Top.Mail.Ru

Парламентарый з Магілёва Галіна Бяляева — пра работу ў акрузе і захаванне памяці

Праца на вынік

Шмат хто ў Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе № 86 ведае Галіну Бяляеву як крэатыўнага і ініцыятыўнага педагога. З не менш высокай адказнасцю яна працуе і як дэпутат. Шчыльна кантактуе з выбаршчыкамі, актыўна супрацоўнічае з моладдзю, падтрымлівае грамадзянскія ініцыятывы. У Палаце Прадстаўнікоў яна з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Якімі падзеямі напоўнены працоўныя будні парламентарыя, у нашай з ёй размове.

І як дэпутат, і як гісторык

Па падліках Галіны Бяляевай, за апошні год яна падчас стасункаў з працоўнымі калектывамі, у рамках адзіных дзён інфармавання, прыёмаў грамадзян непасрэдна сустрэлася з амаль восьмай часткай сваіх выбаршчыкаў — 8 тысячамі — з 62 тысяч. Але гэта не значыць, што астатнія не ведалі, што робіць іх дэпутат. Яна не прапускае магчымасці выступіць на тэлебачанні, расказваць пра мясцовыя і міжнародныя навіны на радыё, нават у гарадской газеце ў яе ёсць асабістая калонка, дзе яна адказвае на тыповыя пытанні грамадзян.

Яе асабісты нумар тэлефона таксама ні для каго не сакрэт. Успамінае, як літаральна за некалькі гадзін да Новага года ёй паведамілі, што ў двары шматкватэрнага дома няма святла. Няўрымслівая Бяляева паклапацілася, каб яно з’явілася яшчэ да святочнага бою курантаў, тэлефанавала кіраўніцтву «Гарсвятла», прасіла, каб людзей не пакінулі без увагі. Цяпер у рабоце пытанне па адной з магілёўскіх вуліц, дзе трэба адрамантаваць бардзюры і ўстанавіць сметніцы. А нядаўна патэлефанавалі магіляўчане, якія бачылі яе праекты па рэканструкцыі пахаванняў вядомых людзей, прапанавалі дапамогу. Яны хочуць аднавіць дзве магілы пачатку ХХ стагоддзя: палкоўніка царскай арміі і яго дачкі. Наогул, яе праект «Імя на камені» шмат каго натхніў. Летась у яго рамках атрымалася аднавіць без адзінай капейкі з бюджэту, але з фінансавай і фізічнай падтрымкай гараджан і арганізацый 12 помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. У рамках гэтага праекта адбылося і аднаўленне пахаванняў знакамітага магілёўскага роду Гартынскіх, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё горада. Да ініцыятывы далучылася абласная арганізацыя рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь», членам якой з’яўляецца дэпутат.

Аднойчы да Галіны Бяляевай звярнулася жанчына, якая папрасіла дапамагчы знайсці магілу яе дзеда-партызана. Паведаміла, што ёсць інфармацыя, дзе ён пахаваны, але на тым месцы помнік ахвярам генацыду.

— Я пачала шукаць дакументы і высветліла, што ў гэтым месцы пахаваныя 379 чалавек, 20 з якіх партызаны і антыфашысты, — расказвае суразмоўніца. — У тым ліку і дзед гэтай жанчыны. Цяпер на гэтым месцы ўстаноўлены памятныя дошкі.

Справай гонару стала ўшанаванне памяці Героя Савецкага Саюза Мікалая Яшына. У Магілёве ёсць мост, які магіляўчане называюць яго імем. На ім устаноўлена памятная дошка, але, як высветлілася, афіцыйнага дакумента аб найменні не існуе. Дэпутат звярнулася ў тапанімічную камісію з прапановай аформіць гэты факт дакументальна. Спадзяецца, што рашэнне будзе прынята на карысць справе. Сёлета ў планах дэпутата добраўпарадкаваць у Магілёве пахаванне Мікалая Мандэльштама, які шмат чаго зрабіў для сістэмы аховы здароўя Беларусі, адкрыў больш чым 40 бальніц. Да справы далучыліся супрацоўнікі медустаноў Магілёва, выкладчыкі і студэнты медкаледжа, раней вучылішча, якое заснаваў гэты ўрач. Працэс аднаўлення, лічы, пачаўся.

Дапамагаем, папулярызуем...

Дэпутат разам з калегамі па парламенце курыруе сем’і, дзе жывуць хворыя дзеці, наведвае з дабрачыннымі акцыямі бальніцы, пансіянаты. Плённа супрацоўнічае ў гэтым кірунку з калегай па Палаце прадстаўнікоў Наталляй Тарасенка.

— Стараемся па меры сіл дапамагчы дзеткам з хоспіса, пастаянна наведваем Расцянскі сацыяльны пансіянат «Прыазёрны», дзе жывуць людзі сталага веку і інваліды, — кажа Галіна Бяляева. — Жыхары «Прыазёрнага» займаюцца хэнд-мэйдам, і мы збіраем для іх неабходны матэрыял — ніткі, пацеркі, драўляныя палачкі. Неабыякавыя людзі ахвотна падтрымліваюць нас у добрых справах, пытаюцца, чым і калі могуць дапамагчы. Мы прапаноўваем падпісвацца на наш канал у сацыяльных сетках, дзе перыядычна размяшчаем аб’явы з заклікам дапамагчы. Працуе, дарэчы, вельмі эфектыўна.

Разам з прадстаўніцай Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Анастасіяй Пракапцовай і карэспандэнтам гарадской газеты Ганнай Сташкевіч Галіна Бяляева рэалізоўвае праект «Мы ў справе». Мэта — папулярызацыя сярод моладзі рабочых прафесій.

— Знаходзім маладых людзей, якія сваёй дзейнасцю могуць запаліць любога, — адзначае дэпутат. — Запомніўся цікавы зваршчык з «Магілёўхімвалакно», які прызнаўся, што ўдзельнічаў у розных конкурсах не толькі дзеля перамогі, а перш за ўсё для таго, каб падглядзець цікавыя ідэі. Ён сапраўдны віртуоз справы. Нельга не захапіцца такой моладдзю.рабіць справу якасна

Суразмоўніца прызнаецца, што выбаршчыкі не заўсёды выразна разумеюць, чым адрозніваюцца абавязкі парламентарыя і дэпутата мясцовых Саветаў. І пра гэта яна таксама расказвае пры сустрэчах.

Пастаянная камісія па міжнародных справах шчыльна супрацоўнічае з прадстаўнікамі іншых краін, а гэта наўпрост датычыцца такіх важных пытанняў, як мір на зямлі, наладжванне кантактаў, дыверсіфікацыя рынкаў.

— У памяці заўсёды ўстаноўка Прэзідэнта, што сустрэча павінна быць не дзеля сустрэчы, галоўнае — вынік, — падкрэслівае Галіна Бяляева. — Адчуваеш задавальненне, калі перагаворы прайшлі паспяхова і ёсць разуменне. Калі па тэлебачанні гучаць фразы пра дынаміку міжнародных адносін, гэта сведчыць пра тое, што вядзецца работа па ўстанаўленні гандлёвых сувязяў і напаўненні нашага бюджэту, пошуку прыхільнікаў на міжнароднай прасторы. Кожны прыхільнік — гэта голас за нашу краіну. Вельмі ганаруся, што па выніках мінулага года наша невялікая па фармаце і насельніцтве дзяржава ўваходзіла ў трыццатку самых уплывовых краін свету. Каб так і заставалася далей, кожны з нас павінен сумленна працаваць на сваім месцы і рабіць справу якасна. Тады і вынік будзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю