— У нашай дзяржаве робіцца ўсё для таго, каб дзеці былі шчаслівымі, а сем’і, дзе яны выхоўваюцца, не адчувалі ніякай патрэбы, — кажа старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка. — Найбольш уразлівая катэгорыя — дзеці з асаблівымі патрэбамі. І задача нумар адзін для ўсіх нас дапамагчы ім. Калі дзіця дрэнна ходзіць, пашукаць магчымасць набыцця каляскі з электрапрыводам. Калі яно дрэнна бачыць, дапамагчы сям’і ўладкаваць асяроддзе яго пражывання так, каб яно было камфортным і бяспечным. Рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» дала нам магчымасць у святочныя дні стаць для дзяцей крыху чараўнікамі. Я таксама, выязджаючы ў сваю акругу, наведваў у Шклоўскім раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу Святланы і Аляксандра Канаваленак, Шклоўскую спецыяльную школу-інтэрнат... У рамках гэтай акцыі Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду, старшынёй якога я з’яўляюся, штогод арганізуе дабрачынны тэлемарафон. Сёлета ён быў адзінаццаты і сабраў дастаткова рэсурсаў. І гэта не толькі грошы. Адгукнуліся людзі, якія прыходзілі і ажыццяўлялі мару канкрэтнага дзіцяці. Дзякуй усім, хто не застаўся абыякавым. Нічога няма лепш на свеце, чым шчаслівая ўсмешка на вуснах дзіцяці.
Нэлі ЗІГУЛЯ