Для чысціні эксперымента заходзім на сайт сталічнай гімназіі № 6. І вось яна, закладка на галоўнай старонцы — «Прыём у першы клас», дата абнаўлення — 11 чэрвеня 2025 года. Пераходзім у раздзел і бачым усю неабходную для бацькоў інфармацыю: пачынаючы ад спіса вуліц і дамоў, замацаваных за гімназіяй, заканчваючы колькасцю класаў і месцаў, свабодных для прыёму. Крыху ніжэй — таблічка маніторынгу прыёму дакументаў, пакуль пустая, але яна будзе запаўняцца і абнаўляцца штодня падчас прыёму дакументаў. Аб тым, як будзе праходзіць прыёмная кампанія ў абноўленым фармаце ў школах, расказвае начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Новыя межы
— У 2025 годзе Мінадукацыі ўкараняе новыя меры, накіраваныя на павышэнне празрыстасці і адкрытасці працэсу залічэння дзяцей у першыя класы школ і гімназій, — расказвае начальнік упраўлення. — Яны закрануць як бацькоў, якія пражываюць у замацаваных мікрараёнах, так і тых, хто плануе запісаць сваіх дзяцей на вольныя месцы. Адна са змен — перагляд мікрараёнаў, замацаваных за адукацыйнымі ўстановамі.
Па словах Ірыны Каржовай, новыя межы былі вызначаны яшчэ да 1 красавіка, а 10 красавіка на сайце кожнай школы або гімназіі з’явіўся спецыяльны раздзел, прысвечаны арганізацыі прыёму ў першыя класы, дзе бацькі першакласнікаў могуць знайсці ўсю неабходную інфармацыю: межы мікрараёна, планаваная колькасць месцаў, графік работы прыёмнай камісіі, кантакты «гарачай лініі» і пералік дакументаў, неабходных для залічэння.
Дакументы: якія, як і калі
Калі будучыя вучні пражываюць у замацаваным за школай або гімназіяй мікрараёне, іх законныя прадстаўнікі збіраюць неабходныя дакументы і з 12 чэрвеня могуць падаць іх ва ўстанову адукацыі. Бацькі могуць быць упэўненыя, што іх дзеці пачнуць навучальны год у абранай школе або гімназіі.
— З дакументаў неабходна прад’явіць медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, — тлумачыць начальнік упраўлення. — Загады аб залічэнні ў першыя класы выдадуць да 31 жніўня 2025 года. Для зручнасці бацькоў прыёмныя камісіі будуць працаваць на працягу дня, а таксама па суботах.
У парадку чаргі
Асобна Ірына Каржова спынілася на сітуацыі, калі дзіця не пражывае ў замацаваным мікрараёне, але яго бацькі хочуць, каб яно стала вучнем пэўнай школы.
— У дадзеным выпадку тым, хто хоча аддаць сваё дзіця на вольныя месцы, трэба прыйсці на прыём да дырэктара школы або гімназіі з 12 чэрвеня да 15 жніўня, пры неабходнасці папярэдне запісаўшыся. У ходзе прыёму пакінуць заяву аб залічэнні. Прыём дакументаў на вольныя месцы пачнецца 16 жніўня і працягнецца да 28 жніўня.
Парадак разгляду такіх заяў, па словах начальніка ўпраўлення Мінадукацыі, таксама просты і празрысты: яны будуць рэгістравацца ў спецыяльным журнале, а інфармацыя аб колькасці пададзеных дакументаў будзе штодня абнаўляцца на сайце школы: да 15:00 — па выніках першай змены прыёму, да 20:30 — па выніках другой.
— Залічэнне праводзіцца ў парадку чарговасці падачы заяў падчас асабістага прыёму дырэктара, — падводзіць вынік Ірына Каржова. — Змены, пра якія мы казалі вышэй, на самай справе вельмі важныя — новыя меры накіраваны на тое, каб зрабіць працэс прыёму ў першыя класы больш зразумелым і справядлівым. Бацькі змогуць загадзя азнаёміцца з інфармацыяй аб мікрараёнах, колькасці месцаў і парадку падачы дакументаў, а таксама валодаць інфармацыяй аб колькасці дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне ўстановы адукацыі, колькасці пададзеных дакументаў і заяў на вольныя месцы. Гэта дазволіць пазбегнуць лішніх хваляванняў і мітусні ў апошні момант.
Ліцэі і каледжы
12 чэрвеня таксама пачаўся прыём дакументаў у ліцэі Беларусі. Тэрмін прыёму абмежаваны — да 15 чэрвеня, а 16-га там ужо стартуюць уступныя экзамены.
У ліцэі БДУ імя Ф. Э. Дзяржынскага растлумачылі, што абітурыентам трэба выбраць профіль навучання і здаць два ўступныя экзамены па ім. Напрыклад, на біялагічны здаюць іспыты па біялогіі і хіміі, а на гуманітарны — па беларускай мове і гісторыі Беларусі.
— Матэрыялы ўступнага іспыту па прадмеце распрацоўваюцца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў і ўтрымліваюць 10 заданняў 5 узроўняў складанасці, змест якіх адпавядае школьнай праграме. Максімальны вынік — 55 балаў, — расказала дырэктар ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц.
Яна таксама нагадала, якія дакументы неабходныя для паступлення ў ліцэй: гэта заява са згодай аднаго з законных прадстаўнікоў абітурыента, пасведчанне аб базавай адукацыі, медыцынская даведка аб стане здароўя, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготнае паступленне (пры наяўнасці льгот), а таксама пасведчанне аб нараджэнні або дакумент, які сведчыць асобу.
У панядзелак, 15 чэрвеня, пачынаецца прыём дакументаў у каледжы на ўзровень ПТА. Прыёмная кампанія працягнецца да 23 жніўня. Акрамя таго, да 15 верасня каледжы могуць абвясціць дадатковы набор для недаўкамплектаваных груп.
Для паступлення ў каледж на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі спатрэбіцца прад’явіць наступныя дакументы: заяву па ўстаноўленай форме, арыгінал дакумента аб адукацыі, медыцынскую даведку аб стане здароўя, 6 фотаздымкаў 3×4, і дакументы, якія пацвярджаюць ільготы (калі такія ёсць).
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД і з адкрытых крыніц