З клопатам аб людзях і роднай зямлі
Краснаполле — невялічкі раённы цэнтр Магілёўшчыны, сёння ў ім пражывае каля 5,5 тысячы чалавек. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што, зразумела, адбілася на яго эканоміцы. Нездарма ён трапіў у праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, дзе дзейнічае асаблівы прэферэнцыйны рэжым. Тут не азіраюцца назад, а ўпэўнена глядзяць у будучыню. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, будуюцца дамы, нараджаюцца і падрастаюць дзеці.
Сталіца вясёлкавай фарэлі
Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каб людзі, незалежна ад таго, дзе яны жывуць у нашай краіне, мелі працу, годную заработную плату, камфортныя бытавыя ўмовы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

У Краснаполля вялікі патэнцыял для развіцця. Летась райцэнтр стаў сталіцай вытворчасці вясёлкавай фарэлі. Прадпрыемства каля ракі Палуж стала галаўным для яшчэ дзвюх ідэнтычных пляцовак у суседніх Хоцімскім і Чэрыкаўскім раёнах. Да 2028 года тут па прынцыпе замкнёнага цыкла разлічваюць атрымліваць да 2 тысяч тон прэміяльнай чырвонай рыбы ў год і 15 мільёнаў аплодненых ікрынак.
— Чакаем актыўнасці ад інвестараў і сёлета, — кажа намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Святлана СУРЫНА. — Наш раён багаты сельскагаспадарчымі землямі і лясамі, недарагімі аб’ектамі нерухомасці, якія прадаюцца ўсяго за адну базавую велічыню. Ёсць нямала цікавых пляцовак з будынкамі і без іх, практычна ўсе яны абсталяваны воднымі камунікацыямі і электрычнасцю.
У аграгарадку Яноўка, напрыклад, прадаём за адну базавую велічыню вельмі добры, двухпавярховы будынак школы. Непадалёк ад гэтага месца знаходзіцца чыгуначная станцыя. Апроч усяго, раён мяжуе з Расійскай Федэрацыяй, што таксама прывабна для інвестараў. Таму тым, хто да нас прыйдзе, акажам любую дапамогу і падтрымку.

Не горш, чым у горадзе
Адно з месцаў прыцягнення ў Краснаполлі — сучасны шматфункцыянальны ФАК. Акрамя басейна з аквазонай тут ёсць саўна, трэнажорная, універсальная спартыўна-гульнявая зала, залы барацьбы і бокса. Арганізаваны секцыі па плаванні, валейболе, міні-футболе, фітнесе, спартыўным турызме, лёгкай атлетыцы.
— Умовы не горш, чым у горадзе, — усміхаецца дырэктар фізкультурна-аздараўленчага комплексу Юрый ЛАРЫЁНАЎ. — Да нас прыязджаюць і з іншых рэгіёнаў Беларусі, нават з Расіі. Не ўсюды ёсць басейн з аквапаркам, як у нас. Для сем’яў з дзецьмі гэта вельмі зручна. Пакуль адзін з дарослых знаходзіцца ў аквазоне з дзіцем, другі плавае, потым яны мяняюцца. Для школьнікаў у басейне праходзяць урокі фізкультуры, спецыяльныя заняткі арганізаваны для пенсіянераў і інвалідаў.
Юрый Ларыёнаў расказвае, што папулярнасцю ў моладзі карыстаецца секцыя па лёгкай атлетыцы. Яе наведвальнікі маюць магчымасць займацца на розных трэнажорах. Для юнакоў гэта нагода падрыхтаваць сябе да службы ў арміі, для дзяўчат — стварыць прывабную фігуру.

Па вечарах тут можна згуляць у більярд, працуе кавярня, куды вельмі любяць заходзіць пасля басейна наведвальнікі. А яшчэ можна скарыстацца паслугамі камерцыйных арганізацый — зрабіць масаж, перманентны макіяж, прычоску і нават нарасціць валасы. Мясцовыя модніцы не абмежаваныя ў папулярных паслугах.

Усё лепшае — дзецям
Для дзяцей у Краснаполлі наогул створана шмат цікавых лакацый. Спачатку ўвялі ў дзеянне гульнявую пляцоўку на вуліцы Ленінскай, потым прыемная падзея адбылася для юных жыхароў на вуліцы Гагарына. Адкрыцці прайшлі ўрачыста з удзелам кіраўніцтва горада. Арэлі, пясочніцы, горкі — тут ёсць усё неабходнае, каб парадаваць дзяцей. Як паведамілі ў Краснапольскім райвыканкаме, стварэнне дзвюх гульнявых тэрыторый абышлося ў 120 тысяч рублёў. Мантажом займаўся мясцовы «Жылкамгас».

— Мы імкнёмся, каб у кожным кутку раёна ў дзяцей былі камфортныя і бяспечныя ўмовы для адпачынку і спорту, — падкрэслівае начальнік аддзела ідэалогіі Краснапольскага райвыканкама Марыя РАЗГОНАВА.
Будучыня за моладдзю
Па сутнасці, менавіта ад маладых хлопцаў і дзяўчат залежыць будучыня іх малой радзімы. Бо калі не яны, то хто паклапоціцца пра развіццё іх бацькаўшчыны?!

Кацярына ЖЭБІНА якраз з ліку людзей актыўных і неабыякавых. Яна ўраджэнка Краснаполля і пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта працуе інжынерам Краснапольскага лясгаса. Прызнаецца, што прыйшла сюды набрацца вопыту і пасля абавязковай адпрацоўкі засталася. Для моладзі тут створаны прывабныя ўмовы працы. Дарэчы, у жніўні ў лясгасе чакаюць трох маладых спецыялістаў. Яшчэ чатыры прыйшлі працаваць у розныя лясніцтвы.

Кацярына — творчы чалавек і, калі ёсць магчымасць, удзельнічае ў конкурсах. Летась, напрыклад, яна перамагла ў рэспубліканскім конкурсе і стала ўладальніцай тытула «SuperПРОФІ-25» у намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы прыродных рэсурсаў». Адно з яе любімых хобі — спяваць. Кацярына добра ведае рэпертуар Алены Ланской, які блізкі ёй па поглядах на жыццё. А яшчэ яна член партыі «Белая Русь» і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Краснапольскага лясгаса.
— Калі ёсць вольны час, іду ў басейн або гуляю па горадзе, — кажа дзяўчына. — Падабаецца наведваць Маладзёжны цэнтр культуры і вольнага часу «Міраж», дзе часта праходзяць цікавыя мерапрыемствы.
Таксама з разраду актыўных — Дзмітрый і Наталля Сергіевічы, якія сталі пераможцамі раённага конкурсу «Сям’я года — 2026». Яны выхоўваюць чатырох дзяцей, малодшаму яшчэ няма і года, а старэйшаму ў гэтым месяцы споўніцца 11. Наталля ў дэкрэце, а Дзмітрый — старшы інжынер раённага аддзела па НС. Дзмітрый і Наталля прызнаюцца, што камфортна адчуваюць сябе ў невялічкім райцэнтры.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ