Top.Mail.Ru

Паштальён са Слаўгарада Святлана Шэдава адзначана на рэспубліканскім узроўні

На абслугоўванні паштальёна мотадастаўкі Слаўгарадскага ўчастка паштовай сувязі Святланы Шэдавай 17 населеных пунктаў і дзве гарадскія вуліцы ў райцэнтры. 


Кліенты паважаюць яе за дабрыню і ветлівасць, калегі — за надзейнасць і шчырасць, а кіраўніцтва цэніць за адказнасць і выканальнасць. Жанчына мае шмат падзяк і ганаровых грамат, а сёлета фота Святланы размешчана на Дошцы гонару РУП «Белпошта». Высокую ацэнку яна атрымала за свае прафесіяналізм, адданасць рабоце і добрыя паказчыкі.

У паштовай справе суразмоўніца ўжо больш за 20 гадоў. З усмешкай кажа, што прыйшла пасля дэкрэтнага водпуску падмяніць на месяц прадаўца паштовых тавараў, а засталася на дзесяцігоддзі. Працавала на розных пасадах, але вельмі палюбіла абавязкі паштальёна.

— Гэта вельмі высакародная справа, — лічыць яна. — Спяшаешся да людзей, яны цябе чакаюць, прымаюць як роднага чалавека.

На яе ўчастку работы пражывае каля 700 чалавек. У кожнага кліента свой заказ. Каму трэба тавар прывезці, каму — пенсію, каму — карэспандэнцыю. У блакноце паштальёна ўсё распісана. Раніцай разам з вадзіцелем загружае неабходным таварам паштовую «Газель» — і наперад. Не адзін дзясятак кіламетраў трэба праехаць, каб паўсюды паспець. Вяртаешся ўжо без сіл, але задаволеная. Пасля водпуску наогул выходзіш на работу як на свята. Паспяваеш засумаваць па сваіх кліентах: як яны там? Людзі заўсёды дзеляцца праблемамі. За гады працы кантакт наладжаны не толькі з гаспадарамі сядзіб, але і з іх дзецьмі.

Цяпер яна ўсіх ведае ў твар, многіх па імёнах. А калі толькі пачынала працаваць, здараліся кур’ёзныя гісторыі. Аднойчы перад Новым годам павезла паштоўку ў адну вёску, а машына за паўтара кіламетра да яе захрасла. Спатрэбілася ісці да адрасата па высокім снезе і пад завыванне завірухі. Прыйшла і з палёгкай канверт падае. А чалавек глядзіць і кажа: «Не, гэта мой цёзка па прозвішчы. Ён у другім канцы вёскі жыве». Прыйшлося паштальёну-пачаткоўцы яшчэ кіламетры тры прайсці. На вёсках наогул шмат людзей з аднолькавымі прозвішчамі. Пакуль налаўчылася іх адрозніваць, нярэдка блыталася. Цяпер такіх праблем няма.

Вось толькі лістоў ды паштовак стала нашмат меней. За апошнія 20 гадоў асартымент істотна памяняўся. У пачатку двухтысячных народ яшчэ вёў актыўную папяровую перапіску, шмат газет ды часопісаў выпісваў. Сёння ў сумцы паштальёна больш афіцыйнай карэспандэнцыі. Паменела газет і часопісаў. Святлана Іванаўна ў гэтым кірунку вельмі сур’ёзна працуе. І вынік ёсць. Падпісчыкаў у яе каля 500. Некаторыя адразу на 150-200 рублёў афармляюць дастаўку розных выданняў.

— Газета — надзейная крыніца інфармацыі, — аргументуе суразмоўніца. — Там няма ніякіх фэйкаў, толькі праўдзівыя навіны. Старыя людзі добра гэта разумеюць і пагаджаюцца са мной. Прапаноўваю адразу па чатыры-пяць газет выпісваць, дзве — гэта ўжо вельмі сціпла.

Сяргей Іванавіч Мяшкоў з Бязуевіч, напрыклад, заўсёды «Звязду» замаўляе.

Работа паштальёна толькі збоку здаецца простай, насамрэч трэба шмат чаго ведаць і ўмець. Раней усе заказы афармляліся ўручную, цяпер цалкам электроннае абслугоўванне.

На зарплату паштальён не скардзіцца. Жартуе: «Наша зарплата ў нашых нагах». Чым больш людзей абыдзеш, тым больш і заробіш. Дадатковая сума набягае за выслугу, плюс прэміяльныя. А калі ёсць задаволенасць работай, то і настрой добры.

Святлана Шэдава прызнаецца, што праца апошнім часам стала нашмат лягчэйшай. Добрыя дарогі з’яўляюцца не толькі паміж буйнымі гарадамі, але і да аграгарадкоў, вёсак. Цяпер і зімой ужо не праблема дабрацца да самага аддаленага адрасата. «Ва ўсім адчуваеш клопат дзяржавы, — кажа жанчына. — Наш раён апошнім часам не пазнаць. Мост праз Сож пабудавалі, сам Прэзідэнт яго адкрываў! На Блакітнай крыніцы прыгажосць навялі. Турысты да нас едуць аўтобусамі. А колькі аграсядзіб з’явілася! І ўсе запатрабаваныя. Я ўжо не кажу пра тое, што ва ўсёй Беларусі выключны парадак і бяспека. Калі едзеш з якой-небудзь іншай краіны і перасякаеш мяжу, на сэрцы такая палёгка з’яўляецца і радасць — усё, ты дома, тут табе нічога не пагражае. Нам трэба ўсё гэта цаніць і берагчы. І працаваць на сумленне. Тады нам ніхто страшны не будзе».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Святланы ШЭДАВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю