У ХХІ стагоддзі мода дыктуе правілы амаль ва ўсіх сферах жыцця. Рэчы, з’явы і нават пачуцці аналізуюцца чалавекам праз прызму актуальнасці, тэндэнцый і эстэтычнай карцінкі. Сумесны выставачны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і галерэі FARBA «Мода. Паміж прыгажосцю і прымусам» разглядае fashion-індустрыю як адну з праяў чалавечай прыроды з супярэчлівымі рысамі: ад прыгажосці і самавыяўлення да празмернага спажывання і экалагічнай катастрофы.
Праекты, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, не з’яўляюцца маніфестам супраціўлення модзе як культурнаму феномену. Наадварот, аўтары спрабуюць адысці ад распаўсюджанай думкі, што мода — штучнае жыццё пад глянцавай вокладкай з невялікім наборам функцый. Яны прапануюць перайсці ад разумення моды як візуалізацыі сацыяльнага статусу да больш шырога погляду.
У сваіх работах удзельнікі праекта разважаюць пра сувязь моды і мастацтва, масавую культуру, крытыкуюць fashion-індустрыю і жорсткія стандарты прыгажосці, якія літаральна знішчаюць індывідуальнасць, закранаюць экалагічны аспект, даследуюць феномен адзення ў культуралагічным, сацыяльным, гістарычным аспектах, расказваюць пра нацыянальную самаідэнтычнасць у модных тэндэнцыях.
Выстаўка не спрабуе дэманізаваць моду як з’яву, а трансліруе ідэю супярэчлівасці гэтай штучнай праявы чалавечай прыроды, яе пазітыўныя і негатыўныя рысы, якія марудна, але ўпэўнена змяняюць светабудову праз пратэст і імкненне да ўнутранай свабоды, неабходнасць з’яўляцца часткай цэлага і адначасова жаданне сепарыравацца дзеля індывідуальнасці.
Быць сабой ці ствараць ілюзію
Сустракае наведвальнікаў маштабны праект «За фіранкай» (куратар Дзіна Даніловіч), які складаецца з аматарскіх фотаздымкаў — адбіткаў у люстэрку. Нерэгламентаваная штодзённасць, жывое «няправільнае» і нявыверанае ўражанне, выява, якая першапачаткова ні на што не прэтэндавала, у тым ліку стаць мастацтвам.
Перад гледачом — сцяна з фотазымкаў «за фіранкай» — штосьці інтымнае і таемнае, як бы схаванае ад чужых вачэй і адначасова выстаўленае напаказ. Ілюзія таго, што вас пускаюць у асабістае, унутранае…
Мэта дадзенага праекта — не паказаць модныя тэндэнцыі ці стыль герояў. Гэта аповед пра чалавека, які фіксуе сваё адлюстраванне, пра яго матывы, абраную самапрэзентацыю і форму, пра магчымасць карэкціраваць рэальнасць, нават калі яна толькі на экране смартфона... Ёсць меркаванне, што гэтае прыняцце штучнасці з’яўляецца сёння агульнай «эстэтычнай стратэгіяй».
Сэлфі з люстэркам — практыка даўняя, якая паходзіць з традыцыі партрэтнага жывапісу. Культуролаг Ганна Перайка лічыць, што вынаходніцтва люстэрка «цалкам змяніла ўсю нашу візуальную культуру». І ў гэтай новай сістэме каардынат чалавек становіцца цэнтрам.
Наведвальнікі могуць далучыцца да практыкі і выбудаваць сваю рэальнасць з дапамогай фіранкі, люстэрка і камеры тэлефона...
Эпоха аднаразовага стылю
Вялікая частка экспазіцыі прысвечана актуальнай праблеме празмернага спажывання і вытворчасці. Незваротныя наступствы чалавечай слабасці ўжо стаяць на парозе, і нам трэба вырашаць: загубіць свет дзеля матэрыяльнага непатрэбнага ці захаваць яго з дапамогай неабходнага духоўнага.
Фотапраект «Тэрыторыя» Андрэя Шчукіна — гэта калекцыя відарысаў, сабраных аўтарам у розны час і ў розных месцах Мінска (стыхійныя рынкі-барахолкі Старажоўкі, Ждановічаў і інш.). Праект з’яўляецца часткай серыі «Barahlo», прысвечанай прасторам-тэрыторыям, звязаным з гандлем ужыванымі рэчамі, якія знікаюць ці ўжо зніклі.
Гэтую незвычайную і разнастайную па сваіх структуры і напаўненні прастору выцеснілі на перыферыю горада буйныя прадпрыемствы, маркетплэйсы і гандлёвыя гіганты. Паўторнае спажыванне рэчаў спрыяе паляпшэнню экалагічнай сітуацыі, таму тэрыторыя, якая на першы погляд з’яўляецца маргінальным складнікам горада, працуе на будучыню, дзе ёсць павага да прыроды, духоўныя каштоўнасці і ўвага да ўнутранага, а не знешняга.
Супраць кансьюмерызму і засілля анлайн-маркетаў выступае Георгій Ляпкін. Яго відэапраект «Papanca&Kama Tanha beginingless collection», створаны з дапамогай штучнага інтэлекту, — гэта незвычайны паказ мод, дзе мадэлі (бабулі, зомбі і нават шкілеты!) ходзяць па подыуме, адзетыя ў «шэдэўры» з сумак, акуляраў, заплечнікаў і абутку, — прыклады сучаснай апантанасці шопінгам. Дызайнеры Мара і Яма паказваюць гледачу, што адбываецца, калі гандлёвыя пляцоўкі захопліваюць наша жыццё.
Ілья Казак прадстаўляе ў экспазіцыі два фотапраекты: «Under pressure» і «Nature morte», якія расказваюць пра тонкія ланцужкі вытворчасці і спажывання, што аплятаюць нашу рэчаіснасць, змяняючы атмасферу і прыцягваючы незваротныя наступствы як нашых, так і чужых выбараў. Аўтар прапаноўвае паразважаць над пытаннямі: як набытае намі вернецца ў ландшафт? Вернецца ўвогуле ці нам трэба замяніць яго сабой?
Праз лёгкі гумар Вікторыя Батан і Андрэй Новікаў даследуюць парадокс спажывання ў праекце «Кансервацыя».
У маленькіх і вялізных слоіках размясціліся рэчы, набытыя з надзеяй «калі-небудзь выкарыстаць». Аднак цяпер яны сталі сімвалам нерэалізаваных планаў, якія запаўняюць прастору, «кансервуюцца» на паліцах шафы і ствараюць ілюзію багатага выбару. Гэта работа пра назапашванне, бясплоднае чаканне, страту сувязі паміж прадметам і яго прызначэннем.
Інсталяцыя «Паглынанне» Анастасіі Акулавай можа напалохаць непадрыхтаванага гледача. Фігура чалавека, сабранага з пластоў адзення з гісторыяй, якое некалі належала іншым, навісае над рэшткамі чужога жыцця. Гэтая выява становіцца метафарай грамадства спажывання, дзе рэчы не проста займаюць прастору, а выцясняюць чалавечыя перажыванні, успаміны і сапраўдныя эмоцыі. Работа нагадвае пра тое, як сляпое імкненне да трэндаў ператварае асобу ў хаатычны архіў чужых выбараў і страчаных каштоўнасцей.
Адпавядаць навязаным стандартам
Яшчэ адной тэмай, якую закранулі ўдзельнікі выстаўкі, стаў уплыў індустрыі прыгажосці на жыццё чалавека, у прыватнасці жанчын. Модныя трэнды датычацца не толькі адзення, упрыгажэнняў і прычоскі. Яны пайшлі далей, і сёння мы бачым, як «эксперты» задаюць трэнды на жаночае цела пэўных форм і памераў. Усе, хто не падыходзіць пад зададзеныя характарыстыкі, становяцца неліквідным таварам на модным кірмашы. Гэта павялічвае сацыяльную няроўнасць, пашырае распаўсюджанне псіхалагічных праблем і перашкаджае развіццю здаровага грамадства.
«Марына» — праект-выклік патрыярхальным канонам прыгажосці, прадстаўлены Аляксандрай Лаўрыновіч.
«У гісторыі мастацтваў ёсць антычны канон жаночай прыгажосці, прыдуманы мужчынамі. Рыба на жаночых нагах — антыканон, у якім змешваюцца стэрэатыпныя жаночыя атрыбуты з чымсьці брыдкім і глыбакаводным. Усе прывыклі, што жанчына прыгожая і гладкая, а тут жахлівы вобраз. У некаторых антычных скульптур адсутнічаюць рукі і галовы, таму я адлюстравала рыбу, каб зрабіць адсылку да гэтага факта», — піша мастачка.
Кранальны і пяшчотны праект Тоні Сідаравай «Усё найлепшае ўва мне» даследуе тэму прыгажосці, цялеснасці і прыняцця сябе. Фотапраект складаецца з серыі калажаў, кожны з якіх падзелены на дзве часткі: фота таго, што гераіням у сабе падабаецца, і таго, што не падабаецца. Подпісаў няма, таму наведвальнікі могуць самі інтэрпрэтаваць вобразы і паразважаць над пытаннямі: можа, усе недахопы бачу толькі я? Чаму нейкія часткі цела хочацца схаваць і адкуль гэта бярэцца? Грунтоўны праект прымушае задумацца на тэму самаацэнкі і ўспрымання прыгажосці.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены прадметы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, што дазваляе пазнаёміцца з развіццём модных тэндэнцый беларусаў з даўніх часоў.
Фота аўтара