Top.Mail.Ru

Нягледзячы на сучасныя выклікі, авіякампанія «Белавія» распраўляе крылы

У канцы красавіка з Магілёва можна будзе ляцець у Маскву, а Брэст звяжуць рэгулярныя рэйсы з Санкт-Пецярбургам. І гэта яшчэ не ўсё, што гатова прапанаваць пасажырам «Белавія», якая сёння носіць статус нацыянальнай авіякампаніі. Кіруемая дзяржавай, кампанія і ў літаральным сэнсе нацыянальная і народная. Народжаная ў 1996-м, «Белавія» разам са сваёй краінай праходзіла ўсе шляхі станаўлення і развіцця. З году ў год яна станавілася ўсё мацнейшай, гучней заяўляла пра сябе поспехамі і здабыткамі. І, як і краіна сёння, напоўніцу адчула прыгнёт санкцыйнага ціску. Але, як і краіна, не здалася, шукала і знаходзіла новыя шляхі развіцця, новыя маршруты палётаў. У выніку і на гэтай траекторыі ўжо дасягнула значных вынікаў, вярнула ўпэўненасць у сабе і здабыла новых партнёраў. Набор вышыні працягваецца.


Больш мора і сонца

Па словах генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігара Чаргінца, мінулы год для авіяперавозчыка выдаўся звышстаноўчым.

— Мы павялічылі колькасць перавезеных пасажыраў, напрамкаў, рэйсаў, налёт на адно паветранае судна. Фінансавыя паказчыкі значна палепшаныя — і гэта ва ўмовах таго ціску, які аказваецца на нашу дзяржаву, на авіякампанію, усю нашу авіяцыю. Вельмі станоўчыя вынікі. Чакана ўзрос попыт на авіяперавозкі ў зносінах з Расійскай Федэрацыяй. Запатрабаваныя рэйсы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Турцыю, Егіпет. У снежні «Белавія» пачала лётаць у Кітай. У гэтым годзе мы прадставім шэраг новых напрамкаў, у першую чаргу нечаканых для нашага рынку турыстычных паслуг. Будзе больш сонца і мора. Але пакуль інфармацыя трымаецца ў сакрэце, — расказаў ён.

Спыніўся кіраўнік і на самых яркіх, запамінальных падзеях, якімі ганарыліся не толькі супрацоўнікі «Белавія», але і ўсе жыхары Беларусі.

Новыя напрамкі

— У 2023 годзе адкрыліся рэгулярныя палёты ў сталіцу Індыі Дэлі, а ў снежні 2024-га першыя пасажыры на борце «Белавія» паляцелі рэгулярным рэйсам у кітайскі горад Урумчы. Рэйс адразу паказаў сваю запатрабаванасць, — каментуе першы намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі па арганізацыі вытворчасці Глеб Пархамовіч. — Напрамак сапраўды перспектыўны, бо Урумчы размешчаны ў адным з рэгіёнаў краіны, які дынамічна развіваецца, а яго аэрапорт валодае вялікім транзітным патэнцыялам. Ёсць усе перадумовы для таго, каб кітайскі напрамак развіваць і далей.

Не запасны аэрадром

Адна з задач нацыянальнага перавозчыка — забяспечыць загрузкай абласныя аэрапорты, выконваючы адтуль палётную праграму. Цяпер «Белавія» робіць рэгулярныя рэйсы з Гомеля ў Маскву і Санкт-Пецярбург, з Брэста — у Маскву. З рэгіянальных аэрапортаў будуць па-ранейшаму рэалізоўвацца чартарныя праграмы. У 2025 годзе працягнуцца палёты з абласных аэрапортаў, будуць новаўвядзенні ў палётнай праграме з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

— У канцы красавіка мы запусцім рэгулярныя рэйсы ў Санкт-Пецярбург і Маскву з Брэста і Магілёва, — расказвае Глеб Пархамовіч. — На месцы не стаім, працуем у розных напрамках і прыкладаем усе намаганні для таго, каб задаволіць патрэбы пасажыраў у авіяперавозках.

Яшчэ адзін галоўны прыярытэт у дзейнасці авіякампаніі — бяспека палётаў. Работа ў гэтым кірунку забяспечваецца на самым высокім узроўні, з захаваннем усіх міжнародных стандартаў. Напрыклад, у мінулым годзе супрацоўнікі авіякампаніі скончылі выкананне серыі С-check паветраных суднаў — адну са складаных форм тэхнічнага абслугоўвання, якая перыядычна выконваецца на ўсім парку паветраных суднаў для кантролю за іх станам.

Касмічная адысея «Белавія»

Напэўна, мала каму вядома, што першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская, якая прапрацавала ў «Белавія» бортправадніцай 7 гадоў і па-ранейшаму застаецца часткай авіякампаніі, змагла пранесці на касмічны карабель... самалёт, на якім лятала. Дакладней, яго мадэль.

І сам палёт у космас, і тое, як Марыну Васілеўскую праводзілі на Байканур, застанецца ў гісторыі самой авіякампаніі і ў сэрцах яе супрацоўнікаў. 

Каманда авіяперавозчыка на чале з генеральным дырэктарам Ігарам Чаргінцом знаходзіліся на Байкануры побач з Марынай напярэдадні падрыхтоўкі і запуску ракеты. Самалёт, які адправіўся з Беларусі на Байканур з дэлегацыяй, сваякамі касманаўтаў і групай падтрымкі Марыны, з гэтай нагоды атрымаў ліўрэю (дызайн фюзеляжа) у касмічнай стылістыцы.

Пасля вяртання на зямлю Васілеўская падарыла авіякампаніі рэчы, якія пабывалі на арбіце, — сцяжкі і канверты з лагатыпам авіякампаніі, касмічны пыл, пячаткі касманаўтаў. А вось міні-копія «Эмбраера» на зямлю цалкам не вярнулася, яго часцінка — адна з аддзеленых дэталяў, — засталася лунаць у бясконцых касмічных прасторах.

Дынамалёт і новая сукенка каралеў

У 2016 годзе, калі кампанія правяла рэбрэндынг, і барты самалётаў упрыгожыліся нашай роднай кветкай — васільком, стала зразумела, што працаваць для Беларусі, яе людзей, радаваць іх і прыносіць задавальненне — не проста прынцып, а галоўная мэта калектыву. Узяць, да прыкладу, ліўрэю аднаго з самалётаў, брэндаваную ў колеры хакейнага клуба «Дынама». Колькі станоўчых эмоцый, захаплення не толькі ад фанатаў клуба і аматараў спорту, але і ад простых беларусаў выклікала гэтая падзея! Цяпер экіпажы беларускіх паветраных суднаў пераапрануліся ў новую форму. Прадстаўнікі кабіннага экіпажа задаволены: форма вельмі прыгожая, стыльная, якасная і зручная. Пакуль бортправаднікі і бортаператары радуюць вочы пасажыраў зімовым варыянтам форменнага адзення. Наперадзе лета, а значыць, сцюардэсы і сцюарды прымераць новую лёгкую форму. Нязменным застанецца адно — яна будзе колеру васілька.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю