Top.Mail.Ru

У жніўні да працы прыступяць тысячы маладых спецыялістаў

Падтрымка на старце прафесійнай кар'еры

Прадастаўленне гарантаванага першага працоўнага месца — несумненная карысць для многіх выпускнікоў. Маладыя спецыялісты маюць як шэраг ільгот і прэферэнцый, так і шэраг абавязкаў перад дзяржавай. Дапамагчы разабрацца ва ўсіх тонкасцях заканадаўства ў адносінах да гэтай катэгорыі работнікаў «Звязда» папрасіла члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла МІРОНЧЫКА.

Мирончик.jpg

— Пачну з таго, што сёлета істотна павялічыўся набор у ВНУ на бюджэтныя месцы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — паведаміў ён. — Гэта зроблена, каб забяспечыць кадрамі медыцыну, сельскую гаспадарку, адукацыю. Такі кірунак прадугледжвае трохбаковы дагавор — паміж абітурыентам, ВНУ і арганізацыяй, якая плаціць грошы за адукацыю і куды выпускнік прыйдзе працаваць. Вядома, такі абітурыент мае пэўныя прэферэнцыі — яму трэба здаць толькі адзін унутраны экзамен па профільным прадмеце. Але ж 

ёсць і абавязкі: пасля заканчэння вучобы ён павінен адпрацаваць на прадпрыемстве-заказчыку пяць гадоў. Дарэчы, у тых, хто вучыўся на платнай аснове, няма абавязковага размеркавання, але яны могуць паклапаціцца аб гэтым самі, загадзя напісаўшы адпаведную заяву аб уключэнні іх у спіс размеркавання.

Дэпутат падкрэсліў, што з 1 верасня паводле новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўводзіцца абавязак арганізацыі — заказчыка кадраў кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыялістаў у выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання ўмоў дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы.

Хто ёсць хто?

Першае тлумачэнне, якое дае Міхаіл Мірончык, датычыцца статусу маладога спецыяліста: хто і на якой падставе яго атрымлівае.

— Згодна з Кодэксам аб адукацыі маладымі спецыялістамі лічацца выпускнікі, якія працуюць па размеркаванні на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні. Сюды ж адносяцца выпускнікі, накіраваныя на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы — на працягу тэрміну абавязковай работы. У гэтай катэгорыі і выпускнікі, якія працуюць па пераразмеркаванні. Маладыя спецыялісты прымаюцца на пасады ў адпаведнасці са спецыяльнасцю і кваліфікацыяй, якія яны атрымалі ва ўстанове адукацыі і якія пазначаны ў пасведчанні аб накіраванні на работу.

Істотная дапамога

— Наймальнік абавязаны забяспечыць маладога спецыяліста работай, якая адпавядае атрыманай спецыяльнасці і кваліфікацыі, аформіць па бестэрміновым працоўным дагаворы або кантракце, — расказаў парламентарый. — Маладому работніку нельга ўстанаўліваць выпрабавальны тэрмін і на працягу адпрацоўкі ён абаронены ад звальнення. Таксама недапушчальна скасоўваць з ім працоўны дагавор з-за неадпаведнасці пасадзе, што ён займае, або рабоце, якую выконвае, з прычыны недастатковай кваліфікацыі.

Маладым спецыялістам, якія скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі і прыбылі на работу па размеркаванні, выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай у апошнім семестры навучання.

— Тым, хто скончыў прафесійна-тэхнічны каледж, дапамога выплачваецца з разліку тарыфнай стаўкі па прысвоенай ім кваліфікацыі (разрадзе, класе, катэгорыі) або адпаведнага акладу. Калі маладыя спецыялісты і выпускнікі не атрымлівалі стыпендыю ў апошнім перад выпускам семестры, ім выплачваюць адпаведную грашовую дапамогу з разліку сацыяльнай стыпендыі, устаноўленай на дату выпуску. Даведку аб яе памеры ўстанова адукацыі выдае пры ўручэнні дакумента аб адукацыі, — зазначыў парламентарый.

Адпачынак

— Адпачынак у тых, каго накіравалі па размеркаванні або па дагаворы мэтавай падрыхтоўкі, складае 31 каляндарны дзень, а ў выпускнікоў, накіраваных у якасці педагагічных работнікаў, — 45 дзён, — тлумачыць Міхаіл Мірончык. — Права на адпачынак рэалізуецца адразу пасля заканчэння навучання, гэта значыць да моманту працаўладкавання выпускніка. Важны момант — прадастаўленне адпачынку маладым спецыялістам не рэгулюецца заканадаўствам аб працы, бо ён даецца да афармлення на работу.

Прыходзьце заўтра...

— Здараюцца, на жаль, і такія сітуацыі, калі заказчыкі кадраў не маюць магчымасці працаўладкаваць заяўленых раней выпускнікоў, — расказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў. — У такіх форс-мажорных выпадках арганізацыя павінна паведаміць пра гэта ўстанове адукацыі не пазней чым за 2 месяцы да пачатку размеркавання. Зазначу, што падобныя сітуацыі бываюць нячаста. А ўвогуле, неабгрунтаваная адмова ў заключэнні працоўнага дагавора забаронена працоўным заканадаўствам. Арганізацыі і прадпрыемствы не маюць права адмовіць маладым людзям, якія прыбылі на работу па накіраванні і па размеркаванні пасля завяршэння навучання ў дзяржаўнай установе адукацыі. Між іншым, ад абавязковай адпрацоўкі можна і адмовіцца па ўласнай ініцыятыве, але ў такім выпадку прыйдзецца пакрыць сродкі за навучанне.

Парламентарый дадаў, што згодна з Кодэксам дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў (з ліку выпускнікоў), вызваляюцца ад пакрыцця затрачаных сродкаў пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы пры пераразмеркаванні ў населеных пунктах па месцы жыхарства або па месцы ўключэння іх у спісы ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Звольніць нельга пакінуць

— Звальненне маладога спецыяліста — выпадак рэдкі, але пра гэты важны нюанс варта ведаць, — гаворыць парламентарый. — Так, нельга яго звольніць па пагадненні бакоў. Аднак працоўныя адносіны могуць быць спынены ў выпадку паступлення на дзённае навучанне для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, пераходу на выбарную пасаду, пераразмеркавання, ліквідацыі арганізацыі, скарачэння колькасці або штата работнікаў. Падставай таксама могуць паслужыць неадпаведнасць займанай пасадзе па стане здароўя або пэўныя дысцыплінарныя правіннасці — прагул, ужыванне спіртных напояў на працоўным месцы і іншыя. Звальненне магчыма і пры парушэнні наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавораў. Напрыклад, пры несвоечасовай выплаце зарплаты, рабоце без выхадных і іншых.

Аты-баты...

— Яшчэ адна сітуацыя — выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на работу, прызваны на службу ва Узброеныя Сілы да названага ў пасведчанні аб накіраванні на работу тэрміну прыбыцця ў арганізацыю, — расказвае Міхаіл Мірончык. — У такім выпадку ён паведамляе аб гэтым установе адукацыі і наймальніку. Калі малады спецыяліст прызваны на ваенную службу ў перыяд абавязковай адпрацоўкі, то яго звальненне ажыццяўляецца на агульных падставах у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 44 Працоўнага кодэкса, у якім гаворыцца аб спыненні працоўнага дагавора ў сувязі з прызывам работніка на ваенную службу. Гэта азначае, што работнік, які атрымаў павестку аб прызыве на ваенную службу, мае права звольніцца. За 2 месяцы да заканчэння тэрміну службы ён пісьмова паведамляе наймальніку аб прыбыцці або непрыбыцці для працаўладкавання пасля заканчэння тэрміну службы. Прызваны на службу ва Узброе-ныя Сілы да або пасля працаўладкавання выпускнік-мэтавік пасля заканчэння службы абавязаны дапрацаваць вызначаны дагаворам тэрмін абавязковай работы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю