Учора мы традыцыйна адзначылі Міжнародны дзень абароны дзяцей — ярка, святочна і дынамічна. Даўшы такім чынам імпульс добрага настрою — у сувязі з пачаткам самых доўгачаканых канікул і лета, якое ўсё ж такі прабілася скрозь холад і непагадзь, і зайграла сонцам і цяплом роўна ў свой першы дзень.
Ганны, Мішы і Наташы — усе нашы!
Нашы дзеці — гэта наша будучае, і дзяржава робіць усё, каб і іх сённяшні дзень, іх наступныя гады былі шчаслівымі і напоўненымі жыццём. Для іх адкрываюцца дзіцячыя садкі, школы, будуюцца стадыёны, спартыўныя пляцоўкі. Яны могуць выбраць сабе любое захапленне, а калі пасталеюць — і любую справу па душы. Мы, дарослыя, стараемся зрабіць шчаслівым і паўнавартасным дзяцінства 1 716 303 дзяцей да 18 гадоў — менавіта столькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пражываюць у Беларусі, зарэгістравана на пачатак 2026 года. Не цяжка палічыць, што кожны пяты жыхар нашай краіны — дзіця.
Нацыянальны статыстычны камітэт таксама агучыў, што сёння на 1000 хлопчыкаў прыпадае 951 дзяўчынка. Выдатная навіна для прадстаўніц прыгожага полу — бо мы прывыклі да іншай статыстыкі — «на дзесяць дзяўчынак дзевяць хлопцаў».
- Большасць нашых дзяцей гараджане — іх 81,4 %, 18,6 % жыве ў сельскай мясцовасці. Але ж не важна дзе — у горадзе ці ў вёсцы, у краіне працуе 3653 дзіцячыя садкі, якія наведвае 326,6 тысячы малых. 2817 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адкрылі дзверы для 1,058 млн вучняў у гэтым навучальным годзе. Пасля школы 71,4 тысячы падлеткаў атрымлівае прафтэхадукацыю ў 163 каледжах і ліцэях, 119,9 тысячы — асвойвае сярэднюю спецыяльную адукацыю ў 228 установах.
Спорт і карысныя захапленні — у прыярытэце ў сучасных дзяцей. 347,7 тысячы юных беларусаў займаецца ў 224 цэнтрах дадатковай адукацыі, 115,9 тысячы наведвае дзіцячыя школы мастацтваў. Больш за 1,58 млн дзяцей рэгулярна займаецца фізкультурай і спортам.
Са спісу самых папулярных імёнаў для дзяцей пачала знікаць мудрагелістая і незразумелая для нашага менталітэту экзотыка — часцей за ўсё дзяўчынак цяпер называюць імёнамі Сафія, Марыя, Ганна, Ева, хлопчыкаў — Міхаіл, Аляксандр, Мацвей, Цімафей.
Лета — гэта мы!
У Беларусі стартавала летняя аздараўленчая кампанія. Якасны адпачынак і аздараўленне пройдзе каля 400 тысяч дзяцей. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, работу арганізуе амаль 6 тысяч лагераў: 942 з кругласутачным знаходжаннем (у тым ліку 147 стацыянарных) і 5058 дзённых. Асаблівая ўвага ўдзелена падтрымцы ўразлівых катэгорый: гэтым летам аздаровяцца прыкладна 12 тысяч дзяцей-сірот і сем тысяч дзяцей з інваліднасцю. Мясцовым органам рэкамендавана аказваць дадатковую фінансавую падтрымку шматдзетным сем’ям пры набыцці пуцёвак.
Для падлеткаў 14–18 гадоў працягнуць працу летнія лагеры працы і адпачынку. 14 тысяч непаўналетніх за змены (15–18 дзён) асвояць працоўныя навыкі ў сельскай гаспадарцы, добраўпарадкаванні, рамонце і швейнай справе, выконваючы нармаваны працоўны час. Асвояць і заробяць ад 80 да 500 рублёў.
Але ж ключавым вектарам, як запэўнілі ў ведамстве, стане грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Ва ўсіх лагерах праходзяць урачыстыя лінейкі з вынасам сцяга і выкананнем гімна, паказы тэматычных фільмаў, квэсты і сустрэчы ў рамках акцыі «Крок да поспеху». Расце попыт на ваенна-патрыятычныя, лідарскія, валанцёрскія і экалагічныя змены. Эфектыўна працуе фармат «Лагер у лагеры».
Алена ВІНАГРАДАВА