Top.Mail.Ru

Наталля Качанава: стратэгія «Моцныя рэгіёны» застаецца прыярытэтнай

Сёння ў Магілёве адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога, базавага і пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўняў Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Тэмай для абмеркавання сталі пытанні гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. У якасці спікераў выступілі прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.



— У такім фармаце мы сустракаемся не меней чым раз на квартал, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Апошнім часам мы запрашаем службовых асоб, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў кіравання, каб з першых вуснаў пачуць інфармацыю аб сітуацыі ў тых рэгіёнах, з дэпутатамі якіх адбываецца сустрэча. Аналагічная прайшла ў чэрвені ў Зельве, дзе мы мелі стасункі з брэсцкімі і гродзенскімі дэпутатамі. І абавязкова закранаем пытанні, якія датычацца карупцыйнага заканадаўства, каб не было правапарушэнняў. 

Наталля Іванаўна адзначыла, што перавага такіх сустрэч у рэгіёнах у тым, што дэпутаты маюць магчымасць наўпрост задаваць пытанні службовым асобам, якія рэгулююць працэсы ў сферах гандлю і аховы здароўя. Гэта дазваляе народным абраннікам больш аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у людзей.

— Прымаць правільныя рашэнні можна толькі тады, калі яны ідуць ад жыцця, — удакладніла яна. — Прэзідэнт выразна ставіць перад намі задачу, якую павінны вырашаць усе — дэпутаты, выканаўчая ўлада, органы грамадскага самакіравання і гэтак далей. Тое, што хвалюе нашых людзей, павінна знайсці адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматыўна-прававых актах. 

Прэзідэнт не выпадкова акцэнтаваў увагу на жыхарах сельскай мясцовасці, калі праводзіў нараду па праблемных пытаннях ў гандлёвай галіне. Наступная пяцігодка, як і папярэдняя, будзе праходзіць пад знакам «моцныя рэгіёны».

— Гэта пазіцыя застаецца прыярытэтнай, — рэзюмавала Наталля Качанава. — І людзі, якія жывуць у маленькіх населеных пунктах, павінны мець магчымасць атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, набываць любыя тавары у гандлёвых аб’ектах. І аб’екты гэтыя трэба захаваць. Нельга іх закрываць, не прааналізаваўшы спачатку абстаноўку. 

Прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў працоўных калектывах — дэпутаты робяць усё, каб валодаць сітуацыяй. 

— Па даручэнні Прэзідэнта мы з 2020 года маніторым абстаноўку ў гандлёвай сферы, на ФАПах, па добраўпарадкаванні. І праблемныя пытанні не замоўчваем, даносім да тых органаў, якія павінны імі займацца, — рэзюмавала спікер. — Там, дзе можам, аказваем садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў. Сістэма ў нашай краіне выбудаваная, у нас ёсць выразнае разуменне таго, што трэба рабіць. Неабходна толькі кожнаму адказна адносіцца да сваіх абавязкаў.

Старшыня Магілёўскага аблсавета, сенатар Аляксандр Гарошкін лічыць такія сустрэчы вельмі карыснымі, бо на іх вырашаюцца важныя пытанні для насельніцтва. 

— Ужо той факт, што нават дэпутаты базавага ўзроўню маглі задаць пытанне прадстаўнікам рэспубліканскіх органаў кіравання, пра многае гаворыць, — кажа ён. — Перакананы, што вынікі на месцах у гэтым выпадку будуць дасягнутыя нашмат хутчэй. Канешне, пытанні ў сферах гандлю ёсць, але гэта больш звязана з чалавечым фактарам, напрыклад, нешта там не паспелі давезці. Дэпутаты самі жывуць на гэтых тэрыторыях, абслугоўваюцца ў гэтых жа крамах і паліклініках і добра ведаюць абстаноўку. Праблемы працэнтаў на 60 здымаюцца яшчэ на ўзроўні раёнаў. Астатнія бярэ на сябе вобласць. А тыя, якія вырашыць сваімі сіламі нельга, мая задача як сенатара давесці да Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, каб разглядзець іх на заканадаўчым узроўні. 

Нэлі ЗІГУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю