць жукоў.

— Ды быць таго не можа?! — дзівіцца суседка. — Мусіць, воўк недзе здох?

— Не, — бярэцца тлумачыць муж, — тут сарафаннае радыё спрацавала.

— ?!

— «Адна баба казала», што раней міліцыя глядзела, у каго мак расце, а сёлета бульбу праверыць. І такога штрафу ўлепіць... Сенька, выходзіць, паверыў. Можа, з бульбай сёлета будзе.

Асобная сям’я...

У Пятроўны, як здавалася, не кватэра, а «базар-вакзал»: муж, дзве дачкі, два зяці, трое ўнукаў... Хацелі паспачуваць: як вы там — усе разам?..

— Ды цудоўна! — усклікнула жанчына і тут жа стала казаць, што жыць вось гэтак, адным кагалам, нават за шчасце: прасцей гадаваць малых, весці гаспадарку, эканоміць грошы. Ну сапраўды, можна па чарзе прыбіраць, гатаваць. Кухня прасторная, пакояў тры... Так што не вельмі і цесна.

Праўда, у чарзе на жыллё яны стаялі, і старэйшая дачка з сям’ёй нават дастаялася:

— Пераехалі ў новую кватэру, — пахвалілася днямі матуля. — А ўслед за імі яшчэ і малодшая ў водпуск з’ехала... Залатое жыццё ў хаце настала!

...Асобная сям’я — гэта, вядома ж, асобная дзяржава. І дай Бог... суверэнная! Гэта значыць (паводле тлумачальнага слоўніка), незалежная ад іншых сем’яў-дзяржаў. Як ва ўнутраных сваіх справах, так і ў... міжсямейных адносінах.

Каб помнілі

Янка Брыль. «Жменя сонечных промняў». Зручная кніжка, бо невялічкая, бо з ёй, той «жменяй...», у змрочныя дні куды святлей і цяплей, халадней у спякоту.Першым сказам у адным з абразкоў: колькі можа перацярпець чалавек?.. А далей — як бы пералік: на долю канкрэтнага, Міколы, выпала пяць гадоў панскай турмы, уцёкі ў СССР, дзе яму, як польскаму шпіёну (іх шмат дзе «знаходзілі» ў 37-м) даюць яшчэ 25. Але дамоў ён вяртаецца раней — праз 19: ставіць хату, жэніцца, нажывае сынка «і цяпер, на хаду памірае ад рака»...

Брыль думаў, як гэтаму чалавеку напісаць годнае памінальнае слова. Фактаў, выходзіць, мала.

Справа прынцыпу

Маці вельмі ганарылася сваёй дачушкай, бо тая, апроч звычайнай школы, хадзіла ў музычную, на гімнастыку, на танцы, у басейн... Бо тая з медалём закончыла школу, паступіла ў інстытут...

Усё як след у дзяўчыны было, пакуль не звар’яцела: «Кахаю, — сказала яна маці. — Замуж пайду».

І было б за каго (з гледзішча матулі), а то ж «ні кала, ні двара» — аднакурснік, калгаснік. А таму не благаславіла яна дачку, ніколі, нічым (справа прынцыпу) не дапамагла: з дзвюх стыпендый (плюс падпрацоўкі і «гуманітарка» з вёскі) маладыя худа-бедна карміліся, адзяваліся-абуваліся, стараліся хоць нешта купіць — з посуду, з пасцельнай бялізны...

Цяжка абжываліся. Але ж колькі радасці мелі (удваіх, потым — з сынам) ад «свайго» пакойчыка ў інтэрнаце, ад першага чайнага сервіза, пральнай машыны, тэлевізара, сваёй кватэры.

...У матулінай — праз гады, калі яе не стала — у шафах і антрэсолях, у падвале назнаходзілі столькі дабра!

І сама нябожчыца ім не скарысталася, і дачка, падобна, ужо не паспее.

Смак беларускай мовы

Кажуць, хто не плануе справы, той плануе няўдачу.

Мы планавалі. І зранку шмат што зрабілі — можна было збочыць у блізкую піцэрыю, папрасіць:

— Калі ласка, тры кубачкі кавы, па магчымасці хутка, без цукру.

На твары маладога барыста, якому гэта сказалі, не варухнуўся ніводзін мускул.

Тады яшчэ раз — трохі павольней...

А ўрэшце здагадаўшыся, што ён не з тутэйшых і беларускай, відаць, зусім не разумее, перайшлі на рускую.

...Кава ў хлопца атрымалася добрай і досыць хутка. Для таго каб неяк аддзячыць, паклалі на стойку трохі цукерак і...

Нельга сказаць, што рассталіся як сябры, але ж ёсць надзея, што да «наступнікаў», тых, хто пасля нас, будзе звяртацца па-беларуску, хлопец паставіцца з меншай насцярогай.

Эстафета

Чарнаваты, але ж гумар: унук пасля пахавання бабулі з яе тэлефона ўсім адправіў паведамленні: «Дзякуй, што прыйшлі».

...Харошае дзіця, праўда?

Ці не ўсе нябожчыцы (і нябожчыкі), мусіць, пахвалілі б яго...

Калі б маглі.

Фота: Валянцін Губараў, «Зорка ўпала»
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю