Гэта міжнародная спецыялізаваная выстава была ўпершыню арганізавана ў 1995 годзе і сёння прыцягвае ўвагу вытворцаў абсталявання, тэхналогій і матэрыялаў. Яе экспанаты прадстаўляюць дасягненні паліўна-энергетычнага комплексу розных краін, там прасоўваюцца найлепшыя інавацыйныя распрацоўкі у сферы электраэнергетыкі, газавай галіны, энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій, лічбавага развіцця.
На агульным стэндзе Міністэрства адукацыі БДУ дэманструе шмат цікавых распрацовак. Напрыклад, аўтаматызаваны комплекс для шматпазіцыйнай заліўкі палімерных кампазітных сумесяў — гэта рэсурсазберагальнае тэхналагічнае абсталяванне для вытворчасці вырабаў з пенаполіурэтанаў. Уяўляе карысць у камунальнай гаспадарцы, аўтамабілебудаванні, мэблевай прамысловасці і нафтахімічнай вытворчасці. Абсталяванне валодае высокай дакладнасцю, цэнавай перавагай у параўнанні з замежнымі аналагамі і спраўляецца са складанымі палімернымі сістэмамі.
Таксама наведвальнікаў знаёмяць са звышшырокапалосным радыёпаглынальным пакрыццём для абсталявання бязрэхавых камер і вымяральных пляцовак. Матэрыял выкарыстоўваецца і ў дачыненні для абсталявання працоўных месцаў у высакаякасных бязрэхавых камерах, забяспечвае правядзенне высокадакладных вымярэнняў характарыстык антэннай тэхнікі сучасных сістэм радыёлакацыі, радыёнавігацыі і сувязі і выпрабаванняў радыёэлектроннай апаратуры на электрамагнітную сумяшчальнасць. Па сваіх характарыстыках паглынальнік аналагічны найлепшым сусветным узорам.
Акрамя таго, навукоўцы БДУ раскажуць аб механіка-матэматычных мадэлях для забеспячэння бяспечнай эксплуатацыі шахтавых ствалоў. Яны ўяўляюць сабой комплекс спецыялізаваных праграм для разліку ўстойлівасці падземных збудаванняў, дэфармацый і зрухаў зямной паверхні, а таксама ўключаюць магутны функцыянальны набор для горнага праекціроўшчыка і геолага. Сістэма можа быць укаранёная на горназдабыўных прадпрыемствах. У прыватнасці, распрацоўка ўжо выкарыстоўваецца ў ААТ «Беларуськалій».
Таксама ў ліку экспанатаў БДУ вадкакрышталічныя матэрыялы з эфектам памяці і мультыстабільныя панэлі на іх аснове; радыяцыйна-ўстойлівыя нанаструктураваныя керамічныя пакрыцці; інфармацыйная сістэма па ўліку крыніц іанізуючага выпраменьвання, ядзерных матэрыялаў і радыеактыўных адходаў. Прадстаўленыя новыя модулі шматфункцыянальнага вымяральнага комплексу «Alma Meter — 2» і іншыя.
Алена ВІНАГРАДАВА