Top.Mail.Ru

Навуковыя даследаванні маладога ўрача ветмедыцыны Уладзіслава Кліменкі маюць важнае практычнае значэнне

Па дакладны дыягназ звяртаюцца з усёй краіны


Пасля заканчэння Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» Дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і магістратуры малады спецыяліст застаўся працаваць у сваёй ВНУ на кафедры паталагічнай анатоміі і гісталогіі імя М. Жакава. Менавіта тут праводзяць гісталагічныя даследаванні, якія дазваляюць паставіць дакладны дыягназ. У ветэрынарыі, дзе пацыентамі з’яўляюцца жывёлы, якія не надзелены здольнасцю гаварыць, а клінічныя праяўленні хваробы і іншыя аналізы не даюць поўнай карціны, такія даследаванні надзвычай важныя. Толькі правільнае ветэрынарнае заключэнне з’яўляецца гарантам паспяховага лячэння і прафілактыкі захворванняў.

На кафедры Уладзіслаў, па сутнасці, з’яўляецца празектарам, займае пасаду, якую спецыялісты лічаць дацэнтскай. Тут няма месца гідлівасці, пазбяганню рэгулярных камандзіровак у розныя рэгіёны на сельскагаспадарчыя аб’екты, адбору матэрыялаў для наступных даследаванняў. Яго форма адзення не бялюткі, а рабочы халат ці нават касцюм хімічнай абароны, але хлопец ведае: ён робіць важную і карысную для сельскай гаспадаркі краіны работу. Прафілактыка і лячэнне жывёлы прадухіляюць велізарныя эканамічныя страты.


— Па дапамогу ў пастаноўцы дыягназаў у ВДАВМ звяртаюцца сельгасарганізацыі з усёй Беларусі, — тлумачыць прафесар, загадчык кафедры, настаўнік Уладзіслава Ігар Громаў. — Рэктар вызначае склад рабочых камісій, патолагаанатама ўключаюць ў іх абавязкова. Гэтыя групы не радзей чым раз на тыдзень выязджаюць на месцы. Па выніках грунтоўных даследаванняў выдаюць падрабязныя даведкі, рэкамендацыі, якія зацвярджаюцца ў Мінсельгасхарчы і з’яўляюцца інструкцыямі да дзеяння сельгасарганізацый.

Як вынікае з практыкі даследчыкаў, першаступеннымі прычынамі захворванняў і падзяжу жывёлы з’яўляюцца парушэнні тэхналогіі яе кармлення і ўтрымання. Так, для маладняку надзвычай пагібельныя незахаванне тэмпературнага рэжыму і скразнякі, падрываюць здароўе нават дарослай жывёлы няякасныя кармы, несвоечасовае і незбалансаванае харчаванне, адсутнасць ці парушэнне правіл вакцынацыі, неналежны санітарны стан памяшканняў, утрыманне здаровага пагалоўя з тым, якое ўжо хварэе. Дастаткова наладзіць гаспадарскі догляд — і многіх страт удаецца пазбегнуць. Здаровая ж жывёла дае здаровы прыплод, большы аб’ём прадукцыі. А гэта — грошы.

— Яшчэ падчас вучобы ў Мазырскай школе № 7 мяне вабілі хімія і біялогія, задумваўся аб прафесіі ўрача, але пераважыла ветэрынарыя, — расказвае Уладзіслаў Кліменка. — На першым курсе зразумеў, што зрабіў правільны выбар, паглыбіўся ў гэтыя прадметы. Пазней далучыўся да навуковага руху, паспрабаваў свае сілы на дзевяці розных кафедрах: фізіялогіі, клінічнай дыягностыкі, кормавытворчасці, паразіталогіі, хірургіі, акушэрства і гінекалогіі і іншых. Напісаў 18 навуковых артыкулаў, якія апублікавалі ў профільных часопісах. Усе работы мелі практычнае значэнне.


Наогул, беларуская школа ветэрынарнай навукі скіравана на падтрыманне здароўя прадукцыйнай жывёлы і птушкі, якія даюць сельскагаспадарчую прадукцыю: малако, мяса, яйкі. Гэтым яна адрозніваецца ад іншых, у значнай ступені скіраваных на аказанне дапамогі жывёлам-кампаньёнам (катам, сабакам і інш.). Таму па кансультацыі адносна сельгасжывёлы ў Віцебск нярэдка звяртаюцца вытворцы сельгаспрадукцыі з Расіі і Казахстана.

Працоўныя будні Уладзіслава Кліменкі не замінаюць яго навуковай дзейнасці. Цяпер ён плануе шэраг навуковых эксперыментаў з мэтай напісання будучай дысертацыі аб выкарыстанні пэўнай кармавой дабаўкі для павышэння імунарэактыўнасці арганізма цялят. З такім запытам звярнуліся распрацоўшчыкі кармоў, каб прааналізаваць яе ўплыў на прадукцыйнасць жывёлы.

— Мы за чыстую навуку, без падтасоўвання фактаў. Адмоўны вынік — гэта таксама вынік, — звяртае ўвагу Ігар Громаў. — Недапушчальна, каб якаясьці дабаўка, на якую будуць ускладаць надзеі сельгасвытворцы, аказалася пустышкай. Мы адчуваем адказнасць за сваю работу. Патолагаанатам павінен быць вельмі ўважлівым і сумленным.
Напрыклад, зрабіўшы гісталагічнае даследаванне органаў птушкі, спецыяліст прыходзіць да высновы, што неабходна правесці вакцынацыю пэўным прэпаратам. Такая рэкамендацыя выдаецца пасля пераправерак і неаднаразовых узважванняў. Толькі ўявіце, у якую суму абыдзецца вакцынацыя трохмільённага пагалоўя птушкафабрыкі, калі кошт адной дозы складае 60 капеек! А раптам ветурач памыліўся і прышчэпкі не былі патрэбныя? Адказнасць вялікая.


Ігар Громаў лічыць Уладзіслава Кліменку перспектыўным вучоным, які імкліва расце як ветэрынарны патолагаанатам і ў недалёкай будучыні стане як мінімум кандыдатам ветэрынарных навук. Колькі часу і практыкі яму спатрэбіцца для дасягнення вопыту самастойнай пастаноўкі дыягназаў, цяжка прагназаваць. Самому прафесару спатрэбілася каля сямі гадоў. Але ён бачыць у сваім вучні прагу да ведаў, вялікую працаздольнасць, імкненне прыносіць карысць народнай гаспадарцы Беларусі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю