Што праўда, тое праўда: шлюбы вершацца на нябёсах, а ўжо шчаслівымі ці нешчаслівымі іх робяць тыя, хто ходзіць па зямлі.
Віка вось — асоба сур’ёзная: усё ў яе па раскладзе, па палічках, па правілах, Дзіма — наадварот — ахламон, якіх пашукаць.
Процілегласці, як вядома, прыцягваюцца, і хлопца прыцягвала капітальна, а вось дзяўчыну... Дзіму ўвесь час здавалася, што можа «сарвацца».
З гэтай прычыны малады чалавек вырашыў не цягнуць ката за хвост, а перад Новым годам зрабіць прапанову. Для гэтага ён распрацаваў сцэнарый, склаў спіс «рэквізіту» са шматлікімі а, б, в, г... (то-бок — феерверк (адзін), асобная ружа, букет і пярсцёнак — таксама, сяброў-памочнікаў — трое).
З пярсцёнкам атрымалася найпрасцей: будучы ў гасцях у Вікі, Дзіма пачакаў, калі тая на хвілінку выйдзе з пакоя, выхапіў адзін са шкатулкі — памераў на свае «граблі»: на мезенец — якраз. Вось і добра.
Усё астатняе хлопец загадзя купіў у гіпермаркеце і спланаваў так: ён па дарозе з работы «чапляе» двух сяброў, і ўсе разам яны крочаць у парк. Там выбіраецца месца, дзе ў снезе будзе схаваная ружа, а непадалёк ад яе схаваюцца хлопцы з піратэхнікай. У час ікс Дзіма пабяжыць насустрач каханай, гуляючы, падвядзе да гурбы, стане на калена і, дастаўшы кветку з-пад снегу, скажа пра свае пачуцці.
Віка можа не паверыць, не сцяміць, што адказаць, але ж тут грымне такі феерверк...
Не, яна не зможа яму адмовіць!
Тым больш што гэта — яшчэ не ўсё. Далей будзе святочная вячэра ў кафэ. А на выхадзе з яго шчаслівую пару сустрэне Ігар, трэці з Дзімавых сяброў (з Вікай пакуль незнаёмы). Ён галантна прадставіцца кур’ерам службы дастаўкі і ўручыць каханай букет руж.
З ім Дзіма павядзе Вікторыю да сябе дадому, дзе яе ўжо будзе чакаць пярсцёнак у «кіндар-сюрпрызе».
План — ну што тут казаць — быў шыкоўны, а вось выкананне...
Пачалося з таго, што Віка ў парку з’явілася трохі раней — хлопцы ледзь паспелі падрыхтаваць феерверк і прыхаваць у снезе адзінокую ружу. Прычым так, што на ўмоўленым месцы Дзіму прыйшлося доўга круціць галавой і напружваць зрок...
Але ж не марна: згледзеўшы кветку, ён упаў перад Вікай на калена, і дастаўшы яе з гурбы, сказаў: «Я прападу без цябе, як ружа ў снезе... Ты маё ўсё, і гэтыя словы зараз пацвердзіць неба!»
Пасля гэтай фразы яно павінна было (у сяброў тэлефоны ўключаны) успыхнуць безліччу каляровых агнёў... Дзіма чакаў. Віка глядзела — то на яго, то на ціхае неба і смяялася.
Хлопец паўтарыў «пароль» гучней, яшчэ гучней, ужо ледзьве не крыкам... Толькі тады, можна сказаць, нарэшце, у парку бабахнула — неба асвятлілася першай успышкай салюту. Потым была другая, але чамусьці ў іншым баку і з гучнымі мацюкамі.
Віка смяялася да слёз. Дзіма ледзь не крычаў ад роспачы.
Наступным этапам была вячэра ў кафэ, і прайшла яна досыць гладка, а вось на выхадзе...
«Я — са службы дастаўкі. Вы Вікторыя Мікалаеўна? Вам кветкі ад чалавека, які колькі вас ведае, столькі кахае». — Гэта, уручаючы букет, павінен быў сказаць Ігар, Дзімаў сябрук, якога Віка ніколі не бачыла, а сказаў... п’яненькі Лёха, добра знаёмы з ёй і, мякка кажучы, трохі не так. У яго атрымалася, што кветкі (ён трымаў іх «венікам», бутонамі ўніз) ад чалавека, які не ведае... Не тое саму Віку, не тое ці... кахае.
Дзяўчына зноў заходзілася ад смеху, а кандыдат у жаніхі ўжо аплакваў сваю мару стаць яе мужам.
...Дома і амаль без надзей ён паставіў чайнік і аддаў каханай той «кіндар-сюрпрыз».
Што далей было?
Віка асцярожна дастала пярсцёнак, надзела на палец (якраз?!), заплакала, абазвала Дзіму ідыётам, абняла і сказала: «Я згодна».
Вынік — восем гадоў шчаслівага сумеснага жыцця; два сыны-дуронікі; ёсць што ўспомніць.
Шлюбы і сапраўды вершацца на нябёсах, а далей, што называецца, самі.
А. НЕСЦЯРОНАК
г. Докшыцы
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР