Top.Mail.Ru

Беларусь і Расія намецілі новыя планы па прамысловай кааперацыі

«Ёсць значныя поспехі»


15 кастрычніка ў Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з міністрам прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Антонам Аліханавым. На ёй бакі абмяркоўвалі пытанні прамысловай кааперацыі, а таксама далейшае развіццё двухбаковага супрацоўніцтва.

S_SH5349_result.jpg

Падчас сустрэчы ў вузкім фармаце кіраўнік урада Беларусі і міністр прамысловасці і гандлю Расіі абмеркавалі канцэптуальныя падыходы да далейшага ўзаемадзеяння. «У апошні час супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі калі не ідэальнае, то вельмі блізкае да гэтага стану. Адносіны, якія склаліся паміж урадамі Беларусі і Расіі, маюць вельмі высокі ўзровень. Гэта па-сапраўднаму даверныя адносіны, — адзначыў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. — Многія пытанні ўдалося апошнім часам вырашыць. Сёння мы з калегамі абмяркуем стан нашага супрацоўніцтва ў прамысловай сферы. Ёсць значныя поспехі, ёсць і праблемы, але яны цалкам вырашальныя».

У сваю чаргу міністр прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Антон Аліханаў адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння з Беларуссю. Паводле яго слоў, сёння ўжо будуюцца новыя планы па прамысловай кааперацыі. «Лічу, што наперадзе ў нас шмат сумесных праектаў — не толькі па развіцці дзеючых прадпрыемстваў, але і па стварэнні абсалютна новых кааперацыйных праектаў. Упэўнены, што нас чакае несумненны поспех», — перакананы ён.

Падчас сустрэчы разглядаліся і пытанні супрацоўніцтва ў тым ліку ў мікраэлектроніцы, лёгкай прамысловасці, аўтамабілебудаванні. «Мы хацелі б, каб расійская аўтаэлектроніка была больш запатрабаваная ў тым ліку на магутнасцях прадпрыемства „БЕЛДЖЫ“. Дарэчы, гэты завод — адзін з найбуйнейшых гульцоў на расійскім рынку», — канкрэтызаваў Антон Аліханаў.

S_SH5300_result.jpg

Асобная тэма датычылася праекта «Амкадор-Анега». «Для нас вельмі важная якасная тэхніка па лесанарыхтоўцы. Вялікія поспехі ў нас у сельгасмашынабудаванні, ёсць сумесныя кааперацыйныя праекты, а таксама ў ліфтабудаванні», — падкрэсліў міністр прамысловасці і гандлю Расіі.

  • Абмяркоўваюцца і сумесныя праекты ў трэціх краінах, уключаючы Узбекістан і краіны Афрыкі. «Мы дамовіліся з Андрэем Яўгенавічам Кузняцовым (міністрам прамысловасці Беларусі. — „Зв.“) правесці сёлета пры вашай падтрымцы сумесную калегію ў Маскве, якую заплануем на снежань. Прадметна, не толькі на ўзроўні міністраў і намеснікаў міністраў, але і на ўзроўні кіраўнікоў дэпартаментаў, упраўленняў, выбудуем шчыльныя камунікацыі для таго, каб мы маглі на экспертным узроўні знаходзіць рашэнні і далей, калі будзе патрабавацца, выносіць іх на абмеркаванне больш высокага кіраўніцтва», — сказаў Антон Аліханаў, дадаўшы, што ў калегіі прыме ўдзел і «Беллегпрам».

Ён нагадаў, што зусім нядаўна ў беларускай сталіцы прайшлі маштабныя мерапрыемствы, уключаючы пасяджэнні Еўразійскага міжурадсавета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД. «На іх былі прадметна разгледжаны розныя аспекты ўзаемадзеяння, у тым ліку і ў прамысловасці, гандлі», — акцэнтаваў міністр. Ён павіншаваў беларускі бок з паспяховым правядзеннем Міжнароднай выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь». Антон Аліханаў выказаў асаблівую ўдзячнасць беларускім калегам і сябрам, у першую чаргу — Міністэрству прамысловасці і Беларускай гандлёва-прамысловай палаце — за ўсебаковае ўзаемадзеянне ў арганізацыі гэтага мерапрыемства. «Яно атрымалася маштабным: за тры дні выстаўку наведалі больш за 14 тысяч чалавек. Больш за 500 кампаній з розных краін свету прадэманстравалі сваю прадукцыю», — рэзюмаваў ён. 

Пасля сустрэчы ў Доме ўрада расійская дэлегацыя наведала шэраг беларускіх прадпрыемстваў, уключаючы ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынга «Інтэграл» і ААТ «Пеленг».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Крутой: Беларусі і Расіі патрэбна агульная праграма па развіцці турызму ў рэгіёнах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю