Вакальнае шоу «Зорны шлях» зноў збірае тых, хто марыць аб вялікай сцэне. Чацвёрты сезон стартуе з новымі ідэямі, але з нязменнай мэтай — адкрыць сапраўдныя таленты сярод звычайных людзей.
Праект, які ўжо стаў адным з самых народных і любімых у краіне, рэалізоўваецца сіламі тэлеканала АНТ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і «Музычнай медыякампаніі». Як і раней, удзельнікаў чакае сур’ёзная работа з прафесіяналамі сцэны. У новым сезоне ў ролі настаўнікаў выступаюць Ірына Дарафеева, Тэа, Андрэй Гузель, Яўген Алейнік і Валерый Шмат. Наперадзе — сотні галасоў, гатовых загучаць па-новаму.
Ілья БАРАНАЎ, галоўны рэжысёр праекта «Зорны шлях», паведаміў:
— Калі шчыра, кожны сезон мы пачынаем з думкі: «А ці хопіць фантазіі, каб не паўтарацца?» Але як толькі пачынаецца работа — ідэі нараджаюцца адна за адной. Сёлета мы значна пашырылі музычную праграму: калі раней у паўфіналах было каля 30 нумароў, то цяпер — ужо 60. Гэта сапраўдны іспыт, але і вялікае задавальненне.
Паводле слоў рэжысёра, каманда працуе над тым, каб ахапіць самыя разнастайныя жанры. Над кожным выпускам працуюць прадзюсары, харэографы, музыканты — усе, хто дапамагае стварыць свята на сцэне.
Фінал чацвёртага сезона адбудзецца напярэдадні Новага года. Але, як заўважыў Ілья Баранаў, галоўная інтрыга захоўваецца да апошняга моманту: пакуль невядома, хто трапіць у фінал, — немагчыма напісаць фінальныя песні. Кожная кампазіцыя ствараецца пад канкрэтнага выканаўцу, і менавіта гэта робіць «Зорны шлях» жывым, непрадказальным і сапраўды народным праектам.
Спявак ТЭА сёлета ў ліку настаўнікаў. Ён прызнаецца:
— Для мяне гэта сапраўднае падарожжа па Беларусі: падчас кастынгаў яшчэ раз пераканаўся, якая ў нас таленавітая краіна. У кожным горадзе — людзі з моцным голасам, са сваёй гісторыяй і непаўторным тэмбрам.
Выбіраць удзельнікаў было нялёгка: у многіх гарадах хацелася пакінуць на праекце больш канкурсантаў, чым дазваляюць правілы.
— Часта мы вучылі людзей літаральна з нуля. Як трымацца перад камерай, як працаваць з мімікай, як глядзець у патрэбны аб’ектыў у патрэбны момант. Але, што асабліва прыемна, многія ўжо вырашылі працягваць навучанне далей, — гаворыць Тэа. — Я гатовы да прыгожага шоу. Няхай пераможа наймацнейшы, але галоўнае — каб ацэнкі былі сумленныя.
Сярод удзельнікаў новага сезона праекта «Зорны шлях» — прадстаўнікі самых розных прафесій. Алег ПАПОЎ з Мазыра працуе ў вытворчым упраўленні «Мазыргаз», але сцэна для яго — працяг даўняй музычнай мары.
— Я спакойны, — кажа ён перад выхадам на сцэну. — Рэпетыцыя цягнулася доўга, таму ўсё, што мог, зрабіў. Выйду спакойна, адпрацую і буду чакаць выніку.
Спяванне для Алега — пакуль хобі, але з патэнцыялам да прафесійнага росту:
— Калі нехта з прадзюсараў убачыць ува мне штосьці цікавае — чаму б і не? Можна і пра гэта падумаць. Людзі вакол кажуць, што ўжо спяваю на прафесійным узроўні, хоць самому цяжка сябе ацэньваць.
На пытанне пра музычныя ўплывы Алег адказвае без роздуму: Queen, Bon Jovі. А з беларускіх артыстаў Алег вельмі паважае Пятра Ялфімава. Спакой, гумар, лёгкая іронія — усё гэта робіць Алега Папова тым самым артыстам з народу, які ўпэўнена ўваходзіць у зорную гісторыю новага сезона.
«Зорны шлях» ужо некалькі сезонаў запар застаецца адным з самых яркіх тэлепраектаў краіны — шчырым, народным і адначасова прафесійным. Тут няма выпадковых людзей: кожны ўдзельнік прыходзіць са сваёй гісторыяй, сваім голасам і марамі, якія становяцца часткай вялікага музычнага падарожжа. Геаграфія ахоплівае ўсю Беларусь — і менавіта гэта робіць праект сапраўднай энцыклапедыяй беларускіх галасоў. Тут нараджаюцца артысты, якія яшчэ ўчора спявалі для сяброў, а сёння — для ўсёй краіны. І, магчыма, сярод іх ёсць тая ці той, хто з часам стане новай зоркай беларускай сцэны.
Першы адборачны канцэрт новага сезона гледачы ўбачаць у эфіры тэлеканала АНТ ужо 1 лістапада.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Ганны Калінінай