Top.Mail.Ru

Пашпарты гатоўнасці ўжо зацверджаны ў пераважнай колькасці ўстаноў адукацыі

Беларускія школы максімальна гатовы да новага навучальнага года, заявіў намеснік міністра адукацыі Уладзімір Даўжанкоў. 



Справа дзяржаўнай важнасці

— Да 17 жніўня было зацверджана 85 % пашпартоў гатоўнасці. Гэты дакумент пацвярджае адпаведнасць установы адукацыі патрабаванням заканадаўства. Пры гэтым гаворка ідзе аб комплекснай гатоўнасці школ: улічваецца стан збудаванняў, матэрыяльнай і тэхнічнай базы, укамплектаванасць мэбляй, падручнікамі, метадычнай літаратурай, педагагічнымі кадрамі. Зацвярджэнне пашпартоў гатоўнасці ідзе ў адпаведнасці з устаноўленым графікам, і ўсе ўстановы адукацыі, якія павінны адкрыцца да 1 верасня, у гэты дзень і адкрыюцца.

Па яго словах, выключэнне складаюць толькі дзве школы, у якіх у новым навучальным годзе працягнецца капітальны рамонт. Таму некаторы час атрымліваць веды вучні гэтых школ будуць у іншых памяшканнях.


Уладзімір Даўжанкоў падкрэсліў, што падрыхтоўка школ да новага навучальнага года — адна з найважнейшых задач, якая стаіць не толькі перад Мінадукацыі, але і перад іншымі ведамствамі і строга кантралюецца з боку дзяржавы:

— На падрыхтоўку школ да новага навучальнага года быў накіраваны 341 мільён рублёў з мясцовых бюджэтаў. 130 мільёнаў было выдзелена на капітальны рамонт школ — яго зрабілі ў 126 установах адукацыі. Супастаўная сума пайшла на бягучы рамонт. На падрыхтоўку харчблокаў, якая ўключае рамонт і набыццё тэхналагічнага абсталявання, было выдзелена 10 мільёнаў рублёў.


Што датычыцца арганізацыі адукацыйнага працэсу, ніякіх змяненняў у параўнанні з мінулым навучальным годам не прадугледжана, адзначыў намеснік міністра:

— Мы ўступаем у 2026-2027 навучальны год са стабільнай, ужо адпрацаванай і ўсімі зразумелай нарматыўнай прававой базай. Асноўныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу захаваны. Ад нас патрабуецца адно — забяспечыць якасную і бяспечную адукацыю.


Праекты і «пілоты»

Мы ўжо падрабязна інфармавалі чытачоў «Звязды» аб абноўленых навучальных праграмах і новым падручніку. Расказалі і пра тое, што вучні 8-га класа з гэтага года пачнуць вывучаць тэхналогіі штучнага інтэлекту. І пра тое, што ў новым навучальным годзе трэцім урокам фізічнай культуры і здароўя стануць гульнявыя віды спорту. Таксама гаварылі аб новым праекце для васьмікласнікаў па паглыбленым вывучэнні матэматыкі, фізікі, хіміі і біялогіі. Надышоў час расказаць пра зусім новы пілотны праект, дзякуючы якому не толькі школы, але і наша сістэма адукацыі ў цэлым зробіць вялікі крок наперад.

— Больш за 300 школ краіны з 1 верасня пераходзяць на работу ў аўтаматызаванай сістэме «Электронная школа», а больш за 60 устаноў дашкольнай адукацыі — у сістэме «Электронны дзіцячы сад», — падзялілася навіной дырэктар галоўнага аналітычнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі Аксана ДАВЫДОЎСКАЯ. — І гэта не проста замена паперы на электронную сістэму. Гаворка ідзе аб стварэнні камфортнага асяроддзя, дзе кожны ўдзельнік працэсу — ад вучня да дырэктара — атрымлівае інфармацыю ў адзін клік.


Што ж зменіцца, калі гэтыя праграмы будуць уведзены?

— Зменіцца многае. Для вучняў — больш ніякіх забытых дзённікаў або страчаных запісак ад педагога, — канстатавала Аксана Іванаўна. — Для настаўнікаў — электронны журнал дазволіць імгненна выстаўляць адзнакі, адзначаць пропускі і фіксаваць тэму заняткаў. Для кіраўнікоў гэта — аператыўны доступ да аналітыкі і статыстыкі, які дапаможа прымаць рашэнні ў рэжыме рэальнага часу.

Аксана Давыдоўская таксама дадала, што пераход на лічбу патрабуе шмат часу і пэўных навыкаў, таму ўдзельнікі пілотнага праекта будуць актыўна падтрымлівацца.


Канструктар для настаўніка

Спецыяліст Мінадукацыі падзялілася яшчэ адной добрай навіной — з 25 жніўня запрацуе абноўленая версія даных адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу Міністэрства адукацыі. Што зменіцца для педагогаў у параўнанні з папярэдняй версіяй?

— Цяпер настаўнік — гэта не проста транслятар ведаў, а сапраўдны архітэктар навучальнага працэсу, — растлумачыла Аксана Давыдоўская. — Для яго мы стварылі канструктар, які дазваляе збіраць унікальныя ўрокі з гатовых лічбавых блокаў. Можна хутка скампанаваць сцэнарый заняткаў, падабраць тэсты для падрыхтоўкі і кантрольнай работы, стварыць яркую прэзентацыю.


Сістэма дазваляе прызначаць лічбавыя хатнія заданні. Пры гэтым настаўнік можа гнутка наладжваць складаныя задачы, падбіраць іх узровень пад кожнага канкрэтнага вучня. Акрамя таго, педагогі змогуць загружаць сістэму ў свае аўтарскія напрацоўкі, ствараючы асабістую бібліятэку якаснага кантэнту.

— Школьнікам лічбавае асяроддзе дапаможа вучыцца ў сваім тэмпе, — дадала дырэктар цэнтра. — Калі дзіця прапусціла ўрок па хваробе, яно не выпадзе з працэсу навучання. Можна лёгка знайсці патрэбны сцэнарый заняткаў і вывучыць матэрыял самастойна. А яшчэ сістэма выдатна падыходзіць для падрыхтоўкі да іспытаў па індывідуальным плане.

Алена ВІНАГРАДАВА

На фота Віктара Іванчыкава — інтэр’еры дзвюх новых школ, якія 1 верасня адчыняць свае дзверы для юных жыхароў Смалявічы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю