Top.Mail.Ru

Падрыхтоўка дарог да летняй эксплуатацыі павінна быць завершана да 9 мая

Каб без ям і выбоін

Абследаванне дарог пасля зімы, як правіла, выяўляе тыповыя дэфекты: расколіны і ямачнасць. Не стаў выключэннем і гэты год. Зрэшты, працаваць ва ўзмоцненым рэжыме вясной для беларускіх дарожнікаў задача звыклая. У гэты час, акрамя ліквідацыі сезонных пашкоджанняў, дарогі чысцяць ад рэшткаў процігалалёдных матэрыялаў, прыбіраюць назапашанае за зіму смецце, наносяць разметку і афарбоўваюць элементы ўладкавання.

Па словах начальніка ўпраўлення развіцця аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Леаніда ЗЯНКЕВІЧА, каб вызначыць аб’ёмы работ, двойчы ў год праводзяць агляд і дыягностыку дарог:

— Па іх выніках і прызначаюцца далейшыя мерапрыемствы. З пачатку халоднага перыяду было выканана работ па зімовым утрыманні дарог у два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

У гэты зімовы сезон сітуацыя на дарогах была больш-менш стабільнай, канстатуюць спецыялісты. Ямачнасць стала актыўна ўтварацца ў канцы зімы — пачатку вясны, калі грунт інтэнсіўна насычаецца вадой. Сітуацыя стабілізавалася ў сакавіку. Ямачны рамонт працягваецца і сёння, хоць яго аб’ёмы з прыходам сухога надвор’я значна зменшыліся.

Асноўнымі праблемамі пасля зімовага перыяду для мясцовай сеткі з’яўляюцца грунтавыя і пясчаныя дарогі, расказалі ў КУП «Мінскаблдарбуд». Прыводзіць іх у парадак — задача не з лёгкіх, ход работ можа запаволіць надвор’е — неабходна ўлічваць верагоднасць ападкаў і іншыя прыродныя з’явы. Тым не менш, напрыклад, дарожнікі Мінскай вобласці плануюць сёлета адрамантаваць звыш 634,1 км мясцовых дарог: 630 км па бягучым рамонце, 2,5 км — па капітальным. Работы па ўзвядзенні і рэканструкцыі дарожных аб’ектаў будуць праведзены на 1,6 км дарог Міншчыны.

У цэлым па краіне ў 2026 годзе плануецца адрамантаваць і рэканструяваць каля 5000 кіламетраў дарог агульнага карыстання. Работы закрануць 1853 км рэспубліканскіх трас, а таксама 3338 км мясцовых дарог. Удасканаленае дарожнае пакрыццё з’явіцца на 714 км дарог, дзеліцца планамі Леанід Зянкевіч:

— Усе абласныя цэнтры з Мінскам злучаюць дарогі 1 катэгорыі, за выключэннем Віцебска, таму працягваецца рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М3, на гэтым этапе — на ўчастку ад Плешчаніц да Лепеля. Таксама ідзе рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі Р46 ад Лепеля да Полацка. Летась завершаны капітальны рамонт гэтай дарогі ад Полацка да граніцы з Расійскай Федэрацыяй. Гэта значыць, мы паслядоўна і паэтапна выбудоўваем вельмі перспектыўны для Беларусі транспартны калідор, які вядзе да партовых аб’ектаў Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці.

Што датычыцца сітуацыі па рэгіёнах, то сёлета ў Брэсцкай вобласці плануецца адрамантаваць амаль 260 км рэспубліканскіх дарог і каля 400 кіламетраў — мясцовых. У Віцебскай вобласці перавядуць у асфальтабетоннае пакрыццё 57 км гравійных дарог, якія вядуць ад райцэнтраў да аграгарадкоў. Абнаўленне закране 103 км мясцовых і рэспубліканскіх дарог у гэтым рэгіёне — 90 і 13 км адпаведна. На Гомельшчыне бягучым рамонтам будзе ахоплена больш за 520 кіламетраў дарог мясцовай сеткі, 83 кіламетры гравійных дарог плануецца зрабіць асфальтабетоннымі. Дарожнікі Гродзеншчыны адрамантуюць амаль 310 км дарог, плануецца таксама рэканструкцыя трасы М-11/П2 на пад’ездзе да Ліды ад дарогі М-11/Е85. Капітальны рамонт будзе праводзіцца на адным участку хуткаснай трасы і трох — на рэспубліканскіх дарогах.

У Магілёўскай вобласці асаблівая ўвага будзе ўдзелена некалькім значным аб’ектам, уключаючы як маштабную рэканструкцыю, так і капітальны рамонт важных трас. Адзін з такіх аб’ектаў — рэканструкцыя аўтадарогі Р-122 Магілёў — Чэрыкаў на ўчастку ад Магілёва да Чавусаў працягласцю 31 кіламетр. Пасля завяршэння работ дарога цалкам зменіцца — гэта будзе сучасная «чатырохпалоска» з цэментабетонным пакрыццём, якое падоўжыць яе даўгавечнасць да 20–25 гадоў. Паралельна з рэканструкцыяй у рэгіёне запланаваны капітальны рамонт на Магілёўскай кальцавой аўтадарозе паміж Слаўгарадскай і Гомельскай шашой, а таксама на дарозе Р-96 Магілёў — Расна — Мсціслаў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю