Top.Mail.Ru

Новая пастаноўка Вялікага тэатра Беларусі прымушае задумацца пра сутнасць жыцця і балета

«Што наша жыццё? Гульня!..» — згадвалася падчас прэм’еры аднаактавых балетаў пад агульнай назвай «Скокі» ў Вялікім тэатры Беларусі. Нехта гуляе з лёсам, імкнучыся кінуць яму выклік, не разумеючы рэальных магчымасцяў звычайнага чалавека. Нехта гуляе з каханнем, падмяняючы пачуццё сексуальным інстынктам, без думак пра тое, што ёсць мяжа, за якой разняволенасць ператвараецца ў смерць душы і нават фізічнае знішчэнне. А можна гуляць з мастацтвам, прынамсі, галоўны балетмайстар тэатра Ігар Колб сваімі пастаноўкамі прымушае задумацца пра тое, што ўспрыманне мастацкіх з’яў суб’ектыўнае і шмат у чым залежыць ад чаканняў, з якім мы ідзем, напрыклад, у тэатр. Бо для кагосьці мае значэнне найперш балет як мастацтва харэаграфіі, а хтосьці, успрымаючы агулам тое шоу, што зроблена на сцэне: ну, эфектна ж…


У дадзеным выпадку «Скокі» — назва трапная. За ёю схаваныя тры пастаноўкі. І першая ж з іх — «Балеро» на музыку Марыса Равэля — прымусіць гуляць з уяўленнем: што мы бачылі альбо ведаем пра пастаноўкі іншых харэографаў. А Ігар Колб, здаецца, любіць адсылкі і цытаты, нават у вонкавых вобразах. «Балеро» — каварны твор, таму што пры ўсёй рытмічнай манатоннасці ў ім ёсць развіццё, нарастае унутранае напружанне. Артысты на сцэне гэта выяўляюць своеасаблівым чынам. Пры механичнасцi рухаў мяняецца карцінка. Спачатку героі (на фоне кардэбалету ёсць тры пары — Аліна Рудэнка і Уладзіслаў Каляда, Марыя Музалеўская і Дзяніс Шпак, Дзіяна Багатава і Канстанцін Белахвосцік) у вобразах куртуазнай эпохі, дзяўчаты ў сукенках з крыналінавымі спадніцамі. Пасля тыя ж тры пары пачуваюцца больш вольна: каркасы спадніц ужо прыкрытыя празрыстай тканінай, за якой праглядаюць ногі. У трэцім выхадзе тыя ж пары ўжо ў негліжэ, і калі разняволенасць становіцца татальнай, то зверху усіх удзельнікаў дзейства накрывае клетка, вонкава падобная на той жа каркас ад спадніцы... То бок працуе вонкавы складнік, які, між іншым, працягне свой шмат у чым вызначальны ўплыў і ў наступных двух пастаноўках. 

І яшчэ ёсць два персанажы, якія павінны злучаць ўсе тры часткі вечара: вобразы Року (артыст балета Юрый Кавалёў) і Лёсу (артыстка оперы Ірына Паляшчук). Мала таго, у другой частцы, якая мае назву «Скокі смерці» на музыку Каміля Сен-Санса, да рухаў на сцэне дадаюцца спевы — урывак з оперы «Самсон і Даліла». Музыка Сен-Санса — вельмі прыгожая сама па сабе, калі б яе слухаць нават з заплюшчанымі вачыма, то ўжо атрымаў бы задавальненне (дырыжор-пастаноўшчык Арцём Макараў). Але даць волю ўласнаму ўяўленню не выпадала, бо на сцэне разгарнулася драматычная дзея: чалавек ( артыст Андрэй Барыеў) імкнуўся кінуць выклік Року. А значыць, павінна быць супрацьстаянне (праз танец) не на жыццё, а на смерць... На фоне матылькоў (вельмі вялікія, яны запаланяюць сцэну) і кветак чартапалоху (як сімвалу граху і ўстойлівасці ў любых умовах) герой пырхае, спрабуе час ад часу ўзняцца на высокі ўзровень далучанасці да таямніц жыцця. Супраціў абазначаны: герой апынаецца ў руках Року (і ў літаральным сэнсе), які праз кій круціць ім. Смерць яго таксама паказана. 

Далей «Кармэн» — працяг тэмы жыцця і смерці (мы да яе гатовы ўжо паводле назвы, бо хто не ведае пра што твор?). Музыка Жоржа Бізэ (версію для балета зрабіў беларускі кампазітар Алег Хадоска) яркая сама па сабе. Але не яна вызначае дзеянні артыстаў на сцэне. Кармэн (Аляксандра Чыжык) быццам бы пазбаўлена жарсці, а сама па сабе юрлівая асоба, якая прымае фізічную блізкасць як належнае (тут няма метафары, а бадай натуралізм). Два яе кавалеры — Тарэадор (Дзяніс Шпак) і Хазэ (Антон Краўчанка) — «бадаюцца» паміж сабой як тыя быкі. Тэма быкоў насамрэч раскрытая — вытанчаныя дзяўчаты ў чорным з вялікім рагамі рассоўваюць масоўку на сцэне — гэтая частка вельмі «людная», напрыканцы нават гучыць хор... 

І як тут можна сказаць, што чагосьці ў пастаноўцы не хапіла, калі ўсяго шмат? Прынамсi, таго, што можа ўпрыгожыць (шмат што закладзена мастаком- пастаноўшчыкам Вольгай Мельнік-Малахавай), а то і стварыць адчуванне відовішчнага шоу. 

Магчыма, з гэтага пункту гледжання і трэба падыходзіць да вечара аднаактовых балетаў «Скокі». Калі ўзяць да ўвагі, што ў цяперашні час вялікая частка людзей шукае нейкага відовішчнага ўзрушэння, то — калі ласка. Хто сказаў, што на балет могуць і павінны хадзіць толькі знаўцы, якія добра разбіраюцца ў харэаграфіі? (Тут чаканая заўвага пра тое, што трэба прыцягваць іншых і новых гледачоў, у тым ліку эксперыментамі). Напэўна, «Скокі» зацікавяць тых, хто захапляецца такімі відамі мастацтваў як перформанс ці пластычны тэатр, калi выкарыстаны розныя рухі па сцэне ды міміка. Ці ёсць кірунак візуальнага тэатра, калі асаблівае ўздзеянне мае карцінка. Дакладна, гэта не той балет, як мы прывыклі яго разумець паводле пастановак, на якіх дзесяцігоддзямі выхоўваўся густ айчыннай балетнай публікі. А што тады?.. Кожны можа даць свае вызначэне, склаўшы ўласнае меркаванне. Як было не было у дачыненнi да «Ілюзій кахання» ў пастаноўцы Ігара Колба. Цяпер ён узяў у тым ліку творы, якія ўжо ішлі ў тэатры раней, іх добра ведала і любіла публіка. Дакладна трэба прызнаць: яны ўжо іншыя — для кагосьці здзіўленне, а для кагосьці шок. Цікава, якія назвы будуць далей — каб загадзя падрыхтавацца?.. 

Фота Таццяны Бервіной, Вялікага тэатра Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю