У Беларусі з’явіўся новы стратэгічны партнёр. Раней такога ўзроўню адносін наша краіна дасягнула толькі з Расіяй, Кітаем, а ў 2025 годзе — з В’етнамам. І вось зараз, у многім дзякуючы асабістым намаганням Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, на новы ўзровень былі выведзены двухбаковыя адносіны Беларусі і Узбекістана. 9 ліпеня 2026 года ў Мінску лідары дзвюх краін падпісалі Дэкларацыю аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж нашымі дзяржавамі.
Трэба разумець, што стратэгічнымі партнёрамі становяцца не для птушачкі і не дзеля прыгожага слова. Гэта найвышэйшы ўзровень дыпламатычных і эканамічных адносін паміж краінамі, заснаваны на доўгатэрміновых агульных інтарэсах, узаемным даверы і маштабным супрацоўніцтве, якое ажыццяўляецца адразу па многіх сферах: эканоміка, палітыка, бяспека, культура і гуманітарнае ўзаемадзеянне. Выбіраючы стратэгічнага партнёра, дзяржава разлічвае не толькі на двухбаковыя адносіны, але і на магчымасць прасоўвання сваіх інтарэсаў у цэлым рэгіёне, выкарыстоўваючы партнёрскую базу: тэрыторыю, палітычныя і эканамічныя сувязі, разуменне спецыфікі рэгіянальнага ўзаемадзеяння. Прычым такое прасоўванне з’яўляецца ўзаемным.
Менавіта гэта мы і назіраем на прыкладзе беларуска-ўзбекскіх адносін. У перспектыўным бачанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, краіны Цэнтральнай Азіі і Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД) у цэлым з’яўляюцца адным з ключавых вектараў нашай знешняй палітыкі, які набыў асаблівую стратэгічную значнасць ва ўмовах санкцыйнага націску Захаду. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што Цэнтральная Азія — гэта не проста «блізкае замежжа», а рэгіён, з якім Беларусь звязваюць агульнае савецкае мінулае, падобныя эканамічныя мадэлі, адсутнасць моўнага і культурнага бар’ера (руская мова застаецца мовай міжнацыянальных зносін). Аляксандр Лукашэнка шмат разоў адзначаў, што краіны рэгіёна з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі, якія не падводзяць і не ўводзяць санкцыі. Ва ўмовах спроб ізаляцыі Беларусі з боку Захаду, Цэнтральная Азія стала для нас «акном у свет» і важным транзітным калідорам для выхаду на рынкі Азіі і Кітая. Як кажуць, даўні сябар лепшы, чым два новыя!
Узбекістан у гэтым раскладзе займае асаблівае месца. Дзякуючы асабістым намаганням Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, яго кантактам з кіраўніцтвам гэтай цэнтральнаазіяцкай рэспублікі, нашым краінам удалося дасягнуць маштабнай прамысловай кааперацыі, а ўзаемадзеянне Мінска і Ташкента перайшло ад перыферыйнага гандлю да сістэмнага эканамічнага і тэхналагічнага супрацоўніцтва. Беларускі лідар неаднаразова падкрэсліваў, што «з Прэзідэнтам Мірзіёевым у нас поўнае ўзаемаразуменне». Паводле яго слоў, іх сустрэчы заўсёды маюць «адкрыты і даверны характар», а падыход узбекскага кіраўніцтва адрозніваецца разумным прагматызмам і гатоўнасцю дамаўляцца без папярэдніх палітычных умоў.
Для Узбекістана партнёрства з Беларуссю — гэта доступ да якаснай машынабудаўнічай прадукцыі, тэхналогій перапрацоўкі і харчавання, а таксама магчымасць мадэрнізаваць эканоміку без залішняй палітычнай абумоўленасці. Для Беларусі Узбекістан — гэта рынак збыту для прамысловай прадукцыі, крыніца сыравіны (бавоўна, уран, рэдказёмы) і плацдарм для выхаду на рынкі Цэнтральнай Азіі. Акрамя таго, Узбекістан з’яўляецца важным партнёрам у межах СНД.
Аднак статус стратэгічнага партнёра прадугледжвае не просты тавараабмен, а значна большую ступень кааперацыі і інтэграцыі як мінімум у сферах эканомікі і культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва. Беларусь і Узбекістан у апошнія гады прадэманстравалі ўзаемнае імкненне да збліжэння і супрацоўніцтва. Нашы краіны за мінулы год ушчыльную наблізіліся да планкі ўзаемнага гандлю ў 1 млрд долараў, а новай амбіцыйнай мэтай, узгодненай прэзідэнтамі, вызначана дасягненне 2 млрд долараў тавараабароту да 2030 года. Узбекістан трывала заняў 3-е месца па аб’ёме гандлю для Беларусі сярод краін СНД.
Велізарную ролю ў стратэгічным збліжэнні адыграла супрацоўніцтва ў сферы тэхналагічнай кааперацыі. Выконваючы вызначаныя Аляксандрам Лукашэнкам планы па прасоўванні канцэпцыі тэхналагічнага суверэнітэту і трансферу тэхналогій, на тэрыторыі Узбекістана ўжо разгорнута сумесная вытворчасць цяжкай тэхнікі (напрыклад, 130-тонных БелАЗаў, першы з якіх павінен быць сабраны сёлета, з перспектыўнымі планамі пераходу на 220-тонныя машыны). Таксама на базе Мінскага трактарнага завода (МТЗ) паглыбляецца лакалізацыя зборкі беларускай тэхнікі ва Узбекістане. Мэта — давесці долю мясцовых камплектуючых да 30 працэнтаў, а ад 1300 адзінак трактарнай тэхнікі, што вырабляюцца цяпер, узняцца да 3000. Падпісана пагадненне аб арганізацыі сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі і электронікі брэнда «Атлант», запушчана першая чарга завода кабельна-правадніковай прадукцыі ва Узбекістане.
Кіраўнік беларускай дзяржавы ў час перагавораў з узбекскім калегам асабліва звярнуў увагу на развіццё сеткі сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні сельгастэхнікі, паабяцаўшы пашырыць яе з 11 пунктаў і нават стварыць спецыяльны клас для навучання мясцовых спецыялістаў. Гэта фірмовы стыль Беларусі, які выгадна адрознівае яе ад заходніх капіталістаў, — ісці да партнёраў з адкрытай душой і распасцёртымі абдымкамі, не толькі прадаваць тавары, але і шчодра дзяліцца тэхналогіямі. У гэтым кантэксце трэба разглядаць і супрацоўніцтва па ўкараненні вопыту беларускага Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) для развіцця IT-паркаў ва Узбекістане, і прапанову садзейнічання з боку Беларусі ў мадэрнізацыі ўзбекскага аграрнага комплексу (у тым ліку прадастаўленне магчымасцяў па вырошчванні на базе Віцебскай вобласці буйной рагатай жывёлы для яе далейшага экспарту на ўзбекскі рынак), а таксама гатоўнасць дзяліцца вопытам у будаўніцтве і эксплуатацыі АЭС і спадарожнай інфраструктуры мірнага атама.
У адказ, акрамя сваіх традыцыйных тавараў (тэкстыльная прадукцыя, баваўняныя ніткі, свежая і сушаная садавіна, агародніна, медзь і вырабы з яе, а таксама аўтакампаненты), Узбекістан дазваляе выкарыстоўваць свае лагістычныя і геапалітычныя магчымасці для сумеснага прасоўвання прадукцыі і стварэння праектаў на рынках сумежных азіяцкіх дзяржаў.
Доказам глыбокага ўзроўню стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам стаў ІІІ Форум рэгіёнаў, які прайшоў у Мінску з 6 па 8 ліпеня. Падчас гэтага мерапрыемства быў сфарміраваны пакет інвестыцыйных і гандлёвых пагадненняў на суму каля 1,7 мільярда долараў, умацаваліся міжрэгіянальныя сувязі (заключана 14 новых пагадненняў паміж абласцямі і гарадамі дзвюх краін), было аб’яўлена аб афіцыйным запуску 7 новых сумесных праектаў агульным коштам 164 млн долараў.
Ну і, урэшце, неабходна адзначыць блізкасць палітычных поглядаў нашых краін. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што знешнепалітычныя арыенціры Беларусі і Узбекістана, іх прыхільнасць да шматпалярнага свету, прынцыпы процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам практычна супадаюць. І ўсё гэта дае надзею на далейшае развіццё і ўмацаванне нашага стратэгічнага партнёрства.
Аляксей Бяляеў, палітолаг