Акцыя, якая абышла Беларусь, набірае абароты ў Мінску. Ад дзяцей да прадпрыемстваў — усе ахоплены яе энергіяй. Учора ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў мінскага этапу адкрытага конкурсу малюнка навучэнцаў пачатковых класаў «Мы разам» і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў на тэму «Што такое адзінства». Калектывы «Мінскага метрапалітэна» і «Мінскметрабуда» абмяняліся падарункамі і пагутарылі на агульныя тэмы ў рамках сустрэчы «Адну справу робім!». Мінскі трактарны завод напоўніўся галасамі Ірыны Дарафеевай, гурта «PRавакацыя» і іншых зорак — удзельнікаў праекта «Разам працуем, разам спяваем!». Незабыўныя сустрэчы і падзеі — па самых розных адрасах...
Шчырая размова
На журфаку БДУ адбыўся адкрыты дыялог на тэму «Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт». У якасці спікера выступіў доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор ВАСІЛЕВІЧ. Для вялікай аўдыторыі ён расказаў пра значэнне адзінства і ролю моладзі ў будучыні Беларусі. «Ключавы здабытак Беларусі — гэта кансалідацыя грамадства на аснове захавання дзяржаўных, сямейных, культурных і гістарычных каштоўнасцяў», — адзначыў Рыгор Васілевіч.
Спікер падкрэсліў, што галоўную ролю ў падтрыманні адзінства адыгрывае Канстытуцыя і паслядоўная палітыка дзяржавы, накіраваная на абарону інтарэсаў грамадзян. Рыгор Васілевіч расказаў пра сваё першае знаёмства з цяперашнім кіраўніком дзяржавы: «У той час Аляксандр Рыгоравіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Ён прайшоў вельмі цяжкую выбарчую кампанію, нямала было ў яго і канкурэнтаў. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў сябе як актыўны і адказны дэпутат, які заўсёды гаварыў па справе, заўсёды бачыў сутнасць праблемы. З першых месяцаў работы ён заявіў сябе як чалавек адказны, які клапоціцца аб выкананні сваёй перадвыбарнай праграмы. У выніку народ ацаніў яго ўжо ў якасці Прэзідэнта».
Пытанні аб вечным
У аўторак у двух сталічных каледжах прайшлі «НЯсумныя НЯлекцыі». Навучэнцы Мінскага політэхнічнага каледжа сустракалі міністра адукацыі Беларусі Андрэя ІВАНЦА. У каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе спікерам выступіла намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ, а запрошаным госцем стаў рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей ХАРЫТОНЧЫК.
За час правядзення «Марафону адзінства» гэтая форма размовы з кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі ведамстваў, дэпутатамі, іншымі афіцыйнымі асобамі асабліва спадабалася моладзі. Інтэрактыўны фармат «НЯлекцый» дае магчымасць не толькі слухаць, але і адкрыта абмяркоўваць тэмы, якія хвалююць.
— Такія сустрэчы, як «НЯсумная НЯлекцыя», і прызначаны для таго, каб адказаць на пытанні, выслухаць меркаванне маладога пакалення па той палітыцы, якую сёння праводзіць дзяржава, па тых ініцыятывах, якія ёсць у моладзі, каб разам развіваць і ўдасканальваць нашу краіну, — адзначыў Андрэй Іванец.
Навучэнцаў каледжаў хвалявалі пытанні, хутчэй, не новыя, а вечныя: узаемаадносіны пакаленняў, стаўленне бацькоў і педагогаў і іншыя. Закранулі, вядома, і найважнейшую сёння тэму выбару, перад якім рана ці позна аказваецца любы чалавек. У гэтым кантэксце былі цікавыя развагі нашых юных грамадзян аб маючых адбыцца выбарах, пра будучыню Беларусі, пра тое, што неабходна захаваць мір і незалежнасць сваёй краіны, а гістарычную памяць перадаваць з пакалення ў пакаленне.
Наталля Пяткевіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:
«Мінск — гэта адзіны мегаполіс Беларусі. Больш за пятую частку насельніцтва нашай краіны — гэта мінчане. Мінск — гэта горад-фенікс. 18 разоў ён згараў дашчэнту і адраджаўся, кожны раз паўставаў з попелу яшчэ больш моцным. Мінск — гэта сімвал Перамогі ў Вялікай Айчыннай. А затым, амаль разбураны дашчэнту, у найкарацейшыя тэрміны, дзякуючы працоўнаму подзвігу народа, ён ператварыўся ў індустрыяльны і культурны цэнтр. І ўжо ў 1947 годзе Мінскі аўтамабільны завод вырабіў першы грузавік, МАЗ-205, які потым выкарыстоўваўся ў аднаўленні Мінска».
«Беларусь з краіны з непрацоўным аграрна-прамысловым комплексам і дэфіцытам тавараў за некалькі дзесяцігоддзяў ператварылася ў самадастатковую краіну. Абсалютна ўсё, што трэба чалавеку, вырабляецца ў нашай кампактнай краіне: уся лінейка прадуктаў харчавання, адзенне, будматэрыялы, аўтамабілі, грамадскі транспарт. І ўсё гэта ў краіне з мінімальнымі прыроднымі рэсурсамі. Гэта тое, чым трэба захапляцца. Гэта тое, што ўражвае».
«Марафон адзінства» — гэта цудоўная ідэя, якая дазваляе ўсім пазнаёміцца са сваёй краінай. Мне здаецца, «Марафон» садзейнічаў душэўнаму згуртаванню».
Зафіксаваная энергія
У Нацыянальнай бібліятэцы да канца тыдня будзе працаваць адразу некалькі ўнікальных выставак.
Адна з іх, прысвечаная акцыі, яе своеасаблівы летапіс — фотавыстава БелТА «Калі адзіныя мы! Яркія і значныя моманты «Марафону адзінства». Генеральны дырэктар агенцтва Ірына Акуловіч расказала, што экспазіцыя адлюстроўвае светлую энергію адзінства, перадаючы яркія моманты маштабнай акцыі, якая аб’яднала ўсю краіну.
Усяго ў Мінску працуюць чатыры выстаўкі БелТА. Тры з іх ужо добра знаёмыя: «Паралельныя сусветы», «Беларусь суверэнная», «Беларусь. Узлёт».
Ірына Акуловіч падкрэсліла, што новая экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы мае асаблівае значэнне. «Ідэя назвы — «Калі адзіныя мы! Яркія і значныя моманты „Марафону адзінства“ — належыць арганізатарам марафону. Калі ты пераязджаеш з горада ў горад, бачыш усё на свае вочы, узнікае адчуванне, што гэтыя ўражанні нельга страціць», — падзялілася генеральны дырэктар.
Па словах Ірыны Акуловіч, выстаўка падкрэслівае энергію «Марафону адзінства». «Абсалютна кожная фатаграфія, кожны планшэт нясуць светлую энергію адзінства. Мы хацелі паказаць, што наша краіна непадзельная, і гэтая ідэя лягла ў аснову экспазіцыі: замест разбіўкі па гарадах быў створаны агульны калаж», — адзначыла яна.
Нефарматнае спатканне з тэатрам
Яшчэ адна цікавая выстаўка ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі — «Вялікі тэатр Беларусі: Гісторыя. Ідэі. Здзяйсненні».
Яна дорыць наведвальнікам магчымасць трапіць у сапраўднае закуліссе Вялікага тэатра Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя партрэты, афішы, касцюмы, кожны з якіх пераносіць у іншыя часы і пагружае ў атмасферу магіі стварэння вялікага мастацтва.
Як адзначыла падчас адкрыцця генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава, падобныя праекты дазваляюць не толькі выйсці за межы звыклых фарматаў узаемадзеяння з гледачом, але і распавесці пра важныя этапы развіцця культурнай установы, спрыяюць папулярызацыі яе дзейнасці.
— Гэта ўнікальная падзея, таму што такой прасторы, арганізаванай сіламі тэатра, яшчэ не было ў яго гісторыі. Сёння мы ўпершыню выйшлі за межы нашай гістарычнай пабудовы. І тут арганізавана пэўная логіка падзей, якая суправаджала як гісторыю тэатра, так і яго персаналіі, а таксама сучаснасць і ўсё, што мы робім цяпер. Нават сама арганізацыя гэтай выставачнай прасторы тут, у Нацыянальнай бібліятэцы, была для нас нечаканай. Разумееце, тое, што мы назіраем у тэатры, — гэта жыццё. А тут Вялікі тэатр «загаварыў» нібы кніга. Мы ідзём і чытаем яго гісторыю, адсочваем асноўныя, ключавыя этапы развіцця. І, на мой погляд, прапанова арганізатараў «Марафону адзінства» паказаць Вялікі тэатр з гэтага абсалютна нікому невядомага, закуліснага, гістарычнага ракурсу — вялікая ўдача. Я ўдзячная за такую магчымасць. Таму што і мы самі зразумелі, што надышоў час для арганізацыі музейнай прасторы ў нашым тэатры. Асновай яе стане гэтая выстаўка.
Медыцына будучыні
Чарговай навінкай «Марафону адзінства» стала выстаўка «Беларусь. Медыцына. Будучыня». Яна праходзіць у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і запрашае зазірнуць у заўтрашні дзень сферы аховы здароўя.
На выстаўцы прадстаўлены медыцынскія манекены, навучальныя трэнажоры і сімулятары інавацыйныя распрацоўкі ў галіне медыцыны і фармацыі — антысептычныя і лекавыя сродкі, ТЭСТ-сістэмы, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх напрамках лячэбнага і дыягнастычнага працэсаў, медыцынскае абсталяванне, якое прымяняецца ў кардыяхірургіі, нейрахірургіі, траўматалогіі, стаматалогіі, афтальмалогіі, гінекалогіі, анестэзіялогіі і рэанімацыі, распрацоўкі пераможцаў праекта «100 ідэй», перасоўныя медыцынскія комплексы.
Напрыклад, беларускае імпартазамяшчэнне прадставіў РУП «Медтэхнацэнтр» — гэта новая, распрацаваная беларускімі спецыялістамі каталка, а таксама крэсла для хуткай дапамогі і крэсла донара. Свае распрацоўкі прэзентавалі і фіналісткі рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі» студэнтка 3 курса стаматалагічнага факультэта БДМУ Паліна Вавула і студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта БДМУ Яна Трухановіч.
— Выдатна, што ва ўсіх мінчан ёсць магчымасць пазнаёміцца з распрацоўкамі БДМУ. Некаторыя створаны ў суаўтарстве з вядучымі медыцынскімі ўстановамі сталіцы. Зацікавіць усё: ад навінак у сферы стаматалагічнай дапамогі да стварэння лекавых прэпаратаў. Дарэчы, шмат што адлюстравана ў падручніках, якія выпускаюць выкладчыкі ВНУ. Кнігі таксама прадстаўлены. Наведвальнікаў прыцягне стэнд, дзе можна адпрацаваць навыкі аказання першай дапамогі на манекенах і фантомах. І гэта толькі малая частка таго, чым можа ганарыцца беларуская медыцына, — адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў.