Top.Mail.Ru

Не­звы­чай­ны са­стаў пры­быў у ста­лі­цу Бе­ла­ру­сі на ча­ты­ры дні

Мінск зноў су­стрэў «Цяг­нік Пе­ра­мо­гі»

Ахвотных патрапіць у гэты перасоўны музей заўсёды больш, чым яго прапускная здольнасць. Таму кожны раз яго прыезд становіцца сапраўднай падзеяй. Вось і на станцыі Мінск-Пасажырскі 2 ліпеня легендарны цягнік сустракалі з аркестрам, танцамі і песнямі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел кіраўніцтва Мінгарвыканкама і Беларускай чыгункі, на яго запрасілі былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, вучняў патрыятычных класаў.

Захавальнікі памяці

Хлапчукі і дзяўчынкі ў форме выглядалі сур’ёзнымі і засяроджанымі. Максім і Кірыл — вучні ваенна-патрыятычнага класа 49-й мінскай школы. Першае, аб чым мы спыталі ў іх: чаму вы выбралі менавіта гэты клас?

— Любім Радзіму і хочам працягваць справу сваіх прадзедаў, — адказалі яны.

Максім расказаў, што на стыку дарог з вёскі Вялікі Лес у Салігорск стаіць помнік яго прадзедам, якія ў гады вайны завялі фашыстаў у непраходнае балота, загінулі самі, але загубілі і ворагаў.

Для Кірыла ўдзел у гэтым мерапрыемстве — гонар і даніна памяці подзвігу тых, хто змагаўся за вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А яшчэ для яго гэта шлях сапраўднага патрыёта.

— Дзе б мы ні былі, толькі тут мы дома. Вывучайце гісторыю, беражыце мір, паважайце старэйшае пакаленне, — звярнулася да моладзі былая непаўналетняя вязніца Галіна РАМАНОВІЧ. — Мы верым у вас і спадзяемся, што вы захаваеце памяць аб Вялікай Перамозе.

Галоўныя каштоўнасці

Незалежнасць і суверэнітэт — галоўныя каштоўнасці для кожнай дзяржавы. Наша краіна ганарыцца сваім мінулым і аддае даніну павагі сапраўдным героям. Гэты музей на колах — унікальны праект, які нікога не пакідае абыякавым. Ён расказвае, якім складаным, цяжкім, кровапралітным, але гераічным шляхам народы былога Савецкага Саюза здабылі для нас Вялікую Перамогу.

Месца для «Цягніка Перамогі» беларускія чыгуначнікі адвялі самае ганаровае — першы перон першага пуці. У чаканні сваіх першых наведвальнікаў састаў «адпачываў», бо да гэтага ён аб’ехаў 5 беларускіх абласных цэнтраў, а таксама прадставіў экспазіцыю ў Баранавічах. Мінск — заключны пункт яго руху па нашай краіне. Тут ён прыпыніўся да 5 ліпеня.гісторыя, якая ажывае

...І вось у музей паднімаюцца першыя наведвальнікі — ветэраны і дзеці. Ім належыць у літаральным сэнсе прайсці скрозь гісторыю Вялікай Айчыннай. У экспазіцыі, размешчанай у 10 вагонах, — больш за 150 «жывых» скульптур і тысячы сапраўдных прадметаў таго часу.

Пры ўваходзе кожнаму наведвальніку выдаюць аўдыягід. Экскурсіі суправаджае голас Лідзіі — дзяўчыны, якая ў гады вайны працавала паравозным машыністам. І гэта не проста аўдыягід, а зборны вобраз цэлага пакалення. Лідзія — юная савецкая дзяўчына, яе лёс — лёс краіны. Правобразам гэтай 19-гадовай дзяўчыны стала Алена Чухнюк — машыніст лакаматыўнага дэпо Гомель, якая ў гады вайны вадзіла эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту.

Эмоцыі захлістваюць наведвальнікаў перасоўнага музея адразу: «Як быццам жывыя...», «Да мурашак!..», «Плакаць хочацца...»

— У Беларусі «Цягнік Перамогі» ўжо пяты раз, за гэтыя гады ў ім пабывалі больш за 137 тысяч чалавек. Кожны дзень ён прымае каля 1600 наведвальнікаў, — удакладніў першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Аляксандр ХАРАШЭВІЧ.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю