Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу сярод каледжаў, прысвечанага Году добраўпарадкавання

У конкурсе ўдзельнічалі 113 устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Пераможцам конкурсу стаў Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж, другое месца ўзяў Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, а тройку прызёраў закрыў Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага.



Намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкоў акцэнтаваў увагу на тым, што конкурс стаў пляцоўкай для развіцця прафесійных кампетэнцый, грамадзянскай актыўнасці і творчага патэнцыялу навучэнцаў. Ён падкрэсліў, што ўдзел у мерапрыемстве выхоўвае пачуццё гонару за свой каледж, рэгіён, краіну. Намеснік старшыні Беларускага саюза будаўнікоў Аляксандр Кручанаў адзначыў высокі ўзровень прадстаўленых праектаў і падзякаваў педагогам і навучэнцам за працу, якая робіць рэальны ўнёсак у добраўпарадкаванне навучальных устаноў.

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхнічнага каледжа Святлана АНДРЭЕВА падкрэсліла, што ініцыятыва правядзення падобных конкурсаў — лагічны працяг традыцый, якія заўсёды існавалі ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Абвешчаны Год добраўпарадкавання стаў добрай нагодай яшчэ раз паказаць, што навучаць і выхоўваць трэба адначасова. Мы заўсёды ўдзялялі вялікую ўвагу эстэтычнаму афармленню каледжа, яго тэрыторыі, вучэбных памяшканняў. А конкурс заўсёды дазваляе аб’яднаць калектыў, паказаць магчымасці, рэалізаваць творчы патэнцыял», — адзначыла кіраўніца каледжа.

На яе думку, асаблівая каштоўнасць агляду-конкурсу ў тым, што ён стаў агульнай справай педагогаў і навучэнцаў, якая згуртавала ўсіх удзельнікаў. «Падрыхтоўка да любога мерапрыемства — гэта працяглы працэс, дзе важна знайсці баланс паміж патрабаваннямі педагогаў і жаданнямі навучэнцаў. Мы ўмеем слухаць сваіх студэнтаў, вучымся ў іх і самі імкнёмся быць сучаснымі. Таму тое, што сёння маем, — гэта вынік супольнай працы», — падкрэсліла Святлана Андрэева.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Чытайце таксама: Як рыхтуюць спецыялістаў у Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы імя Івана Шчаснага

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю